Skip to main content
Беларускія і літоўскія музыкі выступілі супраць візавых абмежаванняў
снеж 01

Беларускія і літоўскія музыкі выступілі супраць візавых абмежаванняў

 

У  Мінску прайшоў круглы стол беларускіх і  літоўскіх музыкаў, на якім  творцы выказалі сваё стаўленне да візавых абмежаванняў, а таксама  абмеркавалі магчымыя шляхі іх пераадолення.

У  межах дыскусіі была прэзентаваная кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ  ВІЗЫ!”. Па словах яе каардынатараў, Беларусь павінна больш актыўна  імкнуцца да палягчэння візавага рэжыму з ЕС.

Літоўскія  музыкі былі запрошаны ў сталіцу  Беларусі дзеля ўдзелу ў сумесных  майстар-класах і канцэрце, што прайшоў у клубе LOFT. Сярод удзельнікаў  абмену былі вядомыя літоўскія, брытанскія і ўкраінскія ды-джэі Mark  Splinter, Vaiper і Younnat, а таксама беларускія музыкі: i/dex, East  Soul Person і Deech.

Па  словах музыкаў, адна з найбольш непрыемных праблем у справе культурных  абменаў – падрыхтоўка запрашэнняў для замежных удзельнікаў сумесных  праектаў. Многія арганізацыі, што займаюцца супольнымі культурнымі  праектамі, не маюць рэгістрацыі, а таму не могуць афіцыйна запрасіць,  напрыклад, літоўскіх альбо польскіх партнёраў у Беларусь. Часта гэта  працэдура спалучаная з дадатковымі бюракратычнымі і фінансавымі  перашкодамі.

“Просты,  звычайны абмен інфармацыяй, досведам, сяброўскія сустрэчы музыкаў,  журналістаў, пісьменнікаў ускладненыя візавымі абмежаванні. Хацелася б,  каб такія кантакты адбываліся ў першую чаргу на персанальным узроўні, не  толькі праз Інтэрнэт”, — лічыць вядомы літоўскі ды-джэй Томас Фінгалік.

“Пасля  таго, як Літва ўвайшла ў Шэнгенскую прастору, многія культурныя рэчы  пачалі прыходзіць у нашу краіну нашмат хутчэй, нам стала прасцей клікаць  да сябе любімых і жаданых гасцей з іншых краін. Ды проста сесці на  машыну і паехаць па Еўропе – каму гэтага не хочацца?” – кажа віленскі  электронны музыка Vaiper.

“У  складзе літоўскага хору хлопчыкаў у мяне атрымалася паездзіць амаль па  ўсім свеце, і ў кожную краіну я трапляў без візы. Адзіным выключэннем  была Японія”, — кажа літоўскі музыка, які прызнаецца, што баіцца  наступны раз не атрымаць беларускую візу. На яго думку, “вельмі часта з  абмежаваннямі ўезду сутыкаюцца менавіта тыя людзі, што праяўляюць  актыўнасць у падтрымцы іншых”.

На  думку  ўдзельнікаў стала, не варта баяцца “адкрытых межаў”: іміграваць  можна  ў любы момант незалежна ад візавых абмежаванняў:

“Чалавек   мусіць мець права рэалізаваць сябе там, дзе хоча. Чалавек мае права   вярнуцца з-за мяжы, але для гэтага яму патрэбна каб там, адкуль ён  з’ехаў, была магчымасць для працы крэатыўнай асобы. Калі творчаму  чалавеку будзе  цікава і добра тут, то ён вернецца”, — упэўнены  беларускі культуролаг Максім Жбанкоў (на фота).

Па  словах Мар’яны Ільіной, каардынатаркі  арганізацыі By Watch (Вільня),  што ўваходзіць у кааліцыю “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”, спрашчэнне  візавых абмежаванняў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам не за гарамі:

“Існуе   міф, што адмяніць візы немагчыма. Але  гэта не так. Зараз у структурах  Еўрасаюза  ідуць кансультацыі на прадмет таго, каб спрасціць візавыя  абмежаванні  для беларусаў. Але для таго, каб  гэты праект рухаўся,  неабходна, каб людзі ў Беларусі выступалі супраць візавых абмежаванняў.  Ведаючы сітуацыю зараз, я вельмі спадзяюся, што ў хуткім часе вы зможаце  прыязджаць у Вільню і рабіць уласныя майстар-класы без візавых  абмежаванняў”, – кажа М. Ільіна.

9f7763d5a283-449x300

Культуролаг Максім Жбанкоў за падарожжы без візы!