Skip to main content
Бясконцая чарга па польскую візу
крас 14

Бясконцая чарга па польскую візу

Жыхары Віцебскай вобласьці атрымалі істотную палёгку ў справе атрыманьня шэнгенскай візы. Дзякуючы пагадненьню, падпісанаму паміж Польшчай і Латвіяй, цяпер насельнікі Віцебшчыны могуць афармляць дакумэнты на паездку ў Польшчу ня ў Менску, як дагэтуль, а ў Віцебску ў латвійскім консульстве. Ці паспрыяе гэты крок таму, каб хоць часткова разгрузіць консульскія ўстановы Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні? І ці рэальна распаўсюдзіць падобны досьвед на іншыя гарады Беларусі?

Пачынаючы ад панядзелка, 18 сакавіка, консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску прадстаўляе Рэспубліку Польшча ў справе выдачы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў, калі Польшча — асноўная мэта візыту. Віза дае грамадзянам Беларусі магчымасьць знаходзіцца на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы шэнгенскай дамовы цягам трох месяцаў.

Атрыманьне шэнгенскай візы ўжо некалькі гадоў застаецца вялізнай праблемай як для беларусаў, так і для супрацоўнікаў консульстваў. Нягледзячы на папярэдні электронны запіс, установы не пасьпяваюць апрацоўваць вялізную колькасьць заяваў. Як вынік — заўсёдныя чэргі ля консульстваў у Менску, Берасьці, Горадні. Попыт спараджае самыя розныя шляхі абыходу перашкодаў. Раз-пораз зьяўляюцца зьвесткі пра выпадкі ўзлому базы дадзеных і гандаль… электроннай чаргой.

Ці здолее адкрыцьцё новага пункту афармленьня шэнгенскіх візаў у Віцебску разгрузіць консульствы ў іншых месцах? Прадстаўнік амбасады Польшчы ў Менску Сэбаст’ян Ожэл на гэты конт выказвае асьцярожны аптымізм:

«Вядома, як мне падаецца, стане лягчэй. Але наколькі лягчэй — прагназаваць досыць складана. Таму што гэта перадусім тычыцца грамадзянаў, якія пражываюць у Віцебскай вобласьці. Так, ім, безумоўна, будзе зручней, бо ня трэба ехаць у Менск па візу. Таму што да асобна ўзятага рэгіёну, то сытуацыя спрашчаецца. Але каб меркаваць, што гэта дазволіць заўважна разгрузіць нашы консульскія ўстановы, то я ў гэтым сумняюся, на жаль. Тым, хто ў віцебскім рэгіёне пражывае, натуральна, будзе лягчэй, нават сумневу няма. Але самі можаце ўявіць, што такая консульская дапамога ня здольная ў адзін момант вырашыць усе праблемы. Тым ня меней хоць нейкі крок ёсьць, і мы яго ацэньваем станоўча».

Згодна з дадзенымі Эўракамісіі, у 2012 годзе на 1000 беларусаў выдадзеныя 73 шэнгенскія візы. Гэта самы высокі паказьнік у сьвеце. І менавіта Польшча — лідэр што да колькасьці ўязных дакумэнтаў для грамадзянаў Беларусі. Так, летась польскія ўстановы забясьпечылі візамі без малога 300 тысяч беларусаў, тады як Літва выдала на 100 тысяч меней, Нямеччына — усяго 65 тысяч. Агулам колькасьць шэнгенскіх візаў за мінулы год склала амаль 700 тысяч, што на 100 тысяч больш, чым у 2011-м.

А ці рэальна дзеля большага ахопу забясьпечыць па прыкладзе Віцебску консульскімі паслугамі і іншыя месцы — Магілёў, Гомель, іншыя буйныя гарады, аддаленыя ад заходняй мяжы? Супрацоўнік польскай амбасады Сэбаст’ян Ожэл у пашырэньні геаграфіі пакуль сумняецца:

«Ведаеце, тут усё ўпіраецца перадусім у тэхнічныя пытаньні. Я, шчыра кажучы, ня чуў, каб у згаданых ды нейкіх іншых гарадах былі консульскія прадстаўніцтвы краінаў Эўразьвязу. А калі іх няма, то малаверагодна, каб нешта такое было рэалізавана. Разумееце, з той жа Латвіяй мы выдаём шэнгенскія візы — гэта адна сыстэма. І калі б, скажам, у Магілёве ці Гомелі было прадстаўніцтва іншых краінаў Эўразьвязу, магчыма, такі варыянт можна было б разглядаць. Гэта калі разважаць чыста тэарэтычна. Але калі там няма прадстаўніцтваў іншых дзяржаў Эўразьвязу, гэта, на жаль, не ўяўляецца магчымым».

З улікам таго, што попыт на шэнгенскія візы з году ў год настолькі высокі, ці разглядаў польскі бок магчымасьць адкрыцьця самастойных консульскіх установаў у іншых, не памежных гарадах?

Сэбаст’ян Ожэл: «Гэта ўжо, скажам так, іншае пытаньне. Магчыма, мы і хацелі б адчыніць больш консульстваў, але гэта, яшчэ раз паўтараю, пытаньне іншага ўзроўню, паколькі ўсё трэба ўзгадняць зь беларускім бокам. Больш я, на жаль, нічога не скажу. Натуральна, калі тэарэтычна разважаць, каб у такіх буйных гарадах былі нашы консульскія прадстаўніцтвы, безумоўна, было б нашмат лягчэй людзям атрымліваць візы. І вось такія маштабныя захады, напэўна, разгрузілі б чэргі ля нашых консульскіх офісаў. Але пакуль гэта, зноў жа, не ўяўляецца магчымым, таму што мы вярнуліся да пачатку нашай гутаркі — у гэтых гарадах мы ня маем сваіх консульскіх прадстаўніцтваў».

Не палохае беларусаў нават самы высокі ў рэгіёне кошт шэнгенскіх візаў — 60 эўра. Гэта своеасаблівая плата за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Для суседзяў — украінцаў і расейцаў — сума збору складае 35 эўра. Палякі ж, літоўцы, латышы ў межах Эўразьвязу перамяшчаюцца без аніякіх перашкодаў. Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы неаднаразова зьвярталіся да эўраструктураў з заклікам перагледзець кошт візаў для беларусаў, бо такім чынам эўрапейскія чыноўнікі караюць не рэжым, а жыхароў краіны. Але ў Брусэлі спасылаюцца на тое, што ўсе прапановы візавых перамоваў ігнаруе якраз афіцыйны Менск.

Пры канцы цікаўлюся ў спадара Ожэла: чаго больш прыносіць такі вал ахвотных атрымаць візы праз польскія прадстаўніцтвы — матэрыяльнага прыбытку ці галаўнога болю?

«Нялёгка, вядома, абслугоўваць такую колькасьць людзей. Па-першае, ня так шмат саміх консульстваў, па-другое, ня так шмат там працуе спэцыялістаў. А датычна таго, што гэта вельмі адчувальныя сродкі для бюджэту, — дык мне падаецца, што гэта той выпадак, калі кажуць пра кроплю ў моры. Паверце, ня ставіцца задача, каб зарабляць на гэтым. Тут больш тэхнічных складнікаў, але гэта ня мае практычна ніякага ўплыву на наш бюджэт. І магчымасьць атрыманьня візы ў тым жа Віцебску рабілася з адной мэтай — каб было лягчэй звычайным людзям, грамадзянам Беларусі, якім не патрэбна дзеля гэтага ехаць у Менск. Бо самае галоўнае — каб людзям было прасьцей: навошта траціць столькі часу на дарогу, калі ўсё можна зрабіць на месцы?»

Толькі паўпрацэнта грамадзянаў Беларусі, якія ў 2012 годзе падалі на афармленьне дакумэнты ў амбасады і консульствы шэнгенскіх краінаў, атрымалі адмовы замест візаў. І гэта таксама адзін з усясьветных рэкордаў.

Новы парадак атрыманьня візаў у Польшчу — гэта надзея віцебскіх прадпрымальнікаў. Цяпер ня трэба кідаць на дзень ці два сваю «гандлёвую кропку» ды ехаць у польскую амбасаду ў Менск, ня трэба зьвяртацца ў турыстычную фірму.

Ірына Яскевіч, старшыня Рады прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Эвіком», самага буйнога ў Віцебску:

«Шмат часу мы трацім на тое, каб адчыніць тую візу. А некаторыя зьвяртаюцца ў турыстычныя фірмы дзеля гэтага. Турфірма бярэ грошы яшчэ і за нейкую экскурсію, але ж мы не „ў турызм“ едзем на Польшчу, а на кірмаш. Яшчэ бывае так, што паездку нельга расплянаваць загадзя. Бывае, што ехаць табе трэба праз два дні, напрыклад, калі паездку арганізуе турфірма. А ты дзеля нейкіх сваіх акалічнасьцяў мусіш яе адмяняць ці пераносіць».

Усе гэтыя складанасьці прывялі да таго, што ў Віцебску скарацілася і колькасьць тавараў, прывезеных з Польшчы — іх замянілі вырабы з Расеі, куды віза не патрэбная. Але прыкладна 20% прадпрымальнікаў усё ж езьдзяць у Польшчу, — працягвае Ірына Яскевіч:

«Трохі скарацілася колькасьць людзей, што езьдзяць у Польшчу. У тым ліку і праз праблемы зь візамі. Цяпер, думаю, усе мы туды не паедзем у любым выпадку, але ў каго ёсьць жаданьне, інтарэс і сродкі — таму гэта вялікая перавага для бізнэсу. І я шчыра ўдзячная таму, хто паспрыяў у гэтым пытаньні. Больш за тое: у Польшчу часта езьдзяць тыя, хто нешта купляе для сябе — тыя ж харчовыя прадукты, якія ў нас ці неверагодна дарагія, ці значна саступаюць у якасьці ў параўнаньні з тымі, што можна прывезьці з Польшчы».

Зрэшты, для тых, хто захоча ехаць у Польшчу ня ўласным, а грамадзкім транспартам, існуюць пэўныя перашкоды. Прыкладам, да той самай Рыгі зь Віцебску можна дабрацца двума аўтобуснымі маршрутамі, у тым ліку адмысловым рэйсам Віцебск — Рыга пяць разоў на тыдзень. Яшчэ адзін аўтобус, Гомель — Рыга, ходзіць празь Віцебск двойчы на тыдзень.

Дабрацца аўтобусам да Польшчы зь Віцебску больш складана: ёсьць толькі адзін маршрут Санкт-Пецярбург — Варшава. Рэйс штодзённы, але квіткоў на транзыт можа і ня быць.

Віцебскі мастак Эдвард Галустаў якраз цяпер у Польшчы на пленэры. Ён выяжджае ў гэтую краіну досыць часта і лічыць палёгку ў атрыманьні візаў карыснай для землякоў:

«Для людзей, хто робіць шэнгенскую візу, гэта вельмі добра. Прынамсі, ня трэба ехаць у Менск ды стаяць у чарзе. Тут чэргі будуць меншыя, але гэта тычыцца толькі Віцебскай вобласьці, а астатнім прыйдзецца разьяжджаць… Польская амбасада, я памятаю, прапаноўвала неяк адчыніць такія консульскія пункты ў кожным абласным цэнтры. Але размовы пра гэта вядуцца ўжо вельмі даўно».

«Віцебскай» асаблівасьцю для ахвотных атрымаць візу ў Польшчу стала й тое, што тут не практыкуецца рэгістрацыя на чаргу для падачы дакумэнтаў праз інтэрнэт. Так патлумачылі ў латвійскім консульстве:

«Жывая чарга! Думаю, Віцебскую вобласьць мы тут прымем. Электронная анкета ёсьць на нашым сайце, можаце паглядзець».

Асаблівага ажыятажу каля будынка № 27а па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, дзе месьціцца латвійскае консульства, апошнімі днямі заўважана не было. У мясцовыя СМІ навіна пра «польскі шэнген» трапіла не адразу, але знайшліся тыя, хто ведаў пра гэта раней. Так, у першы ж дзень, 18 сакавіка, дакумэнты на атрыманьне візы ў Польшчу прывезьлі жыхары Наваполацку. Афармленьне займае 5 дзён, у бліжэйшы панядзелак яны ўжо змогуць забраць свае пашпарты.

Апрача Польшчы, віцебскае консульства Латвіі выдае кароткатэрміновыя шэнгенскія візы ў Нідэрлянды, Славенію і Францыю.

Берасьце

Самая балючая праблема для берасьцейцаў, якія жадаюць атрымаць польскую візу, — вялізная чарга на электронную рэгістрацыю. Часам на гэтай глебе ўзьнікаюць і спэкуляцыі, калі махляры прадаюць месцы проста каля ўваходу ў консульства.

Праблему з рэгістрацыяй яшчэ летась прызнаў нават Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. У лістападзе мінулага году спадар Шарэпка пацьвердзіў: так, ёсьць праграмісты, якія навучыліся блякаваць пэўную колькасьць месцаў на электронную рэгістрацыю па візы, а потым гэтыя месцы прадаюць ахвотным.

Тады амбасадар запэўніваў, што гэтая праблема будзе вырашацца. Пакуль жа, кажуць берасьцейцы, ані чэргі па візы не зьмяншаюцца, ані цяжкасьці з электроннай рэгістрацыяй не зьнікаюць.

Жыхарка Берасьця Тацяна Клімус: «У мяне дзьве апошнія — літоўскія візы. А калі я рабіла праз Польшчу — гэта было вельмі складана. Аднойчы, памятаю, нават не змагла зрабіць у патрэбны тэрмін. Ёсьць вялікая праблема з рэгістрацыяй на візы, таму што людзі чакаюць па тры-чатыры месяцы. Бывае, што паўгода ня могуць запоўніць анкету, каб трапіць на прыём, каб проста падаць дакумэнты».

Іншая спадарыня кажа, што берасьцейцы ўжо і не спадзяюцца на хуткае разьвязаньне праблемы зь візамі. Многія нават падаюцца ў консульствы іншых краінаў Шэнгену — напрыклад, у літоўскае консульства ў Горадні:

«З-за ўсяго гэтага даводзіцца рабіць візу нават празь Літву. Праўда, не заўсёды атрымліваецца шматразовая, але там вельмі простая сыстэма падачы. Значна прасьцейшая, чым тут».

Тым ня меней берасьцейцы ўскладаюць спадзяваньне на тое, што выдача польскіх візаў латвійскім консульствам у Віцебску хоць крыху разгрузіць і берасьцейскае консульства Польшчы. Праўда, якім чынам, ніхто толкам сказаць не бярэцца.

Наш карэспандэнт Міхал Карневіч распытаў Генэральнага консула Польшчы ў Горадні Анджэя Хадкевіча пра

эфэктыўнасьць электроннай сыстэмы афармленьня дакумэнтаў на атрыманьне візы.

У консульстве Рэспублікі Польшча ў Горадні ўжо некалькі гадоў дзейнічае электронная сыстэма «E-konsulat», пры дапамозе якой ахвотныя могуць праз кампутар, не выходзячы з дому, запоўніць анкету і абраць дату, калі падаваць дакумэнты на візу.

Новаўвядзеньне дазволіла ўпарадкаваць чэргі побач з будынкам консульства на вуліцы Будзённага ў абласным цэнтры. Але відавочна, што праблема цалкам ня вырашаная, бо ахвотных атрымаць польскія візы што год то болей, а колькасьць рэгістрацыяў застаецца ранейшай.

Польскі бок прасіў у беларускіх уладаў дазволу павялічыць колькасьць візавых консулаў, каб можна было выдаваць болей візаў. Але, як кажа Генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэй Хадкевіч, у адказ — цішыня.

«Нічога сёлета ў гэтым кірунку не зьмянілася. Летась у консульстве выдалі блізу 114 тысяч візаў. Надалей у консульстве працягваюць працаваць толькі чатыры консулы, якія займаюцца выдачай візаў для беларускіх грамадзянаў. І дагэтуль мы ня маем ніякай інфармацыі ад беларускіх уладаў наконт таго, каб распачаліся перамовы аб магчымасьці павялічыць колькасьць консулаў, якія б маглі пашырыць выдачу візаў».

МЗС Польшчы ня раз падкрэсьліваў, што польскія консульствы намагаюцца выдаваць беларусам як мага болей візаў, але гэта цяжка зрабіць — перадусім з той прычыны, што замала консулаў. Але ў адмысловай заяве з гэтай нагоды адзначаецца: звароты да беларускіх уладаў з просьбай дазволіць павялічыць колькасьць акрэдытаваных супрацоўнікаў ніякіх вынікаў не далі.

Радыё Свабода