У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!

Навіны

16–18 чэрвеня ў Вільні ў другі раз прайшоў беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно і відэа toKino. Сёлета фестываль сабраў болей за 30 удзельнікаў з Літвы і Беларусі. У адной з секцый фестывалю перамог кароткі фільм беларуса Паўла Грыбоўскага «Ежа ці віза». Сёння пры ўпершыню прэзентуем ягоную працу.

Фільм «Ежа ці віза» (2013, Беларусь) падрыхтаваны ў межах серыі кароткі фільмаў пра танныя вандроўкі. Іншыя эпізоды серыі Паўла можна пабачыць на канале кампаніі «Без візы».

Агулам у чатырох секцыях конкурснай toKino праграмы былі прадстаўлены 22 фільмы, прысвечаныя грамадзянскаму, палітычнаму і мастацкаму актывізму, правам чалавека, пытанням сацыяльнай мабільнасці і інтэграванасці людзей з інваліднасцю, а таксама ўсебаковаму даследаванню навакольнага свету пры дапамозе кінаінструментаў.

Фестываль арганізаваны праектам LitPro, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў партнёрстве з Беларускім домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава і арганізацыяй Belarus Watch.

Пераможцамі фестываля «toKino 2014» сталі:

  • Секцыя «Кіно без візы» — фільм «Ежа ці віза» (Павел Грыбоўскі, 2013, Беларусь).
  • Гульнявыя фільмы — фільм «Ты — пачвара» (Зміцер Белінскі, 2014, Беларусь).
  • Эксперыментальныя фільмы — фільм «Вяртанне» (Сяргей Канаплянік, 2013, Беларусь).
  • Дакументальныя фільмы — фільм «Hope» (Дзяніс Дзюба, Беларусь, Куба Стэнжыцкі, Польша, 2012).
  • Секцыя «Права гаварыць» — фільм «Women’s riot» (Валеры Рабаў, Яўген Герасіменка, Таццяна Акуневіч, Беларусь, 2014).
  • Асобнай увагай журы былі адзначаныя фільмы «Акіян Беларусі» (Антон Мазейка, Беларусь, 2013) і «Куды паехаў Кінабалаган» (Васіль Цыбулька, 2014, Беларусь).

Конкурсныя работы ацэньвала міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эксперты з Літвы, Беларусі і Францыі: пісьменнік, рэжысёр Ален Флэшэр (Францыя), кінатэарэтык Альміра Усманава (Беларусь/Літва), кінатэарэтык Наталія Арлаўскайтэ (Літва), кінааналітык, культуролаг, журналіст Максім Жбанкоў (Беларусь), рэжысёр Яўген Цымбал (Расія), дырэктар кінафестываля «Nepatogus Kinas» Гедымінас Андрукайціс (Літва).

Цырымонія закрыцця фестывалю з уручэннем прызоў і паказам фільмаў-пераможцаў адбылася ў кінацэнтры «Скальвія» і сабрала цэлую залю кінааматараў з Літвы і Беларусі.

Гасцямі «toKino 2014» сталі французскі пісьменнік, мастак, фатограф, кінарэжысёр Ален Флэшэр, расейскі рэжысёр Яўген Цымбал, культуролаг, канітэарэтык Альміра Усманава, кінааналітык, журналіст Максім Жбанкоў, літоўскія рэжысёры Гедрэ Бейнарутэ і Артурас Букаўскас.

У межах фестывалю ў кінацэнтры «Скальвія» прайшлі спецыяльныя паказы дакументальных фільмаў «Юргіс Балтрушайціс: апошні рыцар Срэбранага веку» (Яўген Цымбал, Расія, 2012) і «Размовы на сур’ёзныя тэмы» (Гедрэ Бейнарутэ, Літва, 2012). У заключны дзень фестывалю адбыўся прагляд незалежнага аргентынскага фільма «Антэна» з жывым музычным суправаджэннем ад беларускага электроннага музыканта Pavel Ambiont.

«У адрозненне ад многіх іншых падобных праектаў, усе нашы фестывалі (пачынаючы з PreView, які адбываўся ў 2008 годзе) заўсёды прадугледжваюць адукацыйную праграму — майстар-класы, лекцыі, воркшопы, — адзначыла куратарка фестываля, кінатэарытык, кіраўніца Дэпартамента медыя ЕГУ Альміра Усманава. — Мы мяркуем, што магчымасць атрымання ведаў з „першых рук“ ад знакамітых рэжысёраў і камунікацыя з прафесійнымі кінакрытыкамі і даследчыкамі кіно дазваляе хаця б часткова кампенсаваць недахоп ведаў і досведу, якія так патрэбныя маладым рэжысёрам (асабліва беларускім)».

У межах майстар-класу французскага рэжысёра — заснавальніка Нацыянальнай Студыі сучасных мастацтваў Ле Фрэнуа (Le Fresnoy) у Францыі — адбыўся прагляд і супольнае абмеркаванне студэнцкіх прац выпускнікоў студыі. Акрамя гэтага, падчас фестывалю ўдзельнікі наведалі двухдзённы практычны воркшоп літоўскага рэжысёра Артураса Букаўскаса на тэму «Сляпое кіно, кіно навобмацак, інтуітыўнае кіно», дзе ўсе разам паспрабавалі вызваліцца ад кіна-шаблонаў і знайсці канструкцыі індывідуальнага візуальнага мыслення, атрымаць досвед візуальнага самавыяўлення, не заснаванага на бачанні.

Фільм «Ежа ці віза» (2013, Беларусь)

Глядзець іншыя відэа з серыі Вандруем танна з «Без візы!»