Чулі пра такую ўстанову «Універсітэт Трэцяга ўзросту»? Менавіта тут пенсіянераў вучаць ангельскай мове, валоданню кампутарам ды краязнаўству. Вось на адзін з заняткаў нашым валанцёрам пашанцавала трапіць і прачытаць невялічкую лекцыю на тэму віз. Адбылося мерапрыемства 27 кастрычніка.
За гадзіну дваццаць зрабілі даволі шмат: прэзентавалі кампанію «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ», паразважалі пра візавую сітуацыю ў Беларусі і магчымыя ў ёй змены, троху паразмаўлялі пра малы памежны рух і, безумоўна, памарылі пра новыя падарожжы. Слухачам занятак вельмі спадабаўся, і яны папрасілі арганізаваць яшчэ адну лекцыю на тэму бюджэтных падарожжаў. Хіба ім можна адмовіць? Наступная сустрэча плануецца на сярэдзіну лістапада.
Дарэчы, лектары таксама засталіся ў захапленні. Даўно ім не даводзілася сутыкацца з такой цікаўнай, уважлівай, а голоўнае, дзейснай аўдыторыяй: некаторыя студэнты акурат пасля лекцыі выказалі жаданне дапамагчы кампаніі. Не дзіва, калі хутка ў шэрагах бязвізавых валанцёраў з’явяцца дзейсныя і маладыя душой бабулі ды дзядулі.
Далучайцеся і вы да нас!
Тэкст: Настасся Шыркіна
Фота: Руслан Сярмяжка