Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей сёння ў Вільні абвясціў аб пачатку перамоваў з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пазней на прэс-канферэнцыі ён адказаў на пытанні журналістаў з нагоды пачатку гэтых перамоваў.
— Толькі што спадар Барозу сказаў, што пачуў ад вас пра гатоўнасьць Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. А што гэта азначае простымі словамі: праз месяц — праз паўгоду спросьціцца гэты візавы рэжым?
— Хачу пачаць здалёк. У 2004 годзе мы прапанавалі Эўрапейскаму Зьвязу пачаць дыялёг аб спрашчэньні візавага рэжыму. Мы прапаноўвалі гэта на працягу сямі гадоў, да 2011 году. Эўрапейскі Зьвяз быў супраць. А ў 2011 годзе, калі былі ўведзеныя санкцыі, Эўрапейскі Зьвяз раптам аб’явіў нам пра згоду пачаць адпаведны працэс перамоў. Канечне, у гэтых умовах мы не маглі пайсьці на такое. І гэтае пытаньне заставалася ў такім падвешаным стане да сёньняшняга дня.
У 2011 годзе, калі былі ўведзеныя санкцыі, Эўрапейскі Зьвяз раптам аб’явіў нам пра згоду пачаць адпаведны працэс перамоў. Канечне, у гэтых умовах мы не маглі пайсьці на такое
Сёньня, я лічу, настаў час, калі можна весьці размову аб пачатку перамоваў з Эўрапейскім Зьвязам наконт заключэньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Гэта пастанова прэзыдэнта нашай краіны. Я ўжо казаў пра гэта, ён зыходзіў пры гэтым з таго, што гэта будзе выгадна для кожнага канкрэтнага чалавека, для нашых людзей.
Дарэчы, што тычыцца прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ці апазыцыі, дык ў іх ніколі не было праблемаў з атрыманьнем візаў. А мы лічым, што працэс перамоваў з Эўрапейскім Зьвязам будзе добрым унёскам, скажам так, у канкрэтнага чалавека. І гэта будзе вельмі пазытыўна разглядацца канкрэтным чалавекам, канкрэтнымі людзьмі. Як доўга працягнецца гэты працэс, я ня ведаю. Канечне, могуць зьявіцца нейкія праблемы. Але мы настроеныя на тое, каб канструктыўна вырашаць усе гэтыя праблемы.
— Ці можна сказаць, што такога-та чысла працоўная група сядзе працаваць над гэтым пытаньнем?
— Я ня ведаю, вы лепш запытайцеся ў тых краінаў, якія ўжо падпісалі гэтае пагадненьне, колькі часу гэта ў іх заняло. Калі будзе імкненьне сапраўды вырашаць гэтае пытаньне ў канструктыўным рэчышчы, дык гэта зойме кароткі час. Калі не — дык гэта можа заняць пэўны час. Але я лічу, што за даволі кароткі тэрмін мы можам выйсьці на тое, каб заключыць адпаведнае пагадненьне. Яшчэ раз падкрэсьліваю: павінен быць канструктыўны настрой з абодвух бакоў. Мы гатовыя да такога падыходу і мы лічым, што дыялёг, канструктыўны падыход, — гэта тыя асновы, на якіх павінныя разьвівацца нашыя адносіны зь Эўрапейскім Зьвязам.