27 жніўня ў Ракаве прайшоў семінар “Досвед грамадскіх арганізацый Македоніі ў лабіяванні адмены Шэнгенскіх віз”. Мерапрыемства сталася магчымым дзякуючы агульным намаганням Цэнтра палітычных даследаванняў і распрацовак (Скопье, Македонія), “Офіса за дэмакратычную Беларусь” (Брусель, Бельгія) і Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў ( BISS, Вільнюс, Літва). Семінар – частка праекту PASOS “Шлях да бязвізавага перамяшчэння паміж краінамі “Усходняга партнёрства” і ЕС”, мэта якога – усталяванне бязвізавага рэжыму паміж Еўрасаюзам і вышэй згаданымі краінамі.
Праграма мерапрыемства закранула тэму агульных стратэгій адвакаціравання, досведу Македоніі на шляху да візавай либералізацыі і стан справаў у Беларусі.
Вольга Стужынская, якая з’яўляецца дырэктарам “Офісу за дэмакратычную Беларусь” пазнаёміла прысутных сябраў НДА, турыстычных арганізацый і журналістаў з вынікамі даследавання візавага пытання ў Беларусі, падрыхтаванага Дзянісам Мельянцовым (BISS) і падтрыманага Офісам. Яна таксама распавяла пра пачатак перамоваў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію паміж Бруселем і Мінскам , выгодамі ад падпісаных пагадненняў па якіх можна будзе скарыстацца, у выпадку паспяховасці, ужо праз год-паўтара.
Запрошаныя трэнеры з Македоніі, выканаўчы дырэктар Цэнтра палітычных даследаванняў Марыя Рысцеска и дырэктар Школы публічнай палітыкі імя Маці Тэрэзы Жыдас Даскалоўскі, падзяліліся досведам Македоніі, якая была лідэрам Балканскага рэгіёну ў выкананні ўмоў ЕС, неабходных для вольнага перамяшчэння, і нарэшце дамаглася бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам.
Параўнальны аналіз сітуацыі ў шасці краінах УП, прадстаўлены доктарам Рысцескай, сведчыць, што на дадзеным этапе Грузія, Малдова і Украіна апярэджваюць астатніх, у той час як Беларусь вельмі моцна адстае. Заключная дыскусія, такім чынам, звялася да абмеркавання магчымых стратэгій ды інструментаў прыспешвання краіны на гэтым шляху. З яе таксама вынікала, што асноўную перашкоду тут уяўляе недахоп палітычнай волі, у той час як тэхнічна Беларусь вельмі добра падрыхтавана да падпісання Пагадненняў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, а таксама да пачатку перамоваў пра бязвізавы рух.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь”