Skip to main content
Беларуска, якая аб’ездзіла чатыры кантыненты: Няма нічога немагчымага
чэрв 28

Беларуска, якая аб’ездзіла чатыры кантыненты: Няма нічога немагчымага

Ганне 25 гадоў, а яна ўжо паспела аб’ездзіць 4 кантыненты. Дзяўчына дзеліцца сваімі парадамі ў атрыманні візаў і пашырэнні светапогляду.

 

Лёс занёс мяне ў Шанхай. Там я навучалася ў магістратуры, ну, і канешне ж, любоў да вандровак у Кітаі ні на кропельку не згасла. У азіяцкія краіны візу атрымаць досыць лёгка (выключэннем будзе Ганконг, куды беларусам трэба рабіць адмысловую візу, нават маючы від на жыхарства ў Кітаі).

На шэраг праблемаў я сутыкнулася, калі мне трэба было зрабіць візу ў Чэхію. Я прыйшла ў чэшскае консульства ў Шанхаі, і мяне там паслалі. Едзь, маўляў, у Беларусь і там рабі. Да гэтага інцыдэнту я без усялякіх праблемаў атрымлівала ў Шанхаі візы іншых краінаў. Чэхі вырашалі павесці сабе не па-суседску.

Я патэлефанавала знаёмаму ў беларускае консульства ў Шанхаі і спытала пра стасункі нашага МЗС з Чэшскім (можа, у іх там нейкія спецыяльныя дамоўленасці). Ніякіх дамоўленасцей не было, проста ім не спадабаўся мой твар, ці нешта яшчэ. У мяне быў від на жыхарства ў Кітаі, то бок маю заяву мусілі разглядаць так жа сама, як і заявы кітайцаў.

Канешне ж, я патрабавала асабіста паразмаўляць з консулам, консул была не вельмі настроеная займацца маімі пытаннямі, і я папрасіла пісьмовую адмову аб выданні мне візы. Прычым мой дыялог з консульствам я працягвала ў пісьмовай форме.

Заўвага: усім, хто хоча атрымаць візу, раю быць упартым і размаўляць з імі ў пісьмовай форме. Ці то пісаць на мэйл, ці то пісаць заявы на паперцы. Такім чынам яны мусяць іх разглядаць.

Я прымусіла консула звязацца з іх МЗС, і мая сітуацыя нейкім чынам вырашылася. Мне трэба было данесці шмат розных паперак, я згубіла шмат часу і нерваў, я не чакала ад Чэхіі такой падставы. Адзін факт пра тое, што Францыск Скарына выдаў там сваю Біблію, мусіць спрыяць беларуска-чэшскім узаемаадносінам.

 

Але апошняй маёй візай была віза ў Аўстралію. Пра гэтую візу кажуць, што атрымаць яе катастрафічна цяжка, асабліва калі ў цябе на рахунку няма парачку міл’ёнаў даляраў, і ты незамужняя дзяўчына.

Першы раз мне адмовілі. Я падала на візу без усялякай асаблівай падрыхтоўкі, проста раздрукавала анкету, прынесла даведку, што навучаюся ў магістратуры і ўсё. Гэтак сама, як я падавала ў Карэю ці В’етнам.

Аўстралійская віза каштуе больш за 100 даляраў, плаціць трэба пры падачы, нягледзячы на вынік. Яны забралі маіх 100 даляраў і прыслалі пісьмовую адмову, што «не бачаць прычынаў, па якіх я мушу вярнуцца з Аўстраліі».

«Геніяльна», — падумала я. Але мне ўжо свярбела ў адным месцы. Я вырашыла паехаць. Я набыла квіток да Сіднэю. Гэта было вялікім стымулам, бо грошы за яго не вярталіся, а каштаваў ён як 3 месячныя заробкі ў Беларусі. Карацей, я пачала змагацца з консульствам. Дадаткова я набыла страхоўку.

 

Парада: набывайце страхоўку, яна ў большасці выпадкаў недарагая. Пасля таго, як мяне ўкусіла медуза ў Малайзіі, і я ледзь не адкінула там капыты, я заўсёды набываю страхоўкі. Для атрымання візы — гэта вялікі плюс. Таксама вам трэба мець грошы на рахунку. Паклапаціцеся загадзя і пазычце грошы ў сяброў, раздрукуйце рахунак і аддайце ім грошы назад. Нічога складанага. Даведку з месца працы ці ўніверу. Яшчэ раю дадаваць ксеракопію ўсіх папярэдніх візаў (у мяне былі шэнгенскія і амерыканская).

 

Я падала дакументы, яшчэ раз заплаціла 100 даляраў, прайшоў час, але ніякіх звестак не было. Я пачала ім тэлефанаваць кожны дзень (звычайна, гэта не вельмі дапамагае), напісала 100 мэйлаў, дастала ўсіх. Потым я напісала пісьмовы запыт, што ж з маёй візай, і аднесла яго ў консульства. Потым мне патэлефанавала консул і ў нас было сумоўе. Яна была досыць мілай. Мне патрэбна было данесці яшчэ адну паперку і… вуаля! Віза была ў кішэні (дарэчы, яна ў Аўстраліі электронная).

Няма нічога немагчымага. Вас будуць паўсюль пасылаць, але вы не дазваляйце гэтага з сабой рабіць. Калі ёсць лішнія грошы — можна звярнуцца і ў агенцтва, але я лічу, што ўсё можна зрабіць самаму.

Альтэрнатыва: бязвізавыя краіны

 

Цяпер я перайшла на тыя краіны, куды беларусам непатрэбная віза. Колькасць «бязвізавых» для Беларусі краінаў з кожным годам павялічваецца. З 1 чэрвеня гэтага года, напрыклад, адмяняецца віза ў Турцыю, хутка адменіцца віза ў Ізраіль. Асабіста я толькі што вярнулася з Арменіі, хутка паеду ў Грузію ды Турцыю, потым па плане Сербія, Чарнагорыя, Македонія.

Але я ні ў якім выпадку не кажу, што трэба перастаць ездзіць у Еўразвяз, мы мусім змагацца за спрошчаны візавы рэжым! 60 эўра для беларусаў — гэта шмат. Мы мусім змагацца за тое, каб у «Белавіі» з’явіліся лаўкосты, мы мусім спрыяць развіццю аэрапортаў і іншай інфраструктуры ў абласных гарадах краіны. Можа, ЧМ па хакею нас нечаму навучыць?

Разбурайце стэрэатыпы

21 стагоддзе — час мабільнасці, руху, вандровак. Новае пакаленне беларусаў адрозніваецца тым, што яны ўжо пабачылі «свет». Мая бабуля ніколі не была за мяжой. Мама толькі ў краінах бліжняга памежжа. Я аб’езділа 4 кантыненты. Мае дзеці, напэўна, ужо паляцяць на Месяц.

Мы павінны пашыраць светапогляд, вылазіць са сваіх «боксаў», знаёміцца з рознымі культурамі, разбураць стэрэатыпы. І тады мы ўжо не будзем думаць, што ў Амерыцы ўсе багатыя, і нельга ноччу выходзіць на вуліцу, а ў Кітаі ўсе на адзін твар.

І яшчэ: «добра там, дзе нас няма».

Любіце Беларусь, ганарыцеся ёю, рабіце яе лепей. Калі не вы, то ніхто гэтага не зробіць.

Поспехаў!

Ганна Гурына. Фота аўтара