Skip to main content
У Гродне прайшоў паказ антывізавых фільмаў
снеж 01

У Гродне прайшоў паказ антывізавых фільмаў

 

23 Верасня ў Гродне літоўска-беларуская грамадзянская ініцыятыва  BelarusWatch зладзіла паказ кароткаметражных  дакументальных стужак, прысвечаных візавай  тэме.

Першы фільм – “Падзеленая сям’я”- гісторыя сям’і, якая праз створаны штучны бар’ер – візавы рэжым- не мае магчымасьці аб’яднацца. У Беларусі жывуць бацькі, ужо даволі сталыя людзі, а дачка са сваёй сям’ёй – у Вільні. Адстаяць чэргі ў консульстве, зрабіць усе патрэбныя дакументы для сталых людзей даволі праблематычна. А для дачкі і яе сям’і атрымаць візу ў Беларусь яшчэ складаней.

Другі фільм – “Прастора Яны”- гісторыя маладой і таленавітай дзяўчыны, якая не мае магчымасці да творчага развіцця і супрацоўніцтва з людзьмі з іншых краін, бо не можа атрымаць візу.

У яе столькі планаў, столькі жаданняў, але візавы бар’ер кожны раз ўносіць свае карэктывы. Ганна Пазняк, Belarus Watch:

– Гісторый, падобных да тых, што адлюстраваны ў фільмах, вельмі шмат. Амаль што кожны сутыкаўся з праблемамі атрымання візаў, ці звяртаў увагу на вялізарныя чэргі каля літоўскага ці польскага консульстваў.

Гэтыя фільмы, знятыя па рэальных гісторыях, адлюстроўваюць тое, што візавы рэжым – рэальная перашкода ў сямейных, эканамічных, культурных і іншых кантактах. А беларускія ўлады не спяшаюцца нічога прадпрымаць.

У межах кампаніі ў траўні распачалася таксама фота- акцыя Belarus Watch: “БЕЗ ВІЗЫ!” за адмену візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўропай. Ідэя гэтай акцыі – сабраць як мага больш фотаздымкаў людзей, якія зацікаўлены выказаць свае меркаванне аб існуючым візавым пытанні, і з дапамогай гэтых фотаздымкаў пазнаёміць Еўропу з праблемай візавых бар’ераў. Гэта акцыя прыцягне ўвагу еўрапейскай грамадскасці ды дасць магчымасць беларусам скарыстацца іх правам на публічны выраз сваіх меркаванняў.

Першая ў Беларусі прэзентацыя фільмаў не сабрала шмат удзельнікаў, але арганізатары плануюць, што наступныя кіна-прагляды будуць прыцягваць ўсе больш і больш людзей.

За матэрыял і здымкі дзякуем гарадзенскаму радыё “Твой стыль” і Ганцы Марзе.

ByWatch