16–18 чэрвеня ў Вільні (Літва) у другі раз пройдзе беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно — «toKino». Кампанія «Без візы» прапануе знаўцам далучыцца да спаборніцтва ў секцыі «Кіно без візы».
Фестываль «toKino» — гэта адкрытая прастора выказвання і абмену досведам маладымі аўтарамі з Беларусі і Літвы, якія шукаюць альтэрнатыўныя шляхі маўлення на важныя для іх тэмы і/або выкарыстоўваюць кіно ды відэа як інструменты сацыяльнага дзеяння.
Мы разумеем кіно як даследаванне жыцця, як працэс зведвання і навучэння бачанню і маўленню. «toKino» — гэта кіно новых варункаў і выклікаў, як магчымасць прамаўляць тое, аб чым прынята маўчаць. Бачыць тое, на што баяцца глядзець. Рабіць тое, што лічаць немагчымым.
Аргкамітэт аб’яўляе аб пачатку прыёму заявак на фестываль.
Тэрмін падачы заявак і конкурсных работ — 1 траўня 2014 года.
Кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» традыцыйна з’яўляецца партнёрам фестывалю. У межах «toKino» каманія падтрымлівае намінацыю «Кіно без візы».
«Кіно без візы»
Да ўдзелу ў конкурсе ў секцыі «Кіно без візы» прымаюцца работы, тэматычна звязаныя з пытаннямі мабільнасці, візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам, досведам падарожжаў грамадзян Беларусі па Еўразвязе, а грамадзян Літвы — па Беларусі.
Працягласць работ не можа перавышаць 1 хвіліну. Да ўдзелу прымаюцца як работы, створаныя раней, так і работы, створаныя адмыслова для конкурса. Фільмы прымаюцца толькі ў фарматах — .avi, .mp2, .mp4. Работы павінны суправаджацца транскрыптам дыялогаў і/або закадравага тэксту. Архіў з фільмам, транскрыптам і заяўкай загружаецца на канал фестываля на wetransfer;
Больш падрабязна аб ідэі фэста і ўмовах удзелу ў конкурсе глядзіце на сайце фэста www.tokino.lt.