Skip to main content
Беларусы атрымалі магчымасць вандраваць па ЕС без візы
Май 11

Беларусы атрымалі магчымасць вандраваць па ЕС без візы

 

Дзякуючы кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» 5 чалавек займелі магчымасць пабачыць сябе сярод недаступных еўрапейскіх цікавостак. Яшчэ 9 атрымалі каштоўныя падарункі ад кампаніі. І ўсё гэта ў межах акцыі «Беларус у канверце».

«Наша акцыя „Беларус у канверце“ стартавала 1-а лютага ў VK. Асноўнай яе мэтай было прыцягнуць увагу людзей да вырашэння візавай праблемы ў нашай краіне, а таксама падняць усім настрой напярэдадні вясны», — кажа адна з арганізатарак акцыі Настасся Шыркіна.

Пачалося ўсё з набору ўдзельнікаў. А ўжо 10 лютага з іх былі выпадкова абраныя 11 чалавек: траіх узнагародзілі фірмовымі магніцікамі, трое сталі ўладальнікамі бязвізавых цішотак. А астатнія пяцёра атрымалі магчымасць патрапіць у Еўрапейскі саюз без візы.

Адправіць беларусаў за мяжу арганізатарам акцыі дапамагла звычайная пошта.

«Прыйшла чарга ліставання: пяць беларусаў, а дакладней іх здымкі, занялі свае месцы ў канвертах і паляцелі. Такім чынам нашыя бязвізавыя падарожнікі завіталі ў Экюлі (Францыя), Амстэрдам (Нідэрланды), Штутрарт (Германія), Вільню (Літва) і Жэневу (Швейцарыя)», — кажа Настасся.

У кожным з гэтых месцаў беларусаў чакала фотасесія, якая і была ідэяй акцыі — удзельнікі атрымалі здымкі саміх сябе на фоне розных еўрапейскіх гарадоў.

Арганізатары акцыі спадзяюцца, што хутка ўсе беларусы атрымаюць магчымасць падарожнічаць у Еўрапейскі саюз без візы не толькі ў канвертах.

Вынікі акцыі можна пабачыць на старонцы кампаніі Без візы ў VK.

Далучайся да новага этапу акцыі. Падрабязнасці тут.