Бязвізавы ўезд для заўзятараў ЧС па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе будзе дзейнічаць з 25 красавіка па 30 мая.
Пра гэта паведаміў сёння старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў у палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне дэпутата Аляксея Кузьміча.
«З 25 красавіка па 30 мая пропуск грамадзян, якія прыедуць на чэмпіянат, будзе бязвізавым. Яны павінны будуць прад’явіць білет або ў папяровым, або ў электронным выглядзе і пашпарт. Усё. Ніякіх віз не трэба», — цытуе Мальцава БелТА.
Таксама ён паведаміў, што на беларускай мяжы плануецца ўвесці сістэму электроннай чаргі.
Як будзе працаваць электронная чарга?
Да Чэмпіянату свету па хакеі ГПК абяцае разабрацца з чэргамі машын на мяжы. Плануецца ўвесці электронную чаргу — накшталт тых, якія сёння ёсць у банках, распавёў старшыня камітэта.
У пунктах пропуску будуць абсталяваныя стаянкі з месцамі адпачынку. Пры заездзе на стаянку будзе фіксавацца час прыбыцця кіроўцы. Пры рэгістрацыі дакументаў чалавек будзе інфармаваны аб прыкладным часу выезду, напрыклад з 11 да 12 гадзін.
Пасля гэтага чалавек зможа адпачыць. Пры падыходзе чаргі, кіроўца атрымае СМС, а таксама ўбачыць адпаведную інфармацыю на электронным табло.
Для грамадзян Беларусі сістэма праходжання мяжы спросціцца яшчэ больш. Беларусу будзе дастаткова зайсці на сайт Дзяржаўнага пагранічнага камітэту і заявіць аб намерах перасекчы мяжу. «Будзе вызначацца час (напрыклад, з 10 да 11) у якое грамадзянін павінен прыбыць на пункт пропуску. А вось пры спазненні прыйдзецца стаць у агульную чаргу», — растлумачыў Мальцаў.