Skip to main content
Удзельнікі гуртоў бязвізавага музычнага зборніка: «У Еўропу не ездзілі ні я, ні ён»
крас 21

Удзельнікі гуртоў бязвізавага музычнага зборніка: «У Еўропу не ездзілі ні я, ні ён»

Наколькі блізкія былі брэменскія музыкі, настолькі далёкі Брэмен ад нас, асабліва ад тых, хто не мае візу. Удзельнікі гуртоў, трэкі якіх увайшлі ў музычны зборнік ад кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!», падзяліліся думкамі, чым іх зачапілі межы.

«Яны пазбаўляюць мяне мары»

«Праблема віз і межаў у тым, што яны пазбаўляюць мяне мары,  кажа Аляксей Зубр, вакаліст і кампазітар гурта Bulba Fusion Яшчэ з дзяцінства я мроіў, як аднойчы мы з басістам скрадзем прынцэсу, возьмем з сабой сабаку, ката і пеўня і паедзем ірваць гарады і вёскі нашай вясёлай музыкай.

Прынцэсу скралі, звяроў знайшлі, я нават на радасцях упрогся везці гэты бязглузды балаган. Але візы і межы страшэнна ўсё ўскладняюць. Я за свабоду перасоўвання!»

«Задумваешся, ці пусцяць цябе»

Алдовы гурт «РГ. Диверсия» добра пакатаўся аўтаспынам, і песня пра адну з такіх вандровак увайшла ў зборнік. Праўда віз ніколі ў іх не было. Але ж гэта не перашкодзіла ім аб’ездзіць Беларусь, суседнюю Украіну і Расію, у якой 8 тысяч кіламетраў без віз.

«Песню я пісаў на трасе, у кабіне фрэдлайнера, недзе між Чытой і Хабараўскам,  распавядае Алег Кісялеўскі.  І я, і Дзяніс (другі ўдзельнік гурта) большую частку свайго жыцця ездзілі па краіне аўтаспынам, па Украіне, Расіі. У Еўропу не ездзілі ні я, ні ён».

Калі б не было віз, мажліва, музыкі даехалі б і да акіяну  у вандроўцы, калі жывеш сваім «тут і цяпер», жаданне перасекчы мяжу ўзнікае спантанна. І хто хоча чакаць паўгады, калі мяжа ў некалькіх кіламетрах?

Візы па пяць, але маленькія

«Я застаў той час, калі віза ў Літву ці Польшчу каштавала 5 еўра, і нават для студэнта-першакурсніка не была перашкодай для вандроўкі. Я гэтым актыўна карыстаўся,  расказвае Яўген Сокалаў, вакаліст і гітарыст заваднога гурта ZnaROCK Хочацца пажадаць, каб праца кампаніі [У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!] мела плён і цяперашнія студэнты таксама без праблем вандравалі ў заходнім накірунку.

Песню мы напісалі з сябрам Янам Верабём менавіта ў студэнцкія гады. Амстэрдам быў увасабленнем класічнага сімвала Sex, drugs & rock’nroll. Адначасова ён быў дастаткова далёкім і недасяжным, каб вандроўка туды магла стаць марай. Гады мінулі, мара спраўдзілася і не расчаравала».

Невялікі зборнік з вандроўнымі песнямі можна спампаваць на старонцы сайту кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!». Сам жа дыск можна атрымаць на адкрытым бясплатным канцэрце 26 красавіка ў паб-клубе “Графіці”.

Аўтар: Ганна Валынец для Generation.by