Еўракамісія не выключае, што ў выпадку адмовы ад абмеркавання пытання аб адмене віз для уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў, у перамовах па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю могуць узнікнуць праблемы.
Як паведаміла крыніца БелаПАН у Еўракамісіі, падчас сустрэч з беларускім бокам зімой гэтага году пры падрыхтоўцы да пачатку перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі пытанне пра адмену віз для беларускіх дыпламатаў і членаў афіцыйных дэлегацый не ўзнімалася. Аднак падчас першага раўнда перамоў, які адбыўся ў Мінску 12 чэрвеня, сярод прапаноў, унесеных беларускім бокам, была і адмена віз для ўладальнікаў дыппашпартоў.
Праблема заключаецца ў тым, падкрэсліла крыніца, што цяперашні мандат на правядзенне перамоў з Беларуссю па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, выдадзены Еўракамісіі ў 2011 годзе, не прадугледжвае магчымасць абмеркавання пытання пра адмену віз для дыпламатаў. Для правядзення перамоў па гэтым пытанні неабходна атрымаць яшчэ адзін мандат, які выдае Рада ЕС.
Крыніца выказала сумненне ў тым, што такі мандат будзе выдадзены, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі не зменіцца і калі афіцыйны Мінск «не зробіць якіх-небудзь пазітыўных захадаў».
У той жа час яна адзначыла, што на перамовах на мінулым тыдні беларускі бок выразна даў зразумець, што вельмі зацікаўлены ў станоўчым вырашэнні пытання наконт адмены віз для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў.
Паводле слоў крыніцы, у ЕС не выключаюць, што ў выпадку адмовы Беларусь можа адмовіцца ад перамоў у цэлым. Афіцыйны Мінск можа такім чынам «адыграцца на простых грамадзянах». «Кітай таксама выкарыстоўвае такую тактыку», — дадаў суразмоўца.
Раней іншая крыніца ў ЕС паведаміла, што адным з пазітыўных захадаў магло б стаць вызваленне беларускіх палітзняволеных.
Пытанне адмены візаў для ўладальнікаў службовых пашпартоў (якія маюць каля 120 тыс. расійскіх дзяржслужбоўцаў) у 2012 годзе, паводле меркаванні адмыслоўцаў, завяла аналагічныя перамовы ЕС-Расія ў тупік. Цяпер ЕС у сувязі з агрэсіяй Расіі ў Крыму цалкам адмовіўся ад перамоваў з ёй.
Аднак адмена візаў для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў (доступ да якіх маюць абмежаваныя колы службоўцаў, якія выкарыстоўваюць іх для службовых вандровак) — тыповая практыка для спрошчанага візавага рэжыму.
Да прыкладу, пагадненні паміж краінамі ЕС і іншымі краінамі Усходняга партнёрства, уключаюць дазвол на перасячэнне мяжы ЕС грамадзянамі з дыпламатычнымі пашпартамі. Такім чынам, украінскія, азербайджанскія ці расійскія чыноўнікі з дыппашпартамі ўжо даўна ездзяць у ЕС без візаў.
Але ёсць і пазітыўныя навіны. Паводле інфармацыі крыніцы TUT.by у Еўрапейскай камісіі, падчас дыялогу беларускі бок таксама прапанаваў спрасціць ўезд для студэнтаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і журналіста, кіроўцаў-міжнароднікаў.
Перад пачаткам чэрвеньскага раўнда перамоваў міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што беларускі бок выразна даў зразумець ЕС, што не пацерпіць адступлення ад аналагічных пагадненняў ЕС з іншымі краінамі.
«Мы не дапусцім у гэтым плане ніякай дыскрымінацыі і маем намер весці перамовы толькі на раўнапраўнай, узаемавыгаднай аснове», — падкрэсліў тады кіраўнік МЗС.
Наступны раўнд перамоваў паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца толькі ў кастрычніку.