Каханне і падарожжы, як ні круці, рэчы неадрыўна звязаныя: каханне можа натхніць нас на неверагодныя вандроўкі, і наадварот, у падарожжы, ў далечыні ад дома, можна нечакана сустрэць чалавека, якога заўсёды шукаў. Гісторыі бываюць розныя, але яны бавязкова напоўненыя прыгодамі, пошукам сэнсу і сапраўдным жыццём. Таму, каб было больш прыемна і цікава вабіць вечар Дня ўсіх закаханых, прапануем вам невялічкую падборку фільмаў, дзе ёсць і каханне, і падарожжы, і іх дзіўныя перапляценні.
1. «Вікі Крысціна Барселона» / «Vicky Cristina Barcelona»
Здаецца, толькі Вудзі Ален здольны змясціць такую колькасць падзей у адзін фільм, каб ён пры гэтым заставаўся лёгкім і поўным сэнсу.
Амерыканкі Вікі і Крысціна адпраўляюцца на вакацыі ў Барселону, дзе сустракаюць маладога мастака Антоніа. Клубок падзей вакол іх адносінаў заблытваецца, яшчэ больш перчыку ў гэта дадае былая жонка Антоніа, і ўсё гэта на фоне цудоўных краявідаў сталіцы Каталоніі!
Фільм глядзіцца на адным дыханні, а пасля прагляду хочацца сабраць валізку і паехаць у Барселону, каб адчуць яе вольную, поўную рамантыкі, атмасферу. Раім вам так і зрабіць.
2. «На дарозе» / «On the road»
Мяркуючы на пазве, фільм абяцае быць напоўненым падарожжамі, і гэта сапраўды так. Вельмі прываблівае тое, што стужка знятая па культавай кнізе Джэка Керуака «У дарозе», а акторы фільма, каб цалкам прасякнуцца яго атмасферай, тры тыдні жылі ў «лагеры бітнікаў».
Дзеянне адбываецца ў 1940 — 50-х. Малады пісьменнік Сэл троху заблытаўся ў сабе. Шукаць свой шлях яму дапамагае новы знаёмца Дзін, які зачароўвае Сэла з першых хвілін. Сябры адпраўляюцца ў вялікае падарожжа праз усю Амерыку ў пошуках свабоды, сэнсу і прыгод. Аўтаспын, дарога, блюз, сэкс, вольнае паветра і добрая аператарская праца — вось чаго ўдосталь ёсць у гэтым фільме.
Асцярожна, стужка натхняе на бязглуздыя аўтаспынныя вандроўкі!
3. «Арызонская мара» / «Arizona Dream»
Рэжысура Кустурыцы — гэта заўсёды прывабна. Рэжысура Кустурыцы і музыка Брэгавіча — прывабна ўдвая больш.
Дзядзька Леа зацягнуў свайго пляменніка, летуценніка Аксэля, да сябе ў Арызону. Але гэта не адзінае падарожжа ў фільме, шмат вандровак адбываецца ў марах герояў. Дзядзька марыць, што пляменнік будзе прадаваць ягоныя кадылакі, Аксэль марыць пра Аляску і эскімосаў, каханка Аксэля, Элен, марыць пабудаваць самалёт і паляцець у Папуа-Новую Гвінею, а яе падчарка Грэйс хоча пераўтварыцца ў чарапаху.
Нешаблонны, выключна «кустурыеўскі» фільм з нечаканым развіццём падзей і сакавітымі характарамі — тое, што вам трэба ў гэты вечар.
4. «Сцежкі» / «Tracks»
У гэтым фільме загадкавая Аўстралія і загадкавая сутнасць жанчыны паўстаюць перад намі ва ўсёй сваёй прыгажосці.
Маладая дзяўчына Робін вырашае пешкі перасекчы ўсю Аўстралію, з мэтай адчуць, што значыць рэальнае жыццё. Дапамагаюць ёй у гэтай вандроўцы чатыры вярблюды, сабака, і фатограф з «National Geographic», які перыядычна наведвае Робін, каб рабіць пра яе рэпартажы. За час падарожжа дзяўчына паспела ўсё: змагацца са шматлікімі небяспекамі, нарэшце закахацца ў фатографа, а таксама шмат чаго зразумець пра сябе і свет навокал.
Гэтая стужка добра падыходзіць для дзяўчын, якія плануюць самастойнае падарожжа. Таму будзьце ўважлівыя, мужчыны, заўтра вашая жанчына можа быць ужо на іншым канцы краіны, а то і далей.
5. «Закахацца да смерці» («Небяспечная ілюзія») / «The Necessary Death of Charlie Countryman»
Наркатычныя трыпы усё-ткі натхняюць на падарожжы. Гэта кажам не мы, а галоўны герой фільма Чарлі.
Амерыканец Чарлі, па наказе сваёй памерлай маці, якую ён пабачыў падчас чарговага наркатычнага прыходу, адпраўляецца ў таямнічую Румынію ў горад Бухарэст. Там ён і знаходзіць сваё каханне, а разам з ім купу праблем з гарадскімі крымінальнымі аўтарытэтамі. Хлопец змагаецца да канца і часта рызыкуе жыццём, таму ўзровень рамантычнасці фільма зашкальвае.
Як высветлілася ў канцы, маці Чарлі ўсё-ткі мела на ўвазе не Бухарэст, а Будапешт. А мы ў сваю чаргу настойліва рэкамендуем вам з’ездзіць у абодва гэтыя гарады, каб ніколі іх не блытаць
Прыемнага вам прагляду.
Кахайце без межаў і падарожнічайце без віз!
Матэрыял кампаніі “У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!”