Грамадская кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» (скарочана «Без візы») была распачатая ў 2011 г. Кампанія «Без візы» імкнецца прасоўваць ідэю адмены візаў паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. На наш погляд, візавы рэжым ёсць інструментам, які кепска зарэкамендаваў сябе ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а вось роднасныя, эканамічныя, культурныя і іншыя кантакты абмяжоўвае вельмі паспяхова.
Мы верым, што рана ці позна кожны беларус атрымае магчымасць бесперашкодна перасякаць мяжу дзеля паездак у суседнія еўрапейскія краіны. Мы лічым, што людская мабільнасць і адкрытасць дзяржавы спрыяе развіццю грамадства, распаўсюду еўрапейскіх каштоўнасцяў і практыкаў, што ўрэшце рэшт паляпшае жыццё кожнага.
У сакавіку 2013 г. да кампаніі далучыўся шэраг беларускіх арганізацый і даследчых інстытутаў, якія ўтварылі аднайменную кааліцыю. Кааліцыя была падтрыманая таксама партнёрамі з краін Еўрапейскага Саюзу. Кааліцыя мае адкрыты характар. Да яе могуць далучацца іншыя прадстаўнікі грамадскага сектару, як арганізацыі, гэтак і асобныя чальцы супольнасці.
Падрабязней пра дзейнасць кампаніі можна прачытаць ніжэй або у раздзеле Наша дзейнасць.