У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!

Навіны

Так выглядае ілюстрацыя на першай старонцы выданьня «Голас памежжа»

Заснавальнік і выдавец новага выданьня «Голас памежжа» — Цэнтар грамадзкіх ініцыятыў «Рада народных дэпутатаў». Газэта выходзіць на 12 палосах фарматам А4. Першы нумар амаль цалкам прысьвечаны малому памежнаму руху паміж Беларусьсю, з аднаго боку, і Польшчай ды Літвой з другога. Гатоўнасьць дазволіць такі рух беларускія ўлады прадэкляравалі некалькі гадоў таму, але з розных прычынаў гэтую справу так да канца і не давялi.

Аўтары артыкулаў тлумачаць чытачам выгоды, якія маглі б мець грамадзяне як Беларусі, так і Польшчы ды Літвы, калі б малы памежны рух дзейнічаў. У адным з артыкулаў падрабязна распавядаецца, што такое малы памежны рух і на каго ён разьлічаны.

У газэце таксама ўздымаюцца і іншыя праблемныя тэмы.

У адным з артыкулаў распавядаецца, як улады прымушаюць сялян на Гарадзеншчыне пазбаўляцца сьвіней у сувязі з афрыканскай чумой. Яшчэ адна тэма выданьня — праблемы беларускіх таксістаў, якія зьбіраюць подпісы супраць абмежаваньня тэрміну эксплюатацыі таксовак і вызначэньня габарытаў транспартнага сродку, які можа выкарыстоўвацца ў якасьці таксі.

Галоўным рэдактарам пазначаны Яська, гаспадар з-пад Горадні.

Радыё Свабода