Беларускія і польскія прадпрымальнікі накіруюць на адрас урадаў сваіх краін петыцыю з просьбай паскорыць увядзенне ў жыццё Дамовы аб малым памежным руху.
Пра гэта на Форуме “Добрасуседства 2011” заявіў старшыня беларуска-польскай гандлёва-прамысловай палаты Юзэф Лахоўскі. Паводле яго слоў, гэта пагадненне ўжо дзейнічае з усімі краінамі-суседзямі Польшчы, акрамя Беларусі.
Кіраўнік беларуска-польскай ГПП адзначыў, што польскі бок цалкам скончыў усю працэдуру яшчэ ў сярэдзіне 2010 года. У сваю чаргу пасол Польшчы ў Мінску Лешак Шарэпка, заклікаўшы да напісання дадзенай петыцыі, паведаміў, што Польшча адна з першых у ЕС пачала падрыхтоўку да МПР з Беларуссю, але гэта пытанне да гэтага часу застаецца неўрэгуляваным, перадае Polsha24.com.
Дыпламат заявіў, што Варшава робіць усё магчымае, каб спрасціць польска-беларускія гандлёва-эканамічныя адносіны. У прыватнасці, ён адзначыў выдачу польскімі ўладамі беларусаў shopping-віз, супраць якіх выступае частка краін Шэнгенскай дамовы. Паводле яго слоў, у 2011 годзе Польшча выдала грамадзянам Беларусі на 100 тыс. віз больш чым у 2010-м. Лешак Шарэпка паведаміў, што ў польскіх дыппрадстаўніцтвах ў Беларусі не хапае супрацоўнікаў для абслугоўвання ўсіх жадаючых атрымаць польскую візу. Да таго ж, па яго словах, востра стаіць пытанне перанясення ў новыя будынкі польскіх консульстваў у Мінску і Гродне.
Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак пацвердзіў, што адносіны паміж дзвюма краінамі далёка не бязвоблачныя. Гаворачы аб дамове аб МПР, ён спаслаўся на заяву прэс-сакратара беларускага МЗС Беларусі Андрэя Савіных.
Як перадаваў Тэлеграф, 16 лістапада Андрэй Савіных заявіў, што, “што тычыцца Дамовы аб правілах памежнага руху, то мы можам канстатаваць, што польскі бок зрабіў і працягвае рабіць усё магчымае для таго, каб стварыць максімальна неспрыяльны фон для ўступлення гэтага пагаднення ў сілу”.
Між тым з 1 лютага 2012 года Беларусь і Латвія пачынаюць выдачу дазволаў, якія даюць права на ўезд у прыгранічныя тэрыторыі без віз.
Тэлеграф