У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!

Навіны

Еўрапейская камісія спадзяецца неадкладна пачаць перамовы з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і паведамляе аб павелічэнні долі шэнгенскіх візаў, выдадзеных беларусам бясплатна.

Еўрапейскі саюз спадзяецца ў бліжэйшым часам дасягнуць пашырэння магчымасцяў для кантактаў паміж людзьмі праз падпісанне Дамовы аб візавай фасілітацыі і Дамовы аб рэадмісіі з Беларуссю. Такую заяву ўтрымлівае адказ кіраўніка візавага аддзелу Генеральнага дырэктарату ўнутраных справаў Еўрапейскай камісіі Яна дэ Чэстэра (Jan DE CEUSTER) на зварот беларускіх грамадскіх арганізацый з заклікам палегчыць візавы рэжым з Беларуссю. Зварот ад імя грамадскай кааліцыі «У Беларусь і Еўропу -БЕЗ ВІЗЫ!» быў накіраваны ў Еўрапейскую камісію напярэдадні Саміту Усходняга партнёрства ў Вільні ў лістападзе 2013 году.

Сярод іншага НДА заклікалі ЕС выдаваць беларусам болей шматразовых візаў, а таксама зменшыць ці цалкам скасаваць плату за візы. У адказе кіраўніка візавага аддзелу Генеральнага дырэктарату ўнутраных справаў гаворыцца аб падтрымцы звароту.

«Еўрапейская камісія надае вялікую ўвагу таму, каб беларускія грамадзяне маглі карыстацца выгодамі спрошчаных працэдураў атрымання шэнгенскіх візаў у межах Візавага кодэксу. Гэта ўлучае магчымасць змяншэння платы за візы для некаторых катэгорый грамадзян», — гаворыцца ў лісце спадара дэ Чэстэра.

Паводле інфармацыі Еўракамісіі, 47% візаў, выдадзеных беларусам, былі шматразовымі. А ў 2013 годзе 31,1% усіх візаў, выдадзеных беларускім грамадзянам, былі бясплатнымі. Гэта амаль на 2% вышэй, чым у 2012 годзе.

Спадар дэ Чэстэр паведаміў, што 15 студзеня 2014 году Беларусь афіцыйна адказала на запрашэнне пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС. Дамовы, падпісаныя ў выніку гэтых перамоваў, могуць утрымліваць змяншэнне кошту візаў для ўсіх беларусаў і адмену платы за іх атрыманне для некаторых катэгорый грамадзян. Акрамя гэтага працэдуры атрымання кароткатэрміновых візаў будуць спрошчаныя, час іх выдачы будзе зменшаны да 10 дзён, а крытэры, паводле якіх будуць выдавацца шматразовыя візы дзеяннем болей за год, будуць дакладна вызначаныя.

Еўрапейская камісія паабяцала пачаць перамовы з Беларуссю без затрымак.

Кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» вітае крокі Еўрапейскай камісіі і беларускага ўраду да абмеркавання магчымасці змякчэння візавага рэжыму паміж бакамі.

© 2014 | Без візы!. Усе правы абароненыя.
vision by juodikis | formed in {codelab}