У Мінску прайшоў круглы стол беларускіх і літоўскіх музыкаў, на якім творцы выказалі сваё стаўленне да візавых абмежаванняў, а таксама абмеркавалі магчымыя шляхі іх пераадолення.
У межах дыскусіі была прэзентаваная кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”. Па словах яе каардынатараў, Беларусь павінна больш актыўна імкнуцца да палягчэння візавага рэжыму з ЕС.
Літоўскія музыкі былі запрошаны ў сталіцу Беларусі дзеля ўдзелу ў сумесных майстар-класах і канцэрце, што прайшоў у клубе LOFT. Сярод удзельнікаў абмену былі вядомыя літоўскія, брытанскія і ўкраінскія ды-джэі Mark Splinter, Vaiper і Younnat, а таксама беларускія музыкі: i/dex, East Soul Person і Deech.
Па словах музыкаў, адна з найбольш непрыемных праблем у справе культурных абменаў – падрыхтоўка запрашэнняў для замежных удзельнікаў сумесных праектаў. Многія арганізацыі, што займаюцца супольнымі культурнымі праектамі, не маюць рэгістрацыі, а таму не могуць афіцыйна запрасіць, напрыклад, літоўскіх альбо польскіх партнёраў у Беларусь. Часта гэта працэдура спалучаная з дадатковымі бюракратычнымі і фінансавымі перашкодамі.
“Просты, звычайны абмен інфармацыяй, досведам, сяброўскія сустрэчы музыкаў, журналістаў, пісьменнікаў ускладненыя візавымі абмежаванні. Хацелася б, каб такія кантакты адбываліся ў першую чаргу на персанальным узроўні, не толькі праз Інтэрнэт”, — лічыць вядомы літоўскі ды-джэй Томас Фінгалік.
“Пасля таго, як Літва ўвайшла ў Шэнгенскую прастору, многія культурныя рэчы пачалі прыходзіць у нашу краіну нашмат хутчэй, нам стала прасцей клікаць да сябе любімых і жаданых гасцей з іншых краін. Ды проста сесці на машыну і паехаць па Еўропе – каму гэтага не хочацца?” – кажа віленскі электронны музыка Vaiper.
“У складзе літоўскага хору хлопчыкаў у мяне атрымалася паездзіць амаль па ўсім свеце, і ў кожную краіну я трапляў без візы. Адзіным выключэннем была Японія”, — кажа літоўскі музыка, які прызнаецца, што баіцца наступны раз не атрымаць беларускую візу. На яго думку, “вельмі часта з абмежаваннямі ўезду сутыкаюцца менавіта тыя людзі, што праяўляюць актыўнасць у падтрымцы іншых”.
На думку ўдзельнікаў стала, не варта баяцца “адкрытых межаў”: іміграваць можна ў любы момант незалежна ад візавых абмежаванняў:
“Чалавек мусіць мець права рэалізаваць сябе там, дзе хоча. Чалавек мае права вярнуцца з-за мяжы, але для гэтага яму патрэбна каб там, адкуль ён з’ехаў, была магчымасць для працы крэатыўнай асобы. Калі творчаму чалавеку будзе цікава і добра тут, то ён вернецца”, — упэўнены беларускі культуролаг Максім Жбанкоў (на фота).
Па словах Мар’яны Ільіной, каардынатаркі арганізацыі By Watch (Вільня), што ўваходзіць у кааліцыю “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”, спрашчэнне візавых абмежаванняў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам не за гарамі:
“Існуе міф, што адмяніць візы немагчыма. Але гэта не так. Зараз у структурах Еўрасаюза ідуць кансультацыі на прадмет таго, каб спрасціць візавыя абмежаванні для беларусаў. Але для таго, каб гэты праект рухаўся, неабходна, каб людзі ў Беларусі выступалі супраць візавых абмежаванняў. Ведаючы сітуацыю зараз, я вельмі спадзяюся, што ў хуткім часе вы зможаце прыязджаць у Вільню і рабіць уласныя майстар-класы без візавых абмежаванняў”, – кажа М. Ільіна.
Культуролаг Максім Жбанкоў за падарожжы без візы!