Беларускія турысты, якія плануюць свой адпачынак у Гішпаніі, могуць уздыхнуць спакойна.Атрымаць кароткатэрміновую гішпанскую візу можна будзе не толькі праз візавы цэнтр Гішпаніі, які адкрыў свае дзверы для беларусаў 1 ліпеня 2013 года, але і ў амбасадзе Латвіі ў Менску.
Консульскі аддзел прымае дакументы ад заяўнікаў на афармленне шэнгенскіх віз, калі Іспанія з’яўляецца асноўнай мэтай іх візіту.
Амбасада Латвіі ў Беларусі прымае дакументы для візы ў Гішпанію паводле папярэдняй рэгістрацыі. Прыём дакументаў ажыццяўляецца штодня з панядзелка да пятніцы з 9.00 да 12.00 гадзін.
Дакументы апрацоўваюцца на працягу аднаго тыдня.
“Заява для атрымання шэнгенскай візы Гішпаніі тыпу З прымаецца пры наяўнасці наступных дакументаў: у электронным выглядзе запоўненай шэнгенскай візавай анкеты Латвійскай Рэспублікі, фатаграфіі, страхавога поліса, пашпарта, запрашэння і дакументаў, якія пацвярджаюць мэту візіту i наяўнасць неабходных фінансавых сродкаў для знаходжання ў Шэнгенскай зоне. Дакументы падаюцца на расейскай і ангельскай мовах. Пры падачы дакументаў неабходна заплаціць дзяржпошліну ў памеры 60 еўра”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы амбасады Латвіі ў Менску.
Нагадаем, у сувязі са сканчэннем пагаднення ў дачыненні да дэлегаваных правоў на выдачу візаў у Гішпанію пасольствам Францыі ў Беларусі, рэгістрацыя на падачу дакументаў для паездкі ў Гішпанію пасольствам была спыненая з 30 траўня 2013 года. Беларускія турысты былі вымушаныя звяртацца за афармленнем гішпанскіх візаў у консульства гэтай краіны ў Расеі ды ва Украіне.
Хартыя’97