Рэйтынг паказчыку візавай лібералізацыі па стане на люты 2013
Беларусь займае перадапошняе месца сярод краін Усходняга партнёрства па ступені прасунутасці ў справе спрашчэння і адмены візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым сведчаць дадзеныя справаздачы «Паказчык ступені візавай лібералізацыі краін Усходняга партнёрства», што была апублікаваная Еўрапейскай кааліцыяй «Без візы».
«Беларусь — адзіная краіна Усходняга партнёрства, якая не мае афіцыйнага візавага дыялогу з Еўрапейскім саюзам», — адзначаецца ў даследаванні «Паказчык ступені візавай лібералізацыі краін Усходняга партнёрства».
Даследаванне дэманструе, наколькі шэсць краін УП: Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан — прасунуліся да адмены візавага рэжыму з ЕС. Паводле рэйтынгу, прыведзеным у даследаванні, Беларусь займае перадапошняе месца па ступені візавай лібералізацыі сярод гэтых краін. Ёй саступае толькі Азербайджан.
«Аднак Беларусь зрабіла некаторыя істотныя крокі ў рэалізацыі неабходнага мінімуму ў справе візавай лібералізацыі. Найбольш значны прагрэс быў дасягнуты з галінах міграцыі і памежным кантролі», — адзначаецца ў даследаванні. Да прыкладу, Беларусь ужо пачала выдаваць біяметрычныя пашпарты асобным катэгорыям грамадзян, чаго пакуль не робіць Украіна ці Азербайджан. Дастаткова моцна прасунулася наша краіна і ў справе арганізацыі належнага кантролю межаў. Аднак у такіх сферах, як «грамадская бяспека і парадак», а таксама «знешнія адносіны і фундаментальныя правы» Беларусь моцна адстае ад суседзяў.
Як Беларусь прасунулася ў візавым дыялогу з Еўропай
Дзеля таго, каб спачатку спрасціць, а пасля і адмяніць візавы рэжым з ЕС, любая краіна мусіць прайсці некалькі крокаў. Першы крок на шляху да адмены візаў улучае падпісанне Дамовы аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі. Пагадненне дазволіць зменшыць цану візаў, а для некаторых катэгорый грамадзян цалкам зрабіць іх бясплатнымі. На другім этапе распачынаецца дыялог аб візавай лібералізацыі з ЕС, у межах якога абмяркоўваецца спіс рэформаў, якія мусіць выканаць краіна, каб адмяніць візавы рэжым. Спіс рэформаў завецца «планам дзеяння». Калі краіна выконвае ўсе патрабаванні плану і даказвае, што ягоныя палажэнні рэалізуюцца на практыцы, ЕС прымае рашэнне аб візавай лібералізацыі з гэтай краінай, то бок аб адмене кароткатэрміновых візаў. Спрашчэння візавага рэжыму (першы крок) пакуль дамагліся толькі тры з шасці краін УП: Украіна, Малдова і Грузія.
«Паказчык ступені візавай лібералізацыі краін Усходняга партнёрства» падрыхтаваны Фундацыяй імя Стэфана Баторыя з удзелам шасці экспертаў краінаў УП. Болей інфармацыі аб «Паказчыку ступені візавай лібералізацыі краін Усходняга партнёрства» можна знайсці на старонцы даследавання.