Як вандраваць па Еўропе танна? Топ-10 парадаў ад кампаніі «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!»
Пабачыць іншыя краіны і адкрыць для сябе цуды падарожжаў сёння даволі проста. Існуе столькі магчымасцяў, каб пазнаёміцца з іншымі культурамі, сустрэць новых і цікавых людзей, пабачыць прыгожыя месцы гэтай планеты і набыць неверагодныя ўражанні. І галоўнае, для гэтага не патрэбна шмат грошай. Наступныя парады дапамогуць вам не толькі зразумець, што на падарожжа вашай мары не трэба збіраць сродкі дзесяцігоддзямі, але і падкажуць, як спланаваць яго так, каб засталіся толькі добрыя ўспаміны.
1. Самастойнае планаванне
Каб з’эканоміць на вандроўцы, неабавязкова звяртацца да тураперата. Не бойцеся планаваць падарожжа самастойна: гэта не так складана і дужа цікава! Па-першае, вас чакае эксклюзіўны маршрут: смела выбірайце не толькі папулярныя месцы, але і нетурыстычныя куточкі. Вас ніхто не будзе абмяжоўваць па часе і прывязваць да групы, таму вы пабачыце ўсё, што толькі самі пажадаеце. Па-другое, самастойнае планаванне абыходзіцца як мінімум ў 2 разы танней.
Якія асноўныя крокі трэба зрабіць, каб самастояна спланаваць падарожжа?
- Скласці маршрут.
- Набыць квіткі.
- Забраніраваць жыллё.
- Атрымаць візу.
- Прадумаць забаўляльна-пазнавальную праграму.
Падрабязней кожны пункт будзе разгледжаны ніжэй.
Трэба мець на ўвазе і тое, што самастойна спланаваць падарожжа вам дапамогуць еўрапейскія сайты, арыентаваныя на падарожнікаў, напрыклад:
- Францыя: www.ru.franceguide.com
- Чэхія: www.czechtourism.com/Homepage.aspx
- Іспанія: www.spain.info
- Італія: www.italy.ru
- Аўстрыя: www.austria.info/ru_b2b
- Данія: www.visitdenmark.ru/ru/denmark/tourist-frontpage-russia
А таксама карысныя будуць і беларускія рэсурсы:
- Vandrouka.by
- Openeurope.by
- Eurotrip.by.
Але гэтая парада не заўсёды падыдзе тым, хто шукае адпачынак на пляжы. У гэтым выпадку, лепш пашукаць добрага тураператара.
2. Добра вывучыце месца, куды збіраецеся
Перад тым, як сабрацца ў дарогу, неабходна добра падрыхтавацца. Пашукайце на форумах ці спытайце ў знаёмых, хто ўжо наведаў гэтае месца, што трэба пабачыць, куды лепей ісці, дзе можна знайсці таннае жытло, дзе лепей мяняць грошы і іншыя дробязі. Гэта дапаможа вам спланаваць падарожжа і добра арыентавацца падчас вандроўкі, у тым ліку ў незапланаваных сітуацыях. Памятайце, што ў Інтэрнэце хапае рэсурсаў для вандроўцаў, а таксама гайдаў па розным куткам свету.
- Парады і адказы на пытанні ад падарожнікаў, цікавыя экскурсіі: www.tripster.ru.
- Дужа файныя мапы (free). Змястоўна і з гумарам ад мясцовых і пра мясцовых: www.use-it.travel.
- Правільна карыстайцеся гуглом: запыты кшталту «Berlinforfree» пазнаёмяць вас з вялікай колькасцю крутых, а самае галоўнае, бясплатных мерапрыеімсваў, месцаў, падзей.
- Freewalkingtours — гэта ваш шанец трапіць на цікавую экскурсію па горадзе, пазнаёміцца з добрымі рыбятамі і захаваць троху грошай. Збіраецеся ў падарожжа —не паляніцеся забіць у пашукавік «freewalkingtour» + запланаваны горад.
- Колькі каштуе малако і яйкі ў горадзе, куды вы збіраецеся? Якую сумму вылучыць на білецік у аўтобусе? www.numbeo.com дапаможы вам фінансава зарыентавацца на мясцовасці.
- www.travelyourway.com.ua — тут можна знайсці шмат карыснай інфы для самастойнага падарожжа па Еўропе: паркоўкі і арэнда аўто, календар святаў і фэстаў, гатовыя ідэі вандровак і г.д.
- Каб параіцца з «бывалымі», заходзьце сюды www.gogobot.com/tribes (шмат суполак па цікавасцях — і гэта крута!).
3. Браніраванне жылля
Аб месцы, дзе жыць, варта паклапаціцца заранёў. Лепш браніраваць гатэлі на спецыялізаваных сайтах. Так вы не застанецеся без даху над галавой у незнаёмым горадзе і зможаце жыць ў гатэлі з задавальняючымі вас коштамі і ўмовамі. Вось некаторыя сайты:
- www.airbnb.com (Зняць пакой/кватэру/месца ў покоі. Зручна і недорага. Па ўражаннях, як каўчсёрфінг за грошы)
- www.tripadvisor.com
- www.booking.com
- www.hoteleine.com
- www.hotelguide.com
- www.getaroom.com
- www.morehotels4less.com
- www.hotelscombined.com (параўноўваем кошты на жыллё)
Часам, для тых, хто замаўляе нумар загадзя, гатэлі прапаноўваюць зніжку (10–15%). Акрамя таго, праверце, ці няма спецыяльных прапановаў на ваш гатэль ад авіякампаніі, якой вы паляціце, пашукайце прамацыйныя коды на зніжку для сайта. Звярніце ўвагу на ўмовы адмены броні, ці няма дадатковых збораў/налогаў, якія не ўваходзяць у кошт.
Памятайце: браніраванне гатэля — гэта не толькі ўпэўненасць у тым, што вам будзе дзе жыць, але і, вельмі часта, патрэбная «паперка» для атрымання візы.
Яшчэ некалькі словаў пра Airbnb
Кошты: часцей за ўсё прапановы больш выгадныя, чым у гатэлі ці хостэле. Шмат акцый і купонаў, якія робяць табе пражыванне за «смешныя» грошы.
Хатняя ўтульнасць. Магчымасць пазнаёміцца з краінай «знутры».
Знаёмства: для большасці гаспадароў платформа — гэта не толькі спосаб заробку, але магчымасць знайсці новых сяброў. Ды калі вам патрэбная прыватнасць, ніхто кранаць вас не будзе.
Інфармаванасць: вы загадзя знаёміцеся з гаспадаром, які удакладняе ўсе дэталі арэнды, можа дапамагчы скласці маршрут.
Бяспека: на Airbnb працуе сістэма водгукаў. Яны дапамогуць лёгка зарыентавацца ў выбары жылля.
Airbnb падобны да каўчсёрфінга за грошы. Файная штука, карацей!
4. Хостэлы
Значна з’эканоміць на жыллі можна, калі спыніцца ў хостэле. У ЕС шмат хостэлаў, дзе ноч каштуе ўсяго 10–15 еўра. Але месца ў хостэле таксама лепш браніраваць загадзя. Гэта можна зрабіць на сайце кшталту www.hostels.com.
Варта добра азнаёміцца з ўмовамі, што прапануе хостэл. Часам, танныя пакоі здаюцца на 15–20 чалавек.
5. Бясплатнае жыллё
Яшчэ адзін варыянт жылля для падарожнікаў, які дазваляе не проста бясплатна правесці некалькі начэй у чужой кватэры, але яшчэ і пазнаёміцца з культурай краіны, паглядзець яе славутыя мясціны і набыць новых сяброў.
Каўчсёрфінг — гэта сусветная суполка, фактычна сацыяльная сетка для вандроўнікаў. З ангельскай мовы назва перакладаецца даслоўна як «свабодныя канапы».
Сістэма каўчсёрфінгу простая: спачатку трэба прайсці рэгістрацыю на сайце, пасля гэтага вам прапануецца прайсці платную верыфікацыю — пацверджанне асобы — гэта для таго, каб пазбегнуць фэйкавых профіляў ды павысіць узровень даверу. Але гэты крок можна і прапусціць. І ўсё! Цяпер, калі вам патрэбна месца ў іншым горадзе, можаце шукаць чалавека, які вам дапаможа. Плата за такое жыллё, як правіла, гэта сувеніры са сваёй краіны і дапамога па гаспадарцы. Яшчэ адзін плюс каўчсёрфінгу ў тым, што многія мясціны, пра якія вам раскажуць і якія пакажуць жыхары горада, недаступныя для іншых турыстаў, бо проста не ўваходзяць у галоўныя турыстычныя маршруты.
Асноўныя правілы для пачынаючых каўчсёрфераў:
1. У сваім профілі змясціце як мага больш інфармацыі і фотаздымкаў з вамі. Так лягчэй увайсці ў давер і зацікавіць патрэбных людзей.
2. Уважліва праглядайце профілі тых, хто просіцца да вас у госці.
3. Будзьце пунктуальнымі і адказнымі. Загадзя прадумайце план падарожжамі, дакладна папярэдзьце чалавека, да якога вы едзеце, пра дату і час вашага прыезду.
4. Прывязіце сувеніры са сваёй краіны ці прыгатуйце нацыянальную ежу.
5. Будзьце прыветлівымі, адкрытымі і талерантнымі.
6. Абавязкова пакіньце водгук на сайце на таго чалавека, у якога вы спыняліся.
6. Танныя авіялініі
Лоўкост-авіякампаніі ці дыскаўнтэры маюць ніжэйшыя кошты на квіткі чым традыцыйныя авіакампаніі. Звычайна зніжкі на пералёты абумоўленыя тым, што лоўкосты ляцяць не з вялікіх аэрапортаў, а з маленькіх аэрадромаў, далёка ад горада, на борце вам не прапануюць абед ці напоі, а таксама абмяжоўваецца колькасць багажу.
Шукаем танныя квіткі тут:
- www.skyscanner.ru
- www.azair.eu (Вы дакладнане не ведаеце калі, прыблізна ведаеце куды і хочаце танна? Вам сюды)
- www.flights.drungli.com (Калі не ведаеце куды, але ведаеце адкуль. Тут можна знайсці самыя танныя варыянты)
- www.whichbudget.com
- www.air-savings.com
- www.cheaptickets.com
- www.epronto.ru/tickets
Трэба зайсці на сайт авіякампаніі, выбіраць патрэбную дату і аэрапорт прызначэння. Калі ёсць квіткі, сістэма адразу паказвае, па якім кошце. Далей запаўняем анкету: прозвішча, імя, адрас звычайны і e-mail, нумар пашпарту і крэдытнай карты. Галоўнае — запоўніць анкету без памылак, інакш рэзервацыя будзе на чужое імя, або авіякампанія не зможа атрымаць аплату з банкаўскага рахунку. Потым па электроннай пошце прыйдзе пацверджанне: тэкст дамовы і код рэгістрацыі рэзервацыі. Па ім вы атрымаеце квіток у аэрапорце, альбо за некалькі дзён да вылету ў вас з’явіцца магчымасць атрымаць пасадачны квіток онлайн.
Найлепш планаваць сваё падарожжа і набываць квіткі за некалькі месяцаў загадзя. Аплачаны квіток нельга ануляваць. Перанесці на іншую дату часцей за ўсё можна, але за дадатковыя грошы. Таму купляйце квіток толькі тады, калі цвёрда ўпэўненыя ў датах, рэйсах і маршрутах.
Найбольш вядомыя і зручныя лоўкосты
- RYANAIR
Найбуйнейшая бюджэтная авіякампанія ў Еўропе. Абслугоўвае 362 кірункі паміж 130 аэрапортамі ў 20 еўрапейскіх краінах і Марока. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Коўня, Вільня.
- WIZZAIR
Вугорская бюджэтная авіякампанія. Абслугоўвае 32 кірункі ў 16 краінах. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Кіеў, Варшава, Рыга, Вільня.
- GERMANWINGS
Бюджэтная дачка Lufthansa. Абслугоўвае больш за 64 кірункі. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Масква, Кракаў.
- AIR BALTIC
Латвійская нацыянальная авіякампанія. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Менск, Вільня, Кіеў, Рыга
- EASYJET
З’яўляецца адной з найбуйнейшых лоўкост-авіякампаніяў Еўропы. Выконвае ўнутраныя і міжнародныя рэйсы па 387 кірунках паміж 104 еўрапейскімі і паўднёвымі аэрапортамі. Найбліжэйшыя аэрапорты — Кракаў, Талін.
- NORWEGIAN
Чацьвертая па велічыні лоўкост-авіякампанія Еўропы. Абслугоўвае 85 кірункаў у 27 краінах. Найбліжэйшыя аэрапорты — Варшава, Вільня.
7. Аўтаспын
Аўтаспын і да сёння застаецца хуткім, цікавым і рамантычным спосабам перамяшчэння. Але, не трэба забываць пра яго небяспечнасць і пэўную долю экстрыму. Каб вандраваць аўтаспынам, таксама добра падрыхтуйцеся. Можна скарыстацца старонкай аднаго аўтаспыншчыка — hitchwiki.org. Там шмат увагі надаецца еўрапейскім дарогам, пазначаным і апісаным пазіцыям на іх і, асабліва важна, — выездам з буйных еўрапейскіх гарадоў. Не забудзьцеся пра мапы і светаадбітнікі.
Калі Вы вандруеце адзін, то заўсёды можна знайсці спутнікаў у сацыяльных сетках, дзе хапае спецыялізаваных суполак. Ці суполка беларускіх стопшчыкаў.
Болей пра аўтаспын: Пачынаем вандраваць аўтаспынам!
8. Як зэканоміць: зніжкі для студэнтаў праз ISIC
Звычайна ў многіх краінах Еўропы дзейнічаюць зніжкі для студэнтаў. Калі вы студэнт, вам дапаможа студэнцкая карта ISIC. ISIC — гэта адзінае прызнанае ў свеце пасведчанне асобы і статусу навучэнца.
Студэнцкія карткі ISIC дазваляюць эканоміць ад 5% да 100% на размяшчэнне ў гатэлях, хостэлах, на авіябілеты і чыгуначныя квіткі, аўтобусныя перавозкі, гарадскі транспарт, наведванне музеяў, тэатраў, кінатэатраў, выстаў, вольны час у клубах, дыскатэках, рэстаранах, кафэ, атрымаць зніжкі на пакупкі ў крамах і іншыя паслугі. Больш за 40 000 зніжак па ўсім свеце! Ёсць таксама міжнародная бясплатная экстраная тэлефонная інфармацыйная служба «ISIC Help Line», куды можна звярнуцца ў выпадку ўзнікнення юрыдычных, медыцынскіх і іншых праблем за мяжой.
Але, трэба памятаць, што ISIC дзейнічае з пачатку навучальнага года (1 верасня) да канца наступнага каляндарнага года (31 снежня).
9. Туса
Happy hours — час, калі ў бары, пабе ці кавярні некаторыя пазіцыі меню прадаюць са зніжкай. У кожнай кавярні «шчаслівыя гадзіны» свае. Таму падрыхтуйцеся і нагугліце, дзе і калі на вашым маршруце можна танна пасядзець.
Pub crawl — вясёлая штука. Арганізаванай кампаніяй вы ходзіце па пэўным маршруце з бараў, пабаў, клубаў. Месцы падабраныя файныя, каманда — вясёлая. За ўдзел плаціцца ўнесак (сюды ўваходзяць пэўная колькасць напояў у кожнай установе, уваход у клубы, часам цішотка, кубак ці іншыя прыемныя дробязі), які часцей за ўсё невялікі (часцей за ўсё танней, чым самастойная вылазка). Ладзяць такія «паходы» некаторыя хостэлы, спадарства з free walking tours і іншыя. Пашукавік дапаможа вам знайсці арганізатара і запісацца на «паб крол». Але майце на ўвазе: алкаголь — зло!
10. SIM-карткі і роўмінг
Калі вандруеце рэдка, то можна набываць проста сім-картку з Інтэрнэт-пакетам у той краіне, куды едзеце, каб заставацца на сувязі з роднымі. Але каб значна з’эканоміць на размовах, звярніце ўвагу на, напрыклад, тарыфныя планы літоўскіх ці польскіх аператараў. Размовы ў роўмінгу і Інтэрнэт абыдуцца нашмат танней.
Засталіся пытанні? Дасылайце лісты на [email protected].
У падрыхтоўцы матэр’ялу былі выкарыстаны рэсурсы www.eurotrip.by, www.eura.by, www.t-styl.info
Яшчэ