12 сакавіка ў беластоцкім лядовым палацы адбудзецца сумесны канцэрт беларускіх гуртоў Brutto і Dzieciuki. І зноўку культурнае мерапрыемства дазваляе беларусам атрымаць бясплатныя візы, гэтым разам у Польшчу.
«Увогуле, ідэя сумеснага канцэрта гэтых гуртоў даўно лунала ў паветры, але ўвесь час па розных прычынах яна не знаходзіла выйсця, — распавядае пра будучую імпрэзу адзін з арганізатараў і па сумяшчальніцтве прадзюсар «Дзецюкоў» Яўген Новаш. — І вось, акурат, калі Brutto выдалі альбом «Родны край», а ў «Дзецюкоў» хутка выйдзе альбом «Рэха», усё ж такі нам удалося ўзгадніць даты і правесці гэты канцэрт-прэзентацыю адразу двух дыскаў. Прычым, на мой погляд, вельмі сімвалічна, што пройдзе ён менавіта ў Беластоку».
Квіткі каштуюць 500 тысяч рублёў, набыць іх можна па тэлефоне арганізатараў ці з невялікай камісіяй праз распаўсюдніка kvitki.by.
Грамадзянам Беларусі, якія пажадаюць паехаць на канцэрт, абяцаюць візавую падтрымку. Каб атрымаць бясплатную чатырохдзённую візу, адзінай жорсткай умовай з’яўляецца наяўнасць квітка на імпрэзу.
У дадатак арганізатары прапануюць афіцыйныя бас-туры з Мінска. Пакуль прапануюцца два варыянты — аднадзённы і двухдзённы, у абавязковую праграму якіх, апроч непасрэдна наведвання канцэрта, уваходзіць наведванне беластоцкага начнога кірмашу FASTY. Пры наяўнасці жадаючых, арганізатары гатовыя пашырыць асартымент забаваў для ўладальнікаў квіткоў на бас-тур, а таксама пашырыць спіс гарадоў, адкуль будзе выязджаць аўтобус.
Падрабязней пра рэгістрацыю квіткоў, афармленне візы ды бас-туры можна даведацца на адмыслова створаным сайце Muztur.by.