З 28 траўня да 1 чэрвеня ў Вільні (Літва) пройдзе беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно — «toKino». У яго межах адбудзецца шэраг конкурсаў, у тым ліку спаборніцтва кароткіх фільмаў «Кіно без візы».
Фестываль «toKino» — гэта адкрытая прастора выказвання і абмену досведам маладымі аўтарамі з Беларусі і Літвы, якія шукаюць альтэрнатыўныя шляхі маўлення на важныя для іх тэмы і/або выкарыстоўваюць кіно ды відэа як інструменты сацыяльнага дзеяння.
«Мы разумеем кіно як даследаванне жыцця, як працэс навучэння бачанню і маўленню, — кажуць прадстаўнікі аргкамітэту фестываля. „toKino“ — гэта кіно новых варункаў і выклікаў, як магчымасць прамаўляць тое, аб чым прынята маўчаць. Бачыць тое, на што баяцца глядзець. Рабіць тое, што лічаць немагчымым».
У межах фестывалю адбудзецца некалькі конкурсаў кінапрацаў, у тым ліку сярод кароткіх фільмаў «Кіно без візы». Да ўдзелу ў гэтай секцыі запрашаюцца фільмы на тэмы мабільнасці і візавага рэжыму, працягласцю не болей за 3 хвілінаў. Секцыя «Кіно без візы» заснаваная грамадзянскай кампаніяй «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!».
Акрамя гэтага пройдзе конкурс стужак «Права казаць», а таксама асноўны конкурс фільмаў. Важная ўмова: усе конкурсныя працы мусяць быць падрыхтаваныя ўдзельнікамі з узростам да 30 гадоў.
Арганізатары фестывалю: праект LitPro (сацыяльна-культурніцкі праект ЕГУ па ўсталяванні міжкультурнага дыялогу паміж Літвой і Беларуссю) і Дэпартамент медыя ды камунікацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Фестываль ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Літвы, фундацыі Дамоў правоў чалавека, Дома правоў чалавека ў Вільні і НДА «Belarus Watch».
Тэрмін падачы заявак і конкурсных працаў — 1 траўня 2013 года.
Падрабязна аб ідэі фэсту і ўмовах удзелу ў конкурсе глядзіце на сайце фэста www.tokino.lt
Болей інфармацыі: