Намеснік прэмьер-міністра Беларусі Анатоль Тозік адказаў на пытанні чытачоў “Народнай газеты”, сярод якіх – пытанне пра магчымыя змяненні візавага рэжыму для замежных грамадзян.
— Ці плануецца зніжаць кошт беларускіх візаў? Мікалай Смалкоўскі, Горадзень
— Мы сёння, сапраўды, разглядаем пытанне пра зніжэнне кошту візаў для замежнікаў, каторыя наведваюць нашу краіну як турысты. На сённяшні момант парадак патраплення грамадзян большасці дзяржаў свету ў Беларусь адэкватны візавай палітыцы, што парводзіцца імі датычна беларускіх грамадзян, і выбудоўваецца, як след, на ўмовах узаемнасці. Гэта ж распаўсюджваецца і на турыстаў. Вельмі часта даводзіцца сутыкацца з пэўнымі стэрэатыпамі. Службоўцы трымаюцца правіла: калі мы зніжаем, няхай і іншыя краіны ідуць на такі самы крок. Аднак мне падаецца, на гэта пытанне варта паглядзець з іншага боку, час ужо ў пэўным сэнсе разняволіцца. У першую чаргу мы мусім разумець: калі гэта выгадна нам, дык чаму мы не можам у аднабаковым парадку знізіць кошт або адмяніць візавы рэжым для грамадзян той ці іншай краіны. Падумайце самі: замежнікі пакінуць тут значна больш грошай, чым заплацяць за візу. Таму ўрад вывучае пытанне пра мэтазгоднасць спрашчэння (адмены) візавага рэжыму для турыстаў, што прыязджаюць у Беларусь.
Нагадаем, што кампанія «Без візы!», куды ўваходзяць больш як 20 беларускіх і замежных грамадзянскіх арганізацый ды ініцыятыў, у красавіку накіравала зварот беларускаму кіраўніцтву, а таксама Міністэрству замежных спраў Беларусі, Міністэрству спорту і турызму, Міністэрству культуры з заклікам “у аднабаковым парадку зменшыць кошт візаў і спрасціць працэдуру іх атрымання грамадзянамі ЕС, альбо наогул адмяніць візавы рэжым у якасці жэста добрай волі”.