Skip to main content
Самаход у Гродна: працягваючы тур па Беларусі
жнів 17

Самаход у Гродна: працягваючы тур па Беларусі

Працягваючы свой тур па Беларусі, у Гродна 24 мая ўпершыню прайшоў фестываль «Самаход-2015». Усе жадаючыя мелі магчымасць паўдзельнічаць у серыі лекцый аб візах, мабільнасці і падарожжах, даведацца пра самую важную інфармацыю аб тым, як спланаваць бюджэтнае, але вельмі займальнае падарожжа ў любы куток планеты пешшу, аўтаспынам, на самалёце або нават на байдарках.

Адкрыць для сябе новыя краіны вельмі проста, а што для гэтага трэба, можна было даведацца на фестывале «Самаход-2015» 24 мая ў Гродна.

Фестываль пачаўся з прэзентацыі ўдзельнікаў міжнародных праграм EVS і Workcamps, якія распавялі пра міжнароднае кароткатэрміновае і доўгатэрміновае валанцёрства, а таксама пра нефармальную адукацыю для беларусаў як альтэрнатыўную магчымасць убачыць свет.

 

Спікерамі, якія працягвалі фестываль далей, сталі актыўныя падарожнікі Наста Шыркіна, Вольга Шылейка, Таццяна Кісель і Сяржук Місюкевіч. Яны паведамілі пра бюджэтныя падарожжа, лаўкост-пералёты і каўчсёрфінг, падзяліліся сваімі назіраннямі і карыснай інфармацыяй, прадэманстравалі на асабістым вопыце, як падарожнічаць шмат за малыя грошы.

Заўзятая вандроўніца Вольга Кастылюк навучыла збіраць багаж для падарожжаў (ад паходнага заплечніка да валізак для лаўкостаў), распавяла пра сакрэты, як нічога не забыць, як палегчыць сваю ношу і зэканоміць грошы на багажу, з якімі праблемамі сутыкаюцца вандроўнікі, і як іх вырашаць.

Але трапіць у самалёт, калі няма візы, немагчыма.

Алена Каховіч распавяла пра арганізатара фестывалю  кампанію «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!» Novisa.by, а Галіна Старажылава, як звычайна распавядала пра шэнгенскія візы і краіны, куды яны адчыняюць дзверы. Асобна яна адзначыла, что пасля 23 чэрвеня пры падачы дакументаў на шэнгенскую візу трэба будзе абавязкова здаваць адпячаткі пальцаў у амбасадзе.

Далей слухачы пачулі цікавую інфармацыю пра трэкінг і пешые падарожжа: крочачы па розных краінах. Візы не перашкода для частых падарожжаў. Карысныя практычныя парады па выбары маршруту, падрыхтоўцы да паходаў і важную інфармацыю пра спецыфіку розных краін адкрыў арганізатар пешых паходаў гід-правадыр Сяргей Місюкевіч.

А ўсё пра водныя паходы і спартыўны турызм за мяжой і ў Беларусі расказаў эксперт у галіне воднага турызму Юрый Данілаў, які прэзентаваў турыстычны клуб«Крок».

А вось як зэканоміць ў падарожжах на ўсім і пры гэтым шыкоўна адпачыць, ведае Павал Грыбоўскі. Ён прадэманстраваў уласныя відэа з каментарамі ад няўрымслівага вандроўцы. У той жа час Іван Шыла удакладніў, што мінусы і свае недахопы ёсць і ў каўчсёрфінга і аўтаспыну.

Наступным лектарам стаў Яўген Ціхановіч, які прэзентаваў розныя канцэрты і фэсты з візавай падтрымкай. А таксама натхніў усіх прысутнячых на музычныя падарожжы.

У перапынках паміж прэзентацыямі ўсе жадаючых маглі прыняць удзел у конкурсах і выйграць прызы ад кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!». Таксама ўсе жадаючыя, як дзеці, так і дарослыя, з задавальненнем расфарбоўвалі шпакоўні.

Фестывальную праграму працягнуў канцэрт гарадзеньскіх музыкаў  гурт «Dzieciuki».

Больш фатаграфій з «Самахода ў Гродна» можна паглядзець у сацыяльных сетках кампаніі «Ў Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!»:

ФБ

ВК

Сваімі ўражаннямі пасля мерапрыемства падзяліліся арганізатары і спікеры.

Іван Шыла: «Я першы раз быў часткай, вельмі ўмоўнай, канешне, але часткай кампаніі «Без візы». І першае крутое ўражанне  цэлая каманда, як дэсант, высаджваецца ў Гародні. Вы прыязджаеце і маеце можа больш празаічныя мэты, чым ратаванне свету, але пачуццё прыналежнасці і адной справы забаўная. Не ведаю, ці адчуваюць нешта падобнае будаўнікі ў камандзіроўках, але спадзяюся, што так. Цяжкі пад’ём раніцай  мы ж маладая каманда і ноччу брэйнстормілі і глядзелі фінал «Еўрабачання». Файна гэта рабіць з людзьмі, якія часта вандруюць і могуць дзяліцца сваімі ўражаннямі ад краінаў і адпаведна, быць экспертамі. Ніхто асабліва нічога не спрагназаваў. Хацяяк і нашыя эканамісты-эксперты. Далей сам фестываль. Я, па-шчырасці, здзіўлены, што ў часы, калі ўсё гугліцца, людзі ходзяць на такія мерапрыемствы. Але ходзяць. І з імі трэба больш працаваць, бо, думаю, шукаюць яны не столькі веды, колькі аднадумцаў і кампанію. Нармальны такі гарадскі сацыяльны фільтр. Мая тэма супярэчыць тэме майгосябра-калегі. Ён пра аўтаспын? Я пра яго мінусы. Ён пра каўчсёрфінг  я пра круты досвед у хостэлах. Толькі што са сметніцаў я еў і моднае слова «фрыганства» ведаю. Рэагавала аўдыторыя дзіўна, але тое праз маю сціпласць і кепскія здольнасці абыходжання з мікрафонам. Ці з-за маёй пазіцыі  ныў і скардзіўся на неўдачы ў падарожжах. А можа і тое, і іншае. Хаця, пасля адна дзяўчына мне напісала, хацела пазнаёміцца, пераконвала, што мае ідэі ёй блізкія. Хачу верыць».

Галіна Старажылава: «У Гродна «Самаход» быў упершыню, таму Мінск і Гродна я параўноўваць не магу па шматлікіх прычынах. Публіка была актыўная, не толькі задавалі пытанні, але і дзяліліся сваім вопытам. Потым пасля майго выступу людзі падыходзілі да мяне, высвятлялі цікавыя ім нюансы, расказвалі пра свае пережыванні и турботы. Было прыемна адчуваць, што мы робім карысную справу. Хачу скарыстацца момантам і передаць прывітанне (ну, не зусім прывітанне). Карацей, да мяне падыходзіла адна дзяўчына і я абяцала падзяліцца з ёй спасылкамі на сайты, дзе можна замаўляць індывідуальныя экскурсіі. Але я згубіла яе кантакты, запісаныя на сурвэтку! Таму паспрабую напісаць тут. Магу параіць два анлайн-сервісы excursiopedia.com і tripster.ru (з мясцовымі гідамі-аматарамі). А яшчэ ў некаторых хостэлах самі іх работнікі праводзяць экскурсіі».

Воля Шылейка: «На гарадзенскім «Самаходзе» я распавядала пра каўчсёрфінг. Сярод публікі было некалькі вельмі дасведчаных у падарожжах людзей. Мяне асабіста парадаваў лектар, які распавядаў пра водныя падарожжы, а таксама тое, што былі дзеці. І сумна ім не было: яны расфарбоўвалі шпакоўні. Вельмі шыкоўны быў канцэрт пасля фестывалю. Dzieciuki  малайцы!»

Аўтар: Настасся Жухарава