Skip to main content
Эстонская амбасада выдала беларусам на 40% больш віз
сак 25

Эстонская амбасада выдала беларусам на 40% больш віз

Амбасадар Эстоніі Яак Ленсмент адзначыў, што ў 2013 годзе яго работнікамі было выдадзена на 40 адсоткаў віз больш, чым годам раней.

Пра гэта ён заявіў на турыстычнай прэзентацыі, якая праходзіць у Менску ўжо другі год запар.

У Менску другі раз прайшла прэзентацыя прадстаўнікоў турбізнесу Эстоніі і Фінляндыі. Аб’яднанне ў рамках аднаго мерапрыемства дзвюх краін арганізатары ў асобе консула эстонскай амбасады патлумачылі распаўсюджанасцю камбінаваных турыстычных праграм, чаму спрыяе невялікая адлегласць паміж Талінам і Хельсінкі (80 км). Як і ў мінулым годзе яе адкрыў амбасадар Эстоніі ў Беларусі Яак Ленсмент. Дыпламат адзначыў, што ўзаемны турпаток за апошні год рэзка ўзрос, у тым ліку, дзякуючы леташняй прэзентацыі. «У 2013 годзе беларусы атрымалі 38 тысяч эстонскіх віз, што на 40% больш, чым годам раней, — адзначыў дыпламат. — Таксама вырасла колькасць эстонскіх грамадзян, якія наведалі Беларусь».

«Акрамя павелічэння попыту адпачынку ў Эстоніі сярод беларусаў я адзначу рост зацікаўленасці да рэгіёнаў, — працягнуў амбасадар. — Становяцца папулярнымі паездкі ў летнюю сталіцу Эстоніі Пярну і ўніверсітэцкі горад Тарту, чые муніцыпальныя ўлады надаюць значную ўвагу развіццю турызму. Пачынаючы з мінулага сезона Эстонію стала наведваць значна больш навучальных і карпаратыўных груп з Беларусі. Мы стараемся разглядаць кожны такі тур асобна з пункту гледжання магчымасці выдачы бясплатных віз».

Эстонія надае вялікую ўвагу развіццю турызму. Прадстаўнік Асацыяцыі турыстычных агенцтваў Эстоніі, якая выступіла на менскай прэзентацыі, Крыстэн Лахтэйн адзначыла, што ў 2013 годзе порт Таліна прыняў 9 млн пасажыраў, а аэрапорт — 2 млн. Яна адзначыла, што большая частка замежных турыстаў прыязджае ў Эстонію з суседніх краін — Расеі, Фінляндыі і Латвіі. «Турысты з гэтых краін традыцыйныя на нашым рынку, — падкрэсліла Крыстэн. — Але ў хуткім часе іх могуць пацясніць госці з краін Азіі. У 2013 годзе рост колькасці азіяцкіх турыстаў склаў беспрэцэдэнтныя 200 адсоткаў».

Фінскі бок прадставіў кіраўнік прадстаўніцтва Фінляндыі ў Менску Лаўры Пулола. Ён паскардзіўся на нізкі турпаток у Фінляндыю з Эстоніі, але адзначыў, што ў бліжэйшыя гады чакае рэзкае змяненне сітуацыі. Паводле яго слоў, гэтаму можа спрыяць блізкая адлегласць, наяўнасць прамога авія-паведамлення і актывізацыя турыстычных колаў Фінляндыі па папулярызацыі свайго напрамку сярод беларусаў.

«Ежедневник»