Skip to main content
Вядучыя беларускія і замежныя даследчыкі абмеркавалі апошнія трэнды ў міграцыі і візавых рэжымах
Каст 05

Вядучыя беларускія і замежныя даследчыкі абмеркавалі апошнія трэнды ў міграцыі і візавых рэжымах

Тэма візаў і міграцыі гучала ў час пятага Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Пры падтрымцы кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!» восем навукоўцаў і экспертаў з Беларусі, Літвы і Польшчы прадставілі свае даследаванні на тэму мабільнасці, міграцыі і візавых рэжымаў.

Міграцыя і людская мабільнасць  гэтыя тэмы сёлета былі ў фокусе даследчыкаў рэгіёну, калі меркаваць па выніках выступаў на Кангрэсе. Пакуль дзесяткі і сотні тысячаў уцекачоў даволі хаатычна перамяшчаюцца з Паўднёвай у Заходнюю ў Паўночную Еўропу, міграцыйныя працэсы вакол Беларусі таксама адчуваюць трэнды часу.

 

Сапраўдныя лічбы міграцыі з Беларусі невядомыя

Як адзначылі навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, а таксама Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS), працоўная міграцыя з Беларусі, найперш у накірунку Расіі, зазнала спад праз эканамічны крызіс. Аднак дакладную колькасць тых, хто з беларусаў усё яшчэ працуе за межамі краіны, а хто вярнуўся назад, назваць не так лёгка праз адсутнасць дакладнай статыстыкі. Зарэгістраваная міграцыя  «толькі верхавіна айсберга»,  кажуць навукоўцы.

Святлана Ліхачова з Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэту адзначыла, што большасць беларусаў сярод тых, хто жыве ва ўсходніх абласцях краіны, не цікавіцца вандроўкамі ці міграцыяй за мяжу. Але тыя, хто гатовыя выехаць часова ці на ўвесь час  гэта найчасцей мужчыны сярэдняга ўзросту, якія жывуць у адносна невялікіх паселішчах. На працу за мяжу хутчэй адправяцца тыя, хто не мае вышэйшай адукацыі.

Чаму бягуць уцекачы?

Марта Ярашэвіч з Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў у Варшаве раскрыла некалькі прычынаў узрослых памераў міграцыі ў Еўрапейскі звяз з краін Блізкага Усходу і Афрыцы. Напрыклад, кошт дарогі з Турцыі ў Вугоршчыну  каля 3 000 еўра. «Для большасці сірыйскіх мігрантаў, траціна якіх маюць вышэйшую адукацыю, гэта не вельмі вялікія грошы»,  кажа Марта.

Што цікава, беларусы не застаюцца ў баку і ад гэтых трэндаў. Штогод палітычны прытулак у ЕЗ просіць болей за 1 000 беларусаў, і звязана гэта найперш са зменамі ў памеры сярэдняга заробку ў нашай краіне, кажа Андрэй Елісееў з BISS.

Пры гэтым ў краінах ЕЗ жыве 100150 тысячаў беларусаў. І візы не з’яўляюцца вялікай перашкодай для іхняй міграцыі.

Візы для беларусаў адменяць няхутка

У сувязі з усплёскам міграцыі ў ЕЗ, «візавая палітыка цяпер ужо няважная»,  кажа спадарыня Ярашэвіч. «Цяпер вам ужо трэба даказваць не тое, што беларусы не будуць нелегальна міграваць, а тое, што праз вашу краіну не будуць міграваць грамадзяне іншых краін».

Даследчыкі адзначылі таксама тое, што працэс перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ зацягваецца. Звязана гэта як з турботамі звычайных грамадзян ЕЗ звязаных з нелегальнай міграцыяй, гэтак і з адрознымі пазіцыямі афіцыйнага Мінска і Бруселя. У прыватнасці, беларускія афіцыйныя ўлады адмовіліся падпісваць дамову з ЕЗ праз іх жаданне ездзіць у ЕЗ па дыпламатычных пашпартах без візы. У адказ краіны ЕЗ заявілі, што такія пашпарты мусяць быць біяметрычныя дадзеныя, якія цяпер у Беларусі проста не робяць. Што да поўнай адмены візаў для беларусаў, яна можа адбыцца, як мяркуе большасць экспертаў, не раней як праз 7 гадоў.

Паломнікі за візамі

Даследаванне Вольгі Сасункевіч з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту выявіла нечаканыя каналы атрымання шэнгенскай візы. Напрыклад, з далучэннем Польшчы да шэнгенскай прасторы значна вырасла колькасць тых гарадзенцаў, што жадаюць адправіцца ў паломніцтва ў гэтую краіну, і пад падставай паломніцтва атрымліваюць шэнгенскія візы. Даследчыца звязала гэта з жаданнем жыхароў Заходняй Беларуссю карыстацца візамі не толькі ў рэлігійных мэтах.

Навукоўцы і эксперты адзначылі, што яны збіраюцца працягнуць даследаванні ў накірунку мабільнасці, міграцыі і візаў.

Пяты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі праходзіў у Коўне і сабраў лепшых вядучых навукоўцаў з амаль 20 краін, што вывучаюць Беларусь.

Аўтар Алесь Герасіменка для Novisa.by