Ці задумваліся вы, як добра было б Беларусі мець бязвізавы рэжым з краінамі Еўрасаюзу? Захацеў беларус – і ў любы дзень, без папярэдняй мітусні па агенцыях / амбасадах / консульствах сеў у сваё аўто або на цягнік – і хоць у Вільню, хоць у Берлін, хоць у Парыж. Абы быў пашпарт.
Шмат хто згодны: афармленне візы – гэта не самы прыемны занятак хаця б таму, што ён каштуе нямала грошай, часу, а часцяком і нерваў звычайнаму беларусу.
Віза – гэта бюракратычны перажытак ХХ ст., якому наканавана згінуць раней ці пазней. Візавы рэжым перашкаджае кантактам паміж людзьмі, легальнаму бізнесу, падарожжам, гандлю, а вось як сродак барацьбы з кантрабандай, міграцыяй і злачыннасцю ён сябе не апраўдаў.
Чаго вартыя адны толькі чэргі ў амбасадах і бясконцыя працэдуры і паперкі, тэлефоны, па якіх не дазваніцца, правілы, якія ўвесь час змяняюцца? Тут разабрацца цяжка самім консульскім супрацоўнікам, якія патанаюць у моры бессэнсоўнай працы. А што рабіць простаму чалавеку з правінцыі або з дрэнным здароўем, які ўсяго толькі хоча з’ездзіць да родных па той бок «кардону»? А што, калі і родныя не могуць прыехаць, бо ў іх таксама няма магчымасці стаяць у чарзе каля беларускай амбасады? Так разбураюцца сем’і, міжчалавечыя кантакты, а часам – лёсы. І каму гэта трэба – ніхто не можа патлумачыць.
Бязвізавы рэжым – гэта рэальна
Часта беларусы думаюць, што бязвізавы рэжым з Еўропай – гэта недасягальная мара рамантыкаў. Аднак гэта не так. Ці ведаеце вы, што Беларусь тэхнічна практычна цалкам гатовая да пераходу да бязвізавага рэжыму з Шэнгенскай зонай? І адзінае што трэба – палітычная воля і жаданне дамовіцца з Бруселем. Такая магчымасць чорным па белым прапісаная ў дакументах «Усходняга партнёрства» – праграме Еўрасаюзу, у якую ўключаная і Беларусь.
Улады Беларусі не супраць бязвізавага рэжыму, пра што сведчыць і нядаўна абазначаная пазіцыя Прэзідэнта, але ў іх да такіх «драбніц» не даходзяць рукі. Таму патрэбная пазіцыя грамадзянскай супольнасці – простых людзей, грамадзян Беларусі, якія жадаюць дабра сваёй краіне і хочуць вывесці яе з «гета», адкуль уезд у «цывілізаваны свет» – толькі «па прапусках».
Беларусь у 2011 годзе мусіць пачаць перамовы з Еўрасаюзам аб «спрошчаным візавым рэжыме» (Visa Facilitation). Калі дамова будзе падпісаная, гэта – ужо крок наперад, але яшчэ далёка не бязвізавы рэжым, а толькі некаторыя тэхнічныя палёгкі і зніжэнне кошту візы.
Аднак, напрыклад, Украіна ужо пачала перамовы аб лібералізацыі візавага рэжыму (Visa Liberalization) і яго поўным скасаванні. Калі Беларусь будзе паслядоўна ісці па гэтым шляху, дамовіцца аб бязвізавым руху з Еўразвязам нашай краіне будзе не цяжэй, а з улікам невялікага памеру і большай аседласці нашага народа – то і лягчэй, чым украінцам.
Каб хутчэй дамагчыся гэтай мэты – важная пазіцыя кожнага грамадзяніна. Далучайцеся да кампаніі «Без візы!» – літоўска-беларускай ініцыятывы грамадскіх арганізацый і даследчыкаў-экспертаў за разбурэнне візавых бар’ераў.
Нас часта пытаюць чаму Еўропа дыскрымінуе беларусаў (кошт віз 60 еўра, а для ўкраінцаў і расейцаў – толькі 35)?
Тэзіс аб тым, што «ў Еўропе нас не любяць і не чакаюць», на жаль, трывала засеў у некаторых галовах. Аднак досвед амаль усіх краін Еўропы паказвае, што ў ЕЗ іх чакаюць настолькі, наколькі самі яны гатовыя да яго набліжацца. Вядома ж, Еўропа мае дастаткова ўнутраных праблем, і Беларусь для яе – не галоўны прыярытэт, таму калі краіна сама не прапануе, напрыклад, бязвізавы рэжым, то і не атрымае. Прапанаваць таксама трэба ўмець – мала заявіць з высокіх трыбун, неабходна ведаць механізмы прыняцця рашэнняў у брусельскіх калідорах.
У неапраўдана высокім кошце віз можна вінаваціць і Еўропу, і беларускія ўлады. Кіеў і Масква здолелі своечасова дамовіцца з Бруселем і падпісаць пагадненне аб візавай фасілітацыі – таму іх людзі плацяць за візу менш. Мінск палічыў за лепшае адсядзецца – таму цану ў 60 еўра за абыякавасць улады плацяць звычайныя беларускія грамадзяне. Усё ж такі ў 2011 годзе, магчыма, адпаведную дамову падпіша і Беларусь.
Ці магчымы бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і ЕC, пакуль у нас адкрытая мяжа з Расеяй?
Адкрытасць мяжы з Расеяй не мае дачынення да скасавання візавага рэжыму з Еўраcаюзам. Бязвізавы рэжым не значыць адсутнасць пашпартнага кантролю на мяжы, таму асобы, што трапілі ў Беларусь з Расеі, але не маюць права на бязвізавы ўезд у ЕC, будуць адсеяныя памежнікамі.
Расея сама актыўна дамагаецца бязвізавага рэжыму з ЕC. Беларусь павінна прадпрымаць аналагічныя або апераджальныя крокі, каб як мінімум не стаць «візавым востравам» паміж Захадам і Усходам.
Можа, спачатку трэба дамагацца дэмакратыі ў Беларусі, а потым – бязвізавага рэжыму?
Нельга караць народ за дрэнную рэпутацыю дзяржавы. Так, дэмакратычным краінам дамагчыся бязвізавага рэжыму прасцей. Аднак можна глядзець і наадварот – бязвізавы рэжым можа стаць важкім інструментам для развіцця дэмакратыі ў Беларусі, нашмат больш эфектыўным за адзінкавыя абмены, мерапрыемствы, візіты.
І наадварот – візавы рэжым кансервуе цяперашні стан і ізаляцыю. Прадстаўнікі ўладаў, набліжаныя да іх бізнесоўцы і наменклатура знаходзяць магчымасць аформіць сабе гадавы «Шэнген». А вось іншыя… Віза становіцца яшчэ адным сімвалам несправядлівасці і расслаення беларускага грамадства на роўных і раўнейшых. Таму бязвізавы рэжым – найперш у інтарэсах грамадства.
Бязвізавы рэжым – ці гэта не ўтопія?
Не, і гэта ўсведамляе ўсё больш людзей і ў Еўропе, і ў Беларусі. Аднак дзесяцігоддзі існавання «жалезнай заслоны» робяць сваё нават цяпер, праз 20 гадоў пасля падзення СССР. «Мяжа ў галаве» па-ранейшаму перашкаджае. Тым не меней, пра скасаванне візавых бар’ераў гавораць улады як Бруселя і асобных краін Еўрасаюзу, так і Беларусі, і Украіны, і нават Расеі. Еўропа без візавых бар’ераў можа стаць рэальнасцю.
Існуюць не толькі заявы – бязвізавая перспектыва закладзеная і ў дакументы «Усходняга партнёрства», то бок Брусель афіцыйна прызнаў, што цяпер скасаванне візавай заслоны для Беларусі – справа часу.
Тэхнічна на гэтым шляху засталося не так і шмат перашкод – Беларусь рыхтуецца ўводзіць біяметрычныя пашпарты, ратыфікавана большасць адпаведных канвенцый, у наступным годзе пачынаюцца перамовы аб візавай фасілітацыі. Аднак падножку можа падставіць нестабільнасць палітычных стасункаў Мінска з Захадам – у выпадку любога пагаршэння адносінаў магчымы «адкат». Таму грамадзяне мусяць паказаць, што незалежна ад адносінаў з уладамі, пераход да вольнага руху – у інтарэсах людзей абапал мяжы, каб прасоўванне да бязвізавага руху стала незваротным.
Візавы рэжым – занадта тэхнічная справа, ці ж тут просты чалавек разбярэцца?
На тое, каб разбірацца ў тэхнічных справах, ёсць дасведчаныя людзі – эксперты, якія праводзяць даследаванні і ведаюць, што рабіць у бок візавай лібералізацыі.
Спрычыніцца да свабоды руху можа любы зацікаўлены, бо візавае пытанне сёння – хутчэй грамадска-палітычнае, чым тэхнічнае. Каб вырашаліся тэхнічныя пытанні, патрэбен грамадскі штуршок і жаданне палітыкаў. Каб з’явілася жаданне палітыкаў – неабходна паказаць, што гэта воля выбаршчыкаў. Таму і патрэбнае сумеснае калектыўнае грамадскае дзеянне, у якім удзельнічаць можа і не спецыяліст.
Еўрасаюз сам вырашае, каго пускаць на «сваю тэрыторыю».
Так, нават у часы глабалізацыі і разбурэння межаў, пакуль існуе дзяржаўны суверэнітэт, панятак «свая тэрыторыя» будзе падзяляць насельнікаў нашай агульнай Зямлі на розныя тэрытарыяльныя супольнасці. Наша задача – пераканаць Еўрасаюз, што беларусы – не тыя людзі, ад якіх варта адгароджвацца калючым дротам. Нятрэба выпрошваць – дастаткова шляхам цывілізаванага дыялогу давесці, што цяперашняя сістэма візавага «фільтру» не мае пад сабой падстаў і не служыць ніякай разумнай мэце, т.б. з’яўляецца марнатраўствам.
Таксама варта не маўчаць і патлумачыць, якую шкоду іміджу Еўрасаюза і «еўрапейскім каштоўнасцям» наносіць функцыянаванне цяперашняй сістэмы і далёка не самыя дэмакратычныя парадкі ў дыппрадстаўніцтвах заходніх краін. Еўрапейцы – людзі, якія слухаюць аргументы, калі ёсць, хто іх выказвае.
Бязвізавы рух – гэта плыні мігрантаў, кантрабанда, арганізаваная злачыннасць?
Адной з галоўных перашкод для бязвізавага руху з’яўляецца боязь еўрапейскага насельніцтва перад наплывам «чужых». Нават нексенафобы даводзяць, што ўсё ж такі суседзі ЕЗ маюць шэраг нявырашаных праблем, якія могуць стаць пагрозай для дабрабыту еўрапейцаў. Гэтыя засцярогі маюць права на існаванне, аднак наўрад ці ў дачыненні да Беларусі. Не толькі таму, што «мы беларусы – мірныя людзі». Беларусь сапраўды не заўважаная ў падтрымцы тэрарызму, разгуле крыміналу і да т.п. Гэта невялікая па еўрапейскіх мерках краіна з досыць адукаваным і дысцыплінаваным насельніцтвам, якое можа нямала прапанаваць Еўропе.
А вось кантрабанда – гэта праблема, якую візай не вырашыш, асабліва арганізаваная кантрабанда, верхаводы якой не маюць праблем з атрыманнем віз і нават з правозам забароненых тавараў цягнікамі або «фурамі». Бо візавая сістэма не толькі негуманная – яна яшчэ і стварае ўмовы для карупцыі. Нелегальны гандаль у памежжы, на жаль, квітнее і цяпер, і тут візавы рэжым паказаў сябе як цудоўны сродак перашкаджаць законапаслухмяным грамадзянам, а вось злачынцы гэтую перашкоду знаходзяць як абысці.
Таму нятрэба разлічваць, што віза вырашыць праблему, якую мусяць вырашаць памежныя і праваахоўныя органы. Гэта, у прыватнасці, даводзіць і пазіцыя Польшчы, дзе, па ацэнках уладаў, у тым ліку МУС, візавы рэжым цалкам не апраўдаў сябе як сродак барацьбы з непажаданай іміграцыяй і злачыннасцю.
Дык як быць з міграцыяй?
Непажаданая міграцыя (калі такая бывае, бо ўсё адно знаходзяцца людзі, якія зацікаўленыя імігрантаў прыняць) вызначаецца нераўнамернасцю эканамічнага развіцця краін, і ў большасці сваёй мае месца незалежна ад таго, ці краіны падзеленыя візавым бар’ерам. Як паказваюць украінскія даследчыкі, хвалі эміграцыі з краіны супадалі са стадыямі эканамічнага цыклу, а не з візавымі палёгкамі. Аднак, паводле тых самых даследаванняў, візавы рэжым мае істотны ўплыў на характар міграцыі – пры жорсткім візавым рэжыме яна носіць хутчэй нелегальны і доўгатэрміновы характар, пры бязвізавым – легальны і больш кароткачасовы або цыклічны, бо людзі маюць магчымасць легальна вяртацца дадому. То бок візавая заслона становіцца сцяной, якая не спыняе наплыў мігрантаў, аднак стрымлівае адваротны іх адплыў і спрыяе закрытасці імігранцкіх суполак.
У Беларусі бязвізавы рэжым можа паспрыяць страце кадраў, асабліва маладых і кваліфікаваных. Аднак «уцечка мазгоў» мае месца і сёння, толькі ў выпадку адмены візавых бар’ераў на заходняй мяжы тыя, каму не сядзіцца ў Беларусі, змогуць вольна абраць вектар эміграцыі. Візы неэфектыўныя ў стрыманні тых, хто хоча з’ехаць, але адсутнасць візавых абмежаванняў можа паспрыяць большай мабільнасці не толькі ў кірунку «Беларусь – Захад», але і ў адваротным.
Таму варта яшчэ раз падкрэсліць: скасаванне візавага рэжыму не азначае лібералізацыі працоўнага рынку або іміграцыйнай палітыкі Еўропы. Размова ідзе аб спрашчэнні кароткачасовых паездак, турызму, стажовак і г.д., а з нелегальнай міграцыяй змагацца павінны органы міграцыі, а не дыпламаты.
Бязвізавы рэжым – гэта занадта амбіцыйна, можа, трэба прасіць толькі знізіць кошт віз?
На гэтым этапе асноўная мэта – падпісанне Дамовы аб спрошчаным візавым рэжыме (Visa Facilitation Agreement), у выніку якога кошт уязной візы ў Шэнгенскую зону будзе зніжаны да 35 еўра. У 2011 г. паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пачынаюцца перамовы аб падпісанні гэтай дамовы.
Гэты крок уладаў трэба падтрымаць, але бачыць трэба і далейшую перспектыву – бязвізавы рух, які, паводле стану цяперашніх адносінаў Еўразвязу і падпісаных дакументаў, з’яўляецца амбіцыйнай, але цалкам выканальнай мэтай.
А можа, варта проста спрасціць парадак выдачы візы?
Дамова аб спрошчаным візавым рэжыме, якую ў 2011 г., магчыма, падпіша Беларусь, прадугледжвае некаторыя палёгкі для пэўных груп насельніцтва. Аднак аджылая сістэма выдачы віз істотна не змяняецца – застаецца тая ж атмасфера ў амбасадах і каля іх, патрабуецца падача амаль тых самых дакументаў ды яшчэ і іншых, якія пацвярджаюць права на ільготу, а для большасці грамадзян не змяняецца нічога. Выключэнні і «асаблівыя катэгорыі» ўсё адно не ахопяць большасці, якая таксама мае патрэбу ў свабодзе руху.
Вядома ж, сучасныя тэхналогіі, мякка кажучы, ставяць пад пытанне мэтазгоднасць паездкі ў амбасаду/консульства, асабістай прысутнасці, адстойвання чэргаў і ручнога запаўнення дакументаў. Візавы рэжым не здаваўся б людзям такім адыёзным перажыткам, калі б праверка права асобы на ўезд ажыццяўлялася не зыходзячы з «прэзумпцыі вінаватасці» кожнага турыста, а наадварот – шляхам адсейвання «персон нон-грата» на мяжы або праз электронную сістэму падачы заяўкі (балазе, ужо існуюць і электронныя базы дадзеных, і адпаведная апаратура ў памежнікаў).
Аднак і «электронная віза» наўрад ці з’яўляецца рашэннем, бо можа стаць непераадольным бар’ерам для людзей сталага веку або новай сучаснай «жалезнай заслонай» у выпадку, калі адмовы ў выдачы віз безаблічнай электроннай сістэмай набудуць масавы характар. Хаміць камп’ютар, канешне, не будзе, аднак тэхніка можа даць не менш збояў, чым супрацоўнікі амбасад – і паскардзіцца на несправядлівасць стане яшчэ цяжэй.
Таму найлепшым выйсцем на сённяшні дзень уяўляецца поўная адмена візавага рэжыму для кароткачасовых турыстычных, прыватных і дзелавых паездак паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, на жаль, пры ўмове захавання праверак на мяжы (у Шэнгенскую зону Беларусь пакуль дакладна ніхто прымаць не збіраецца). Для дасягнення бязвізавага рэжыму трэба будзе пастарацца нам усім, каб дзяржава адчувала падтрымку і ўвагу грамадзянскай супольнасці ў гэтай агульнай справе, актуальнай і для прыхільнікаў улады, і апазіцыі.
На гэтую мэту і накіраваная кампанія «Без візы!».