Skip to main content
Беларусы могуць атрымаць шэнгенскую візу на два і болей гадоў у консульстве Літвы
студ 01

Беларусы могуць атрымаць шэнгенскую візу на два і болей гадоў у консульстве Літвы

Дырэктар консульскага дэпартаменту МЗС Літоўскай Рэспублікі пацвердзіў прадстаўнікам кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» права беларусаў на атрыманне шэнгенскіх візаў на два і болей гадоў. За 2011 г. літоўскія консульствы выдалі ўжо болей за паўтысячы такіх візаў.

«Міністэрства замежных спраў інфармуе, што і грамадзяне Беларусі, і грамадзяне іншых трэціх дзяржаў маюць права звяртацца ў амбасады і консульскія ўстановы Літоўскай Рэспублікі з заявай на выдачу шэнгенскіх візаў тэрмінам дзеяння да пяці гадоў», — гаворыцца ў лісце дырэктара консульскага дэпартаменту МЗС Літоўскай Рэспублікі Андруса Пулокаса. Ліст быў накіраваны прадстаўнікам кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!». Яго пераклад – тут.

Нагадаем, раней 42 беларускія і замежныя арганізацыі звярнуліся да Міністэрства замежных справаў Літвы з просьбай дазволіць беларусам атрымліваць шматразовыя шэнгенскія візы працягласцю да пяці гадоў. Вынікам звароту і далейшай перапіскі з МЗС стаў адказ Андруса Пулокаса, які афіцыйна пацвердзіў права беларусаў на атрыманне ў літоўскіх консульскіх установах шэнгенскіх візаў, тэрмінам дзеяння ў два і болей гадоў.

Паводле інфармацыі спадара Пулокаса, на працягу 2011 года ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Літвы ў Беларусі былі выдадзеныя 584 візы тэрмінам дзеяння ў два і болей гадоў.

«Добра, што цяпер ёсць афіцыйнае пацверджанне ад МЗС Літвы, што візы тэрмінам на 5 гадоў — гэта рэальна, — кажа прадстаўнік кампаніі „У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!“ Вадзім Вілейта. — Будзем разлічваць, што гэтая практыка будзе пашырацца, і беларусам, якія мусяць часта ездзіць у Літву, не трэба будзе адстойваць чэргі ў амбасаду штогод».

«На жаль, захоўваюцца бюракратычныя перашкоды на іншых этапах афармлення візы, — падкрэслівае Вілейта. — Напрыклад, яшчэ зусім нядаўна грамадзянам Літвы органы міграцыі не дазвалялі высылаць афіцыйнае запрашэнне для беларускага грамадзяніна больш як на 1 год. Гэта аўтаматычна робіць немагчымым афармленне візы на даўжэйшы тэрмін. Спадзяюся, што цяпер, калі ёсць афіцыйны адказ з МЗС, нам удасца пераканаць супрацоўнікаў міграцыі, што абмяжоўваць тэрмін запрашэння яны не маюць права, бо ў лісце ад А. Пулокаса чорным па белым напісана: «у прававых актах Літоўскай Рэспублікі не вызначана, на які максімальны тэрмін можа быць зацверджанае запрашэнне замежнаму грамадзяніну часова прыбыць у Літоўскую Рэспубліку».

Рэкамендуем беларускім грамадзянам, якія настроеныя пераконваць літоўскіх дыпламатаў выдаваць візы на як мага даўжэйшы тэрмін, раздрукаваць адказ, атрыманы кампаніяй «БЕЗ ВІЗЫ» з літоўскага міністэрства на мове арыгіналу і ў перакладзе ды карыстацца імі (арыгінал і пераклад прыкладаюцца).

Кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» гатовая аказаць інфармацыйную падтрымку па пытаннях атрымання шэнгенскіх візаў. З любымі пытаннямі звяртацейся, калі ласка, праз форму кантакту на сайце novisa.by.

Кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» ўтварылася ў 2010 годзе дзякуючы намаганням беларускіх грамадскіх арганізацый і іх партнёраў у краінах ЕС. Яна паслядоўна адсочвае і дамагаецца ажыццяўлення крокаў па спрашчэнні, а ў будучыні — паступовай адмены візавага рэжыму, які падзяляе Беларусь і Шэнгенскую зону, як тое прадугледжана праграмай ЕС «Усходняе партнёрства».