У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!

Навіны

Конкурс на новы лагатып для «БЕЗ ВІЗЫ»

2014, Красавік 01

Грамадская кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» абвяшчае аб пачатку конкурсу на альтэрнатыўны лагатып прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі 2014.

Да конкурсу прымаюцца арыгінальныя работы ў любой графічнай форме (потым работа пераможцы будзе апрацавана ў прафесійным графічным рэдактары). Кожны канкурсант можа падаць не больш за тры работы. Канкурсант, які даслаў работу, лічыцца яе аўтарам і атрымальнікам прыза, калі ён пераможа.

Работы трэба выкласці ў альбом кампаніі Vkontakte ці проста даслаць на скрыню paіntvіsawall @ gmaіl.com не пазней за 18 красавіка 2014 года.

Дзесяць лепшых працаў увойдуць у спіс фіналістаў. Яны атрымаюць фірмовую цішотку з лагатыпам пераможцы ці са сваім, на выбар. На сайце кампаніі, цягам тыдня, будзе ажыццяўляцца галасаванне. Прыз сімпатый гледачоў атрымае той, хто збярэ больш галасоў на сайце, а галоўнага пераможцу абярэ кампетэнтнае журы.

Галоўны прыз для пераможцы конкурса — паездка ў Літву на дваіх. Паездка ўключае дапамогу ў атрыманні шэнгенскай візы з пакрыццём выдаткаў на консульскі збор, праезд ад Мінску да Вільні і назад і пражыванне на час паездкі ў нумары на дваіх у хостэле Вільні. Таксама будзе разыграны прыз сімпатый гледачоў — дапамога ў атрыманні літоўскай шэнгенскай візы з пакрыццём расходаў на консульскі збор.

Абвяшчэнне вынікаў конкурсу адбудзецца праз некалькі дзён пасля сканчэння галасавання.

Падрабязна азнаёміцца з заданнем конкурсу і іншай карыснай інфармацыяй можна ніжэй:

Мэта конкурсу лагатыпаў:

Зрабіць арыгінальны лагатып кампаніі «БЕЗ ВІЗЫ!», пасвечаны чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014.

Інфармацыя аб кампаніі:

  • Назва: У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!
  • Скарочаная назва: Без візы
  • Сайт кампаніі: novіsa.by

Ідэі кампаніі:

«БЕЗ ВІЗЫ!» — гэта маладая грамадская некамерцыйная кампанія, якая імкнецца прасоўваць ідэю адмены візаў паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. На наш погляд, візавы рэжым ёсць інструмент, які кепска зарэкамендаваў сябе ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а вось роднасныя, эканамічныя, культурныя і іншыя кантакты абмяжоўвае вельмі паспяхова. Мы верым, што рана ці позна кожны беларус атрымае магчымасць бесперашкодна перасякаць мяжу дзеля паездак у суседнія еўрапейскія краіны. Мы лічым, што людская мабільнасць і адкрытасць дзяржавы спрыяе развіццю грамадства, распаўсюду еўрапейскіх каштоўнасцяў і практыкаў, што ўрэшце рэшт паляпшае жыццё кожнага.

Інфармацыя аб мерапрыемстве, якому будзе пасвечаны новы лагатып кампаніі:

Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2014. Пройдзе з 9 па 25 мая 2014 у Мінску, Беларусь.

Навошта патрэбны лагатып:

Стварыць пазітыўны і запамінальны вобраз, які дапаможа ў распаўсюджванні ідэй кампаніі падчас правядзення ЧС па хакеі 2014, а таксама павысіць распазнаванне кампаніі ў грамадстве.

Мэтавая аўдыторыя:

1) Наведвальнікі ЧС па хакеі 2014, як з Беларусі, так і з краін Еўрапейскага Саюза

2) Актыўныя людзі, якія любяць шмат падарожнічаць, асабліва па краінах Еўропы

Дзе будзе выкарыстоўвацца лагатып:

1) Сувенірная прадукцыя

2) Друкаваная прадукцыя

3) Інтэрнэт і іншыя медыя

Абавязковыя патрабавання к лагатыпу:

1) Лагатып павінен быць унікальным і раней не апублікаваным

2) Лагатып павінен ўключаць назву сайта кампаніі: novіsa.by, а таксама назву кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» ці скарочана «Без візы».

3) Лагатып мусіць выклікаць асацыяцыі з чэмпіянатам свету па хакеі 2014