Skip to main content
ЕС выступае за палягчэнне візавых абмежаванняў для беларусаў
снеж 02

ЕС выступае за палягчэнне візавых абмежаванняў для беларусаў

На чарговым паседжанні па пытанні Беларусі Рада ЕС па замежных справах падкрэсліў сваю гатоўнасць да спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і краінамі Шэнгенскай прасторы.

Высновы Рады ЕС былі прынятыя 15 кастрычніка ў Люксембургу. ЕС яшчэ раз падкрэсліў сваё імкненне перайсці да перамоваў па пытаннях візавай фасілітацыі і рэадмісіі.

«На дадзеным этапе Рада […] вітае магчымасці пошуку шляхоў да далейшага зніжэння візавых збораў для грамадзян Беларусі», — гаворыцца ў высновах.

Таксама Рада Еўропы звяртае ўвагу на тое, што адпаведнае запрашэнне да перамоваў дасылалася кіраўніцтву Беларусі яшчэ ў чэрвені 2011 года. Адказу на яго няма дагэтуль. Між іншым, візавая лібералізацыя «можа паспрыяць міжчалавечым сувязям, што пойдзе на карысць усяму беларускаму грамадству».

Прадстаўнікі Рады падкрэсліваюць і тое, што ЕС вітае выкарыстанне дзяржавамі-чальцамі ЕC паслабленняў візавага рэжыму, прадугледжаныя Візавым кодэксам. У першую чаргу размова ідзе аб памяншэнні візавых збораў для пэўных катэгорый беларускіх грамадзян.

Аляксандра ПАРАХНЯ