Skip to main content
Бязвізавая казка: Берасцянка
чэрв 23

Бязвізавая казка: Берасцянка

Жыла-была на белым свеце маленькая берасцяначка. З вясны да восені яна гнездавалася на радзіме, а калі надыходзілі халады, ляцела ў вырай. Гэта зусім не значыла, што берасцянка любіла чужы край больш за свой родны, не. Гэта была жыццёвая неабходнасць: застацца ўзімку на радзіме значыла згубу.

 

Месца, дзе берасцянка нарадзілася ў траўні год таму, яна вельмі любіла і з задавальненнем ляцела з выраю дадому.

Нарэшце ў нашай прыгажуні павылупліваліся маленькія птушаняткі, якіх яна гадавала да наступлення восені, а потым, калі надышоў час, паляцела з імі ў цёплыя краіны. Але нечакана ў дарозе надвор’е пагоршылася, узмацніўся вецер, і берасцянку моцным парывам аднесла некуды ў незнаёмыя мясціны. Сцямнела, маленькая птушка зразумела, што шанцу дагнаць чараду ў яе няма, і вырашыла перачакаць ноч у незнаёмым лесе, а ўранку ўжо адправіцца далей.

Сонейка яшчэ не паспела ўзысці, а берасцянка ўжо ўзнялася ў неба і накіравалася на поўдзень. Але тут аднекуль падняўся шум і гам:

— Х’юць-х’юць! Увага! Увага! Чужынец! Х’юць-х’юць!

Здавалася, увесь лес крычаў і абураўся. Берасцянка не разумела, што стала прычынай гэтага гоману і гвалту: яна нічога дрэннага не зрабіла, таму нічога і не баялася. Але да яе падляцелі суровыя крэчат і каршак, і ўзлаваным голасам загадалі ляцець з імі. Маленькай напужанай птушцы нічога не заставалася, акрамя як пакорліва згадзіцца.

Яны апусціліся на галіну вялізнага дуба, які рос на зялёнай палянцы. Берасцянка ўбачыла дупло: там нехта заварушыўся, павохкаў, расплюшчыў вялікія жоўтыя вочы і павольна пачаў выходзіць. І вось з дупла з’явіўся касманогі сыч. Берасцянка аж цьвіркнула з перапуду, такім вялікім і страшэнным ён здаўся.

— Дзе твой дазвол? — спытаў ён.

— А што гэта? — у сваю чаргу здзівілася берасцянка.

Сыч пачаў злавацца:

— Ты не з нашага лесу. Ты не маеш права тут з’яўляцца без дазволу.

— Але ж я і не планавала наведваць ваш лес. Так здарылася, што мяне прынесла моцным ветрам, які перашкодзіў мне ляцець у вырай. Я абяцаю паляцець на поўдзень, дзе мяне ўжо чакаюць мае дзеткі, і ніколі не вяртацца сюды.

— Мы не маем права адпусціць цябе. Ты парушыла закон нашага лесу. Мы адправім цябе туды, адкуль ты прыляцела, — касманогі не захацеў нічога слухаць.

— Вось жа сыч! — падумала берасцянка, але ўслых нічога не сказала. Толькі моўчкі ўспамінала сваіх дзетак, разумеючы, што ўжо ніколі іх не ўбачыць…

Крэчат і каршак пасадзілі птушачку ў клетку з дубцоў і панеслі ў дзюбах на яе радзіму, дзе апусцілі на зямлю і паляцелі. Берасцянка насілу адкрыла клетку і выляцела на волю.

А тут ужо стала холадна, зямля пакрылася лёгкай імжой, лісця на дрэвах амаль не засталося, а вецер быў калючы і злы. Берасцянка вырашыла ляцець у вырай нягледзячы ні на што, каб не загінуць ад холаду ў родным краі. Яна ўзнялася ў неба і накіравалася на поўдзень. Але было ўжо позна: маленькай птушцы было вельмі цяжка дабрацца да цёплых краін на самоце, без падтрымкі дзетак і сяброў. І лепш нам не ведаць, ці адолела берасцянка свой цяжкі шлях…

А што было б, калі б не той сыч з ягонымі незразумелымі законамі? А гэта ўжо зусім іншая казка, якая калі-небудзь спраўдзіцца.

Ганна Котава