Skip to main content
Малы памежны рух? Не, не чулі
Верас 12

Малы памежны рух? Не, не чулі

Мясцовыя жыхары не ведаюць пра перавагі, якія ім дасць адмена віз.

Валанцёры кампаніі «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!» за лета тройчы праехалі па тэрыторыі беларускага памежжа, каб пабачыць, што мясцовыя жыхары ведаюць пра малы памежны рух (МПР) і ці гатовыя нешта рабіць для яго ўвядзення.

 

Падчас першай паезд­кі ў Гродзенскую воб­ласць­, ля самай мяжы з Польшчай і Літвой, валанцёры размаўлялі з жы­­харамі вёсак Верцялішкі, Новы Двор і Азёры.

Другая паездка прай­шла па маршруце Ваўкавыск-Свіслач-Поразава.

У трэцяй вандроўцы валанцёры наведалі мясціны нашага рэгіёна: Залессе на Смаргоншчыне, Гальшаны на Ашмяншчыне, а таксама «беларускую Швейцарыю» — вёску Гервяты на Астравеччыне.

Амаль чатыры гады таму Беларусь, Польша і Літва падпісалі дамову аб бязвізавым перамяшчэнні жыхароў памежных тэрыторый. Аднак на гэтым працэс спыніўся, дамова так і не пачала дзейнічаць. Ці зацікаўленыя жыхары памежжа ў паскарэнні перамоў?

Пра малы памежны рух амаль не ведаюць

Высветлілася, што большая частка мясцовых людзей не ведае, што такое малы памежны рух. Інфармацыя пра дамовы паміж Беларуссю і суседнімі краінамі не даходзіць да жыхароў памежжа.

 

Але, даведаўшыся пра тое, як можа змяніцца жыццё пасля ратыфікацыі дамовы, людзі ахвотна падпісвалі звароты да мясцовай улады. Іх падпісваюць, каб звярнуць увагу кіраўніцтва памежных рэгіёнаў на тое, што жыхары зацікаўленыя ў старце малога памежнага руху і гатовыя дзейнічаць, каб атрымаць права свабоднага перамяшчэння ў суседнія краіны.

Раздрукаваныя звароты некаторыя забіралі дадому, каб даць падпісаць родным. І гэта не дзіўна, бо ў памежнай зоне шмат людзей жадае паехаць да родных у Польшчу ці Літву.

Мясцовым цікавы малы памежны рух з розных прычын: каб вандраваць, наведаць сваіх родных, пабываць на могілках, дзе пахаваныя блізкія. Некаторыя вераць, што патрапяць без візы на вяселле дачкі.

«Калі не будзе віз, то ў Беларусі ніхто не застанецца»

Некаторыя мясцовыя жыхары дзяліліся сваімі асабістымі гісторыямі.

— У мяне ёсць віза, так што ад лютага я магу ез­дзіць за мяжу, — кажа прадавачка ў краме вёскі Верцялішкі. — Для таго, каб яе атрымаць, патраціла 250 долараў! Але дагэтуль так і не атрымалася выехаць ні разу.

Дарэчы, не ўсе жыхары памежжа падтрымліваюць ідэю малога памежнага руху. Валанцёры у час вандроўкі сутыкнуліся з распаўсюджанымі стэрэатыпамі пра візы.

— Віза ў мяне ёсць пастаянна — на працы робяць, — распавёў мужчына ў Верцялішках. — Але я супраць таго, каб візы адмянілі. Тады ўсе рвануцца за мяжу, тут нікога не застанецца! І натоўпы будуць на мяжы.

Аднак ён не мае рацыі, паколькі адмена віз не дасць права жыхару Беларусі жыць і працаваць за мяжой. Ён зможа з’ездзіць у краіны Еўрапейскага Саюза, каб пабачыць родных, наведаць новыя мясціны ці схадзіць у краму. Але для таго, каб працаваць ці эміграваць, давядзецца прайсці іншыя працэдуры.

Да таго ж, пры адмене віз нікуды не знікне пашпартны кантроль на мяжы. Памежнікі гэтаксама будуць сачыць за тым, хто і калі перасякае мяжу, толькі не будуць патрабаваць візы. Значыць, выехаць у суседнія краіны стане лягчэй — не трэба будзе губляць час на паездкі ў пасольствы і траціць грошы за консульскія зборы.

Валанцёры падводзяць вынікі

Сваімі ўражаннямі ўдзель­нікі паездкі падзяліліся пасля размовы з мясцовымі жыхарамі.

— Вельмі прыемна, калі людзі падтрымліваюць ініцыятывы кшталту гэтай, — кажа Вольга Шылейка. — Ім не трэба доўга тлумачыць, чаму малы памежны рух — гэта зручна, яны самі ўсё разумеюць.

Валанцёр Галіна Старажылава заўважыла, што мясцовых людзей можна было б падзяліць на тры групы.

1. Тыя, каго пытанне ўвогуле не хвалюе. «Мне гэта не цікава, я не езджу за мяжу», — з такім адказам таксама часам даво­дзілася сутыкацца.

2. Жыхары, якія арыентуюцца ў тэме, самі задаюць пытанні і выказваюць уласныя меркаванні. Яны ахвотна падпісвалі зварот.

3. Тыя, хто станоўча ставіцца да ідэі малога памежнага руху і адмены віз, але баіцца ці не жадае нешта для гэтага рабіць: «А мяне дакладна потым нікуды выклікаць не будуць?». «Баюся пакінуць свой дамашні адрас, невядома, дзе ён пасля ўсплыве».

Але ж дамову аб падрыхтоўцы малога памежнага руху ўжо падпісала кіраўніцтва Беларусі, таму жаданне паскорыць яго рэалізацыю — цалкам зразумелае, у ім няма нічога кампраметуючага. Наадварот, вялікая колькасць зваротаў ад мясцовых жыхароў яшчэ раз пакажа, што беларусы зацікаўленыя ў кантаках з суседзямі.

— Я суб’ектыўна падлічыла, што каля 80% апытаных нічога не чулі пра малы памежны рух, — падсумоўвае Галіна. — Яшчэ 15% нешта чулі, але не памятаюць, што канкрэтна. Тыя 5%, што засталіся, сапраўды ведаюць пра ініцыятыву.

 

Даслаць свой зварот аб паскарэнні малога памежнага руху можа кожны

Калі вы лічыце пытанне МПР важным, каардынатар валанцёраў кампаніі «Без візы» Алесь Быстрык раіць даслаць зварот у Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Прыкладны тэкст звароту можа быць наступны:

«Добры дзень! Пішу Вам з просьбай аб паскарэнні рэалізацыі Дамовы аб малым памежным руху з Рэспублікай Літва.

Я глыбока занепакоены(ая) зацягваннем беларускім урадам рэалізацыі Дамовы аб малым прымежным руху з Рэспублікай Літва. Дамова закранае інтарэсы больш за шэсцьсот тысяч беларускіх грама­дзян, якія пражываюць на прымежнай беларуска-літоўскай тэрыторыі.

Дамова паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі была падпісаная ў Мінску 20 кастрычніка 2010 года.

10 студзеня 2011 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон РБ № 239-З „Аб ратыфікацыі Дамовы паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Літоўскай Рэспублікі аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі“.

Згодна з афіцыйнымі крыніцамі, 1 сакавіка 2012 Літва афіцыйна паведаміла Беларусі, што гатовая да старту малога памежнага руху. Беларускі ўрад да гэтага часу не прыступіў да рэалізацыі Дамовы аб МПР з Літоўскай Рэспублікай.

Варта зазначыць, што ў выніку адкрыцця МПР з Літвой актывізуецца эканамічная супраца паміж беларускімі і літоўскімі рэгіёнамі, ажывяцца кантакты мясцовых уладаў, стануць цяснейшымі сямейныя сувязі грамадзян абедзвюх дзяржаў. МПР спрыяльна адаб’ецца на павелічэнні даходаў прымежных рэгіёнаў, напаўняльнасці прыбытковай часткі мясцовых бюджэтаў, развіцці турызму, мадэрнізацыі і выкарыстанні беларускай інфраструктуры.

Просім паспрыяць паскарэнню рэалізацыі Дамовы аб малым памежным руху з Літоўскай Рэспублікай, у тым ліку перадачы літоўскаму ўраду ноты аб гатоўнасці беларускага боку да ўвядзення ў дзеянне Дамовы аб МПР».

Не забудзьцеся пазначыць у звароце імя, прозвішча, імя па бацьку, свой дамашні і электронны адрасы, а таксама паставіць свой подпіс.

Дасылаць зварот трэба на адрас: вул. Леніна, 19, Мінск, 220030, Макею Уладзіміру Уладзіміравічу.

Аўтар: Настасся Жухарава