У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!

Навіны

Конкурс публікацый для маладых журналістаў на візавую тэму

2014, Сакавік 28

Кампанія «Без візы» ў межах нацыянальнага конкурсу журналісцкіх матэрыялаў «Твой Стыль» абвяшчае аб заснаванні спецыяльныя намінацыі «Людзі і межы: ад падзеленай вёскі да падзеленай Еўропы».

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца маладыя журналісты і журналісты-пачаткоўцы са стажам працы да 3 гадоў.

Адзначаны будзе лепшы журналісцкі матэрыял, прысвечаны праблеме людской мабільнасці, межаў і адносінаў паміж беларусамі і людзьмі па іншы бок мяжы. Матэрыял можа быць на любым стандартным носьбіце і ў любым жанры.

У фокусе матэрыялу можа апынуцца як лакальныя праблемы маленькай вёсачкі, падзеленай паміж краінамі, але змацаванай супольнай гісторыяй, людскімі адносінамі і імкненнем пераадолець межы, гэтак і глабальная праблема існавання нярэдка непераадольных дзяржаўных і ментальных межаў у сучаснай Еўропе, якія часам характарызуюць як новую жалезную заслону.

Узнагарода: фірмовыя рэчы ад кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» з лагатыпам кампаніі, зробленыя адмыслова для конкурсу.

На конкурс могуць быць прадстаўлены як апублікаваныя ў 2013—2014 гг. працы, так і неапублікаваныя пакуль матэрыялы.

Адзін аўтар можа заявіць на конкурс не больш за 3 матэрыялы ў кожную з намінацый. Адзін і той самы матэрыял можа быць заяўлены максімум у 2 розныя намінацыі. Пераможцаў у спецыяльных намінацыях будуць вызначаць заснавальнікі намінацый.

Усе матэрыялы разам з анкетай удзельніка павінны быць дасланыя арганізатарам на адрас не пазней за 1 мая 2014 г.

Кампанія «Без візы» гатовая спрыяць з’яўленню публікацый на тэму візаў і межаў.

Падрабязныя правілы ўдзел у конкурсе.