Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў кіруючыя структуры ЕС да змяншэння коштаў шэнгенскіх візаў для беларусаў, а таксама спрашчэння візавага рэжыму.
У рэзалюцыі, прысвечанай справам Беларусі, еўрапарламентары сярод іншага звярнуліся да Рады ЕС і Еўракамісіі з заклікам зменшыць узровень ізаляцыі беларусаў, спрасціўшы візавы рэжым і зменшыўшы кошт візаў.
«Еўрапейскі парламент […] заклікае да вывучэння магчымасці змяншэння цаны шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзян, — гаворыцца ў рэзалюцыі парламенту нумар 2012/2815(RSP). — Такім чынам можна папярэдзіць павелічэнне ізаляцыі грамадзян Беларусі».
Акрамя гэтага Еўрапарламент выступіў за працягненне працэсу фасілітацыі і лібералізацыі візавага рэжыму. Перамовы аб візавай фасілітацыі паміж ЕС і Беларуссю так і не распачаліся з-за пазіцыі беларускага кіраўніцтва, якому не падабаецца агульны фон дыпламатычных кантактаў з Еўрасаюзам. Нядаўна шэраг беларускіх палітыкаў заклікалі да аднабаковых крокаў з боку ЕС, якія б дазволілі спрасціць візавы рэжым для беларусаў.