Skip to main content
Апошнія дні мульцівізы: едзем у Латвію
Верас 17

Апошнія дні мульцівізы: едзем у Латвію

У беларусаў ёсць маленькі візавы рытуал: дагульваць «апошнія дні» свайго мульцішэнгену. То бок калі да канца візы застаецца пара сонечных дзён, а да пачатку наступнай — невядомая колькасць шэрых працоўных будняў, з’яўляецца жаданне зрабіць гэтае «пахаванне шэнгену» больш яскравым і насычаным. Але як? Добры варыянт — адправіцца ў развітальнае падарожжа. Калі мала часу, то можна выбраць заезджаныя (у добрым сэнсе гэтага слова) Літву ці Польшчу, а можна — таксама даволі блізкую, але не такую папулярную ў беларусаў Латвію. Перспектыва паглядзець за пару дзён Рыгу і паваляцца на марскім пляжы (Балтыка даволі блізка) заклікае хутчэй збірацца ў дарогу.
Як ехаць?

Вельмі танна, а дакладней бясплатна: аўтаспын. Ехаць праз Віцебскую вобласць — не варыянт, калі вы, канешне, не хочаце «завісаць» на адным месцы па некалькі гадзін з-за малога трафіку машын. Таму наш выбар — шлях праз Літву: з Вільні ідзе амаль прамая траса да Рыгі праз гарады Укмерге, Паневежыс і Пасваліс. Выехаць з Вільні на яе можна на гарадскіх аўтобусах 52 і 60. Яны ідуць па вуліцы Укмерге, а тая непасрэдна пераходзіць у трасу. А ўвогуле дарога атрымліваецца вельмі прыемнай, без неспадзяванак і складанасцяў. Добрыя кропкі для спыну глядзім на гэтым вядомым сайце.

Не так танна, але больш камфортна: аўтобус. Тут два варыянты: аўтобусы Мінсктрансу давязуць вас да Рыгі за 270 тысяч беларускіх рублёў, пры гэтым ёсць зніжка для студэнтаў. А на аўтобусах «Люкс экспрэс» ці «Экалайнз» вы маеце мажлівасць за 10–15 еўра даехаць з камфортам з Вільні да пункту назначэння ўсяго за 4 з нечым гадзіны.

Дзе жыць?

Каўчсёрфінг. І справа тут не ў бясплатным начлегу, а ў іншым падыходзе. Замест стандартных экскурсій і размоваў з суседам у тураўтобусе вы атрымліваеце цудоўны досвед пажыць у каго-небудзь з мясцовых і цалкам акунуцца ў атмасферу горада. Ад чалавека, які вас будзе прымаць, можна даведацца пра ўсё, што вас цікавіць: кошты на праезд, дзе танна і смачна паесці, як даехаць да мора і г.д. Болей пра гэта тут: www.couchsurfing.org

Хостэлы ці гатэлі. Іх шмат у Рызе, у тым ліку і ў самым цэнтры. Можна выбраць сабе жытло на любую цану і густ тут. Цалкам рэальна жыць у цэнтры горада за 9 еўра!

Розныя дробязі

Праезд у латвійскім грамадскім транспарце каштуе недзе 80 сантымаў, гэта каля 13 000 беларускіх рублёў. Можна набыць праязны на некалькі паездак, атрымліваецца больш выгадна.

Харчавацца можна як у вулічных кіёсках, гэтак і ў кавярнях. У CanCanPizza, напрыклад, можна паабедаць за 3 латы. Піва ў крамах таксама каштуе няшмат, ад 45 сантымаў, то бок амаль у два разы танней за праезд.

Большасць рыжан ведае расейскую мову, таму праблемаў з гэтым быць не павінна.

Што глядзець?

Стары горад — цэнтр Рыгі. Яго можна паглядзець за дзень, а калі не надта цікавіцца падрабязнасцямі, то і за палову. У інфацэнтры (першае, што варта наведаць вандроўніку) ёсць вялікая колькасць буклетаў і бясплатных мапаў на розных мовах. Таксама там можна накідаць экскурсію ці «праграму максімум» на дзень.

Стары горад выглядае выключна па-еўрапейску. Тут усё вартае ўвагі: ад Домскага сабору XIII стагоддзя да цэлай вуліцы ў знакамітым «югендстылі». Гуляючы па цэнтры, дакладна ўбачыце будынкі Вялікай і Малой Гільдыі, мноства сабораў і цэркваў, «Дом з катом», а таксама будзеце ў захапленні ад гарманічнага спалучэння розных архітэктурных стыляў.

Рыга — дужа музычны горад. Калі гуляеш па ёй увечары, то ўзнікае адчуванне, што здымаешся ў кіно: заўсёды нейкая музыка на фоне. Таму пасля агляду гістарычных адметнасцяў можна проста пагуляць ці пасядзець у адным са шматлікіх паркаў.

Яшчэ дзень можна прысвяціць Юрмале і адпачынку ля мора. Да Юрмалы з Рыгі — рукой падаць. Ехаць можна аўтобусам, маршрутоўкай ці цягніком. Ёсць варыянт паплаваць у марской вадзе і ў самой Рызе, ў заліве (туды ідзе гарадскі транспарт), але там больш брудна, ды і не адчуваецца той велічнай магутнасці мора, як павінна быць.

Акрамя гэтага ў Латвіі ёсць шмат цудоўных мясцінаў: Рундальскі замак, які праектаваў італьянец Растрэллі, Даўгаўпілс са сваім старым гістарычным цэнтрам, Бауска (можна заехаць па дарозе назад), дзе ёсць і цвярдыня, і палац.

Варта развітвацца са сваёй візай годна. І нават калі яна яшчэ не сканчаецца, то Латвія ўсё роўна вартая таго, каб прысвяціць ёй хаця б некалькі дзён свайго адпачынку.

Вольга Шылейка