У Брусэлі пакладзены пачатак перамовам паміж Беларусьсю і Эўрапейскай камісіяй па пагадненьнях аб спрашчэньні візавых працэдур і аб рэадмісіі.
Гэта было цэнтральным элемэнтам візыту ў Брусэль намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
«На сустрэчы з гендырэктарам дэпартамэнта ўнутраных спраў Эўрапейскай камісіі Стэфанам Мансэрвізі былі ўзгоднены мадальнасьці перамоваў, наступны раунд якіх адбудзецца сёлета ў сакавіку ў Менску», — паведамляе беларускі бок.
Таксама падчас візыту абмеркаваны пэрспэктывы беларуска-эўрапейскага дыялёгу і практычнага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і ЭЗ.
Яшчэ ў 2011 годзе Эўразьвяз накіраваў беларускім уладам запрашэньне пачаць перамовы, каб спрасьціць візавы рэжым. Аднак афіцыйны Менск маўчаў.
І толькі ў лістападзе мінулага году на прэс-канфэрэнцыі падчас Віленскага саміту міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што Беларусь гатовая пачаць перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ. 15 студзеня 2014 году Беларусь афіцыйна прыняла запрашэньне ЭЗ распачаць перамовы пра візы.
Радыё Свабода