Skip to main content
Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў
студ 14

Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў

Старшыня Памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў патлумачыў, чаму Беларусь дагэтуль не адкрыла малы памежны рух (МПР) з Літвой і Польшчай і калі гэтага можна чакаць.

Даведка: малы памежны рух — магчымасць бязвізавага перамяшчэння праз мяжу і пражывання ў памежнай зоне. МПР прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэння мяжы для жыхароў памежнай зоны, якая распаўсюджваецца на 30-50 км ад мяжы. Для наведвання суседняй краіны замест візы консульствы выдаюць спецыяльныя пасведчанні на 1 год цаной 20 еўра. Па такім дазволе магчыма наведваць толькі 30-50-кіламетровую зону суседняй краіны, не далей за яе.

Пагадненне аб малым памежным руху было падпісанае з Польшчай у 2010 годзе, з Літвой — у 2011 годзе. Нашы суседзі гатовыя да запуску МПР, Беларусь пакуль дакумент не ратыфікуе. З Латвіяй рух працуе ўжо 3 гады. З беларускага боку пад дзеянне МПР трапілі Браслаў, Мёры, з латвійскага — Дзвінск (Даўгаўпілс). За 2014 год беларусы атрымалі больш за 1260 дазволаў. З латвійскага боку магчымасць спрошчанага перасячэння мяжы карыстаецца большай папулярнасцю.

Паводле слоў Мальцава, пад дзеянне МПР трапляе больш за 3 мільёны жыхароў Беларусі, Літвы і Польшчы. З іх 600 тысяч беларусаў — на літоўскім кірунку, 1,1 мільёна — на польскім. Для параўнання: у Польшчы рухам могуць скарыстацца 600 тысяч чалавек, у Літве — 800 тысяч. І калі толькі дзясятая іх частка будзе перасякаць мяжу адзін раз на месяц, нагрузка на пункты пропуску павялічыцца на 30%. А па некаторых ацэнках — на 70%.

Для такой нагрузкі неабходна адаптаваць інфраструктуру, мяркуе Мальцаў. Напрыклад, на мяжы з Літвой і Польшчай працуе 26 памежных пераходаў. Але з іх толькі 24 пасуюць для МПР. Ды і іх фактычная прапускная здольнасць моцна перавышае праектную.

Рэканструкцыя памежных пераходаў і стварэнне патрэбнай інфраструктуры для паўнавартаснага малога памежнага руху патрабуе каля 1 трыльёна рублёў. А тэрмін іх асваення складае не менш за 2 гады.

Акрамя гэтага спатрэбіцца павелічэнне штата памежнікаў і мытнікаў. Толькі памежнікам спатрэбіцца яшчэ 300 супрацоўнікаў.

Леанід Мальцаў дадае, што МПР на мяжы з Латвіяй, які дзейнічае з 2012 года, было арганізаваць значна прасцей. На гэтых тэрыторыях жыве значна меней людзей. Напрыклад, беларускі бок тут у 16 разоў менш населены, чым на польскім памежжы, і ў 9 разоў менш, чым на літоўскім. А актыўнасць руху там значна ніжэйшая, цытуе словы старшыні Памежнага камітэта «СБ. Беларусь сегодня».

Палітолаг Андрэй Елісееў адзначае, што аргумент пра недасканалую інфраструктуру вельмі дзіўны.

«Пяць гадоў таму, калі падпісвалася гэтае пагадненне з Літвой і Польшчай, беларускі бок ведаў, на што ішоў. То бок калі не было імкнення дапрацаваць памежную інфраструктуру ці намеру знайсці патрэбныя грошы на гэта, навошта гэтыя пагадненні заключаліся?» — цікавіцца палітолаг.

Больш за тое, у 2011 годзе беларускія чыноўнікі заяўлялі, што збіраюцца запусціць МПР з Літвой і Польшчай пасля таго, як «абкатаюць» гэтае пагадненне з Латвіяй. Але на дадзены момант з Латвіяй такі рэжым дзейнічае ўжо больш за тры гады.

Асцярогі, што вялікая колькасць людзей адразу пачне перасякаць мяжу, не вельмі апраўданыя, мяркуе Андрэй Елісееў.

«Далёка не кожны чалавек, які жыве ў памежжы, будзе мець права на спецыяльны пропуск. Бо трэба ж будзе сабраць пэўныя дакументы, даказаць патрэбу ў перамяшчэнні праз мяжу».

Колькасць выдадзеных пропускаў магла б рэгулявацца консульствамі ў залежнасці ад штату і гатоўнасці інфраструктуры.

Палітолаг дадае, што Еўрапейскі саюз выдае шмат грантаў на дапамогу па рэканструкцыі памежнай інфраструктуры. І супрацоўніцтва па пераходах не прыпынялася нават у 2011 і 2012 гадах, калі адносіны паміж Беларуссю і ЕС пагаршаліся.

Па матэрыялах Еўрарадыё