Skip to main content
Akute: «Калі ты хоць раз выпраўляешся ў вандроўку…»
Каст 10

Akute: «Калі ты хоць раз выпраўляешся ў вандроўку…»

 

3 кастрычніка ў Віленскім бары Pogo адбыўся канцэрт беларускіх музыкаў Akute, на якім сабралася каля сотні аматараў якаснай музыкі. Грамадская кампанія «У Беларусь і Еўропу — Без візы!» выступіла ў шэрагу арганізатараў выступу. Музыкі гралі ў майках з лагатыпам кампаніі, такім чынам падкрэсліўшы, што музыка не ведае межаў і візавых бар’ераў.Фронтмэн гурту Стас Мытнік распавёў, што праз свае выступы Akute імкнуцца распаўсюджваць беларускую культуру, у тым ліку і за мяжой. А існаванне візавых бар’ераў шматкроць абцяжарвае справу:

«Мы падтрымліваем ідэі кампаніі „Без візы!“ і глядзім на адмену віз з кропкі гледжання людзей, якія любяць падарожнічаць. Безумоўна, калі ў чалавека няма мажлівасці выехаць кудысьці, ён не можа зразумець, наколькі гэта крута — падарожнічаць. Але калі ты хоць раз выпраўляешся ў вандроўку, ты пачынаеш „хварэць на гэта“, цікавіцца, узнікаюць новыя інтарэсы».

«Нам вельмі цікава назіраць за рэакцыяй людзей, якія не ведалі пра Беларусь, не ведалі беларускай мовы, калі яны потым пачынаюць на ламанай беларускай спяваць разам з намі на канцэртах. Мы нясем беларускую культуру ў масы і вельмі радыя, калі гэта атрымліваецца. А візы ў пэўным сэнсе перашкаджаюць гэта рабіць», — дадаў Стас.

Гурт Akute не першы раз падтрымлівае ідэю бязвізавых зносінаў з беларускімі суседзямі. Улетку каманда стала хэдлайнерам штогадовага фэсту мабільнасці «Самаход».

Фота: Akute на канцэрце ў межах фэсту Самаход у Менску, Budzma, 2013.