Skip to main content
На фестывалі «Самаход» вучылі, як на ровары аб’ехаць Еўропу ды завезці дзіцёнка ў Луўр
Май 19

На фестывалі «Самаход» вучылі, як на ровары аб’ехаць Еўропу ды завезці дзіцёнка ў Луўр

Як вандраваць па-іншаму — цікавей, танней, адкрываць для сябе новыя сродкі перасоўвання – ужо трэці год запар вучаць на фестывалі «Самаход» кампаніі «Без візы». Мы з фестывалю ў гэтым годзе вынеслі некалькі ідэй вандровак, якія рэдка практыкуюць беларусы.

 

Як з’ездзіць з дзецьмі ў Луўр

Маленькі падаецца такім кволым у параўнанні з бацькамі, што часта застаецца дома, пакуль не падрасце, альбо выязджае з сям’ёй і клункамі, нібы гатовы да пераезду.

Зарына Бабко, маці двух дзяцей да трох год і аўтарка сайта пра вандроўкі з дзецьмі, лічыць, што і тое, і тое не зусім правільна: сядзець дома нецікава ні дарослым, ні дзіцяці, маршрут можна прыдумаць добры для ўсіх, а дзіцячыя сумесі набыць і ў іншай краіне. Можна не цягнуць з сабой гардэроб, а апрануць дзіця з ног да галавы, калі вы ў азіяцкай краіне, за 20 даляраў.

З дзецьмі можна сапраўды наведаць Луўр, але пры некаторых умовах:

«Я супраць адмысловых дзіцячых маршрутаў, — кажа Зарына. — Таму што і дзецям добра, калі добра іх бацькам. Але дзецям нецікавыя высокія матэрыі ў мастацтве не таму, што яны нешта не разумеюць – можа, разумеюць больш за нас — а таму што ў іх зашмат энергіі. Вы можаце пайсці ў музей, але перад гэтым схадзіце на дзіцячую пляцоўку».

Каб маленькі не стаміўся ад хады, можна адшукаць пракат ровараў з месцам для дзіцяці, праўда, лепей загадзя – яны ёсць не паўсюль, часцей у прыватных пракатах.

У вандроўцы з дзіцёнкам сям’я мусіць улічваць яго цікаўнасці і патрэбы — дзіця хутчэй стамляецца, з ім зручней жыць у кватэры. Але затое па ім не будзеш сумаваць увесь адпачынак.

Вандроўка а ля «усё сваё нашу з сабой»

Для тых, хто падумвае пра домік за горадам, але не вызначыўся з ягонай пляцоўкай, можа падыйсці домік на колах – варыянт каравана ці кемпера (падобныя адпаведна да прыцэпа аўто і буса з кватэркай унутры).

Вандроўнікі на Захад не раз такія заўважалі – як у амерыканскіх фільмах, у Беларусі іх сутрэць пакуль можна рэдка. Спыншчыкі недалюбліваюць кемперы за тое, што яны рэдка падбіраюць, а гаспадары любяць за тое, што сваё лецішча возіш за сабой хоць на Браславы, хоць у Нарвегію.

«Навошта, каб маё лецішча дыктавала мне, дзе адпачываць?» – кажа Мікалай Дзянісман, адзін з заснавальнікаў руху караванераў і аўтатурыстаў у Беларусі.

Па кошце і сапраўды некаторыя кемперы падобныя да дамоў – да 700 000 еўра. Хаця ў сярэднім прыцэп б/в каштуе 10 000 даляраў, а кемпер – ад 15 000. Арэнда на суткі ў Еўразвязе каштуе прыкладна як аднапакаёўка.

Гэтыя дамы на колах пачалі з’яўляцца каля 100 год таму ў жыхароў марскіх дзяржаваў – Галандыя, Фінляндыя, Англіі і ЗША – а зараз іх карыстаюць сапраўдныя аматары прыроды, якія прызвычаіліся бачыць больш за шыльды па баках аўтабана ды ночыць на прыродзе.

Вандроўка а ля бэк пэкінг – на ровары

Тут гаворка пойдзе пра выпадак, калі ўся вашая маёмасць важыць каля 15 кілаграмаў і знаходзіцца ў вас за спіной, а вы эканоміце на грамадскім транспартце, які ў ЕЗ нятанны.

«Калі ў нечым сумняецеся, лепш не браць, а набыць у Польшчы. Тры майкі — гэта адна на вас, адна чыстая і адна брудная. А чатыры – гэта дзве брудныя. Навошта вам брудныя майкі?» – расказвае раварыст Паша Гарбуноў пра філасофію роварнага заплечніка.

Паша мінулым летам праехаў 3600 кіламетраў па Еўропе, спазнаў розныя глыбіні бруду і вышыні шыку сцежак у Еўропе. Ён заўважыў, што раварыстам часам складаней, чым іншым: калі ў Германіі ці Польшчы іх паважаюць, то ў Калінінградскай вобласці аб’язджаюць у апошні момант, так што вушы калыхаюцца ад праязджаючых джыпаў.

Але затое вандроўка на ровары добрая сваёй свабодай: ты не ночыш там, куды прыехаў аўтобус, а шукаеш самае прыгожае месца, няхай і за 10 кіламетраў. Адмысловыя веласцежкі можна знайсці на googlemaps альбо паехаць па сцежках Еўравела.

Раварысту, які выпраўляецца ў доўгую вандроўку па Еўропе, варта ўзяць мінімальны рэмкамплект, шасціграннік, запаску. Калі зламаецца нешта больш сур’ёзнае – спыніць машыну і дабрацца да бліжэйшага гораду/майстэрні. А едучы ў далёкую вандроўку, напрыклад, па Азіі, раварысты часам бяруць машыны са сталёвымі рамамі – іх прасцей варыць у выпадку чаго.

Калі камусьці падаецца, што такі транспарт – гэта несур’ёзна, адваротнае даўно даказаў Глеб Травін, які аб’ехаў вакол СССР на звычайным савецкім ровары.

Ганна Валынец, Generation.by