Skip to main content
У Румынію, Турцыю і Ізраіль беларусам трапіць сама танна
лют 11

У Румынію, Турцыю і Ізраіль беларусам трапіць сама танна

Тэлеграф склаў спіс з 16 найбольш папулярных сярод турыстаў краін, для ўезду у якія беларускім грамадзянам патрэбная віза. Самыя танныя візы прадстаўляюць Румынія, Турцыя і Ізраіль, самыя дарагія – ААЭ і ЗША. Таксама высветлілася, што ў амбасадзе суседняй Латвіі не разумеюць па-беларуску словы “дзякуй”, а ў пасольстве Эстоніі адказваюць па-украінску.


1.Германія
У пасольстве Германіі з 4 лютага нацыянальныя візы для беларускіх грамадзян выдаюцца без спагнання консульскага збору.
“Калі Вы просіце нацыянальную візу, то консульскі збор з Вас спаганяцца не будзе. Нацыянальная віза выдаецца асобам, якія збіраюцца правесці ў краіне больш за 90 дзён на працягу паўгода. Гэта, фактычна, азначае пражыванне – напрыклад, з мэтай вучобы або працы”, – адзначылі ў нямецкай амбасадзе.
Аднак там не сказалі прама, ці звязаная адмена консульскага збору для афармлення нацыянальных візаў з санкцыямі, якія ўвёў Еўрасаюз у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, і рашэннем ЕС падтрымліваць дэмакратычны рух у Беларусі.
“У прынцыпе, палякі адмянілі, і многія іншыя краіны таксама, таму і мы вырашылі гэта зрабіць. Згодна з новым візавым кодэксам Еўрасаюза, які быў прыняты ў красавіку 2010 года, усе амбасады краін ЕС павінны працаваць ідэнтычна”, – растлумачылі ў амбасадзе.
Што ж тычыцца шэнгенскіх доўгатэрміновых візаў, то пры іх афармленні па-ранейшаму спаганяецца консульскі збор у памеры 60 еўра. З нацыянальнай візай, як і з шэнгенскай, можна знаходзіцца на тэрыторыі ўсіх дзяржаў Шэнгенскай прасторы. У яе ўваходзяць члены ЕС Германія, Бельгія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Грэцыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Аўстрыя, Польшча, Партугалія, Швецыя, Славакія, Славенія, Іспанія, Чэхія і Венгрыя, а таксама Ісландыя, Нарвегія і Швейцарыя, якія не ўваходзяць у склад Еўрасаюзу. 11.02.2011
У сваю чаргу, Балгарыя, Ірландыя, Румынія, Вялікабрытанія і Кіпр, з’яўляючыся членамі ЕС, не ўваходзяць у Шэнгенскую прастору.
Асоба, якая атрымала нацыянальную візу, можа ўехаць на тэрыторыю Шэнгенскай прасторы пры перасячэнні мяжы любой іншай краіны, якая ў яе ўваходзіць. Гэта значыць, атрымаўшы нацыянальную нямецкую візу, з ёй можна заехаць, напрыклад, у Польшчу, растлумачылі ў амбасадзе.
Ад нацыянальнай візы шэнгенская адрозніваецца тэрмінам дзеяння. Апошняя дае права знаходзіцца ў краіне 90 дзён на працягу паўгоддзя. Нацыянальная ж мае першапачатковае абмежаванне тэрміну знаходжання ў тры месяцы, аднак яе можна прадоўжыць, не выязджаючы з Нямеччыны. Па словах супрацоўнікаў амбасады, ні ўмовы выдачы іншых візаў, ні спіс дакументаў, які неабходна прадставіць для іх атрымання, не змяніліся.
Беларускую мову ў нямецкай амбасадзе разумеюць свабодна, навіны на сайце прадстаўніцтва Германіі таксама можна прачытаць па-беларуску.
2.Польшча
Рэспубліка Польшча першай з краін ЕС адмяніла консульскі збор за нацыянальную візу D для грамадзян Беларусі з мэтай дапамагчы Беларусі ва ўмацаванні еўрапейскай самаідэнтыфікацыі пасродкам кантактаў з грамадзянамі Еўрасаюза. Адмена збору дзейнічае з 1 студзеня, нацыянальную візу выдаюць асобам, якія збіраюцца знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы больш, чым 90 дзён на працягу паўгода. Яна таксама дазваляе знаходзіцца ў іншых шэнгенскіх дзяржавах тэрмінам да трох месяцаў.
Для кароткатэрміновай аднаразовай паездкі ў Польшчу беларусам неабходна атрымаць шэнгенскую візу С, кошт консульскага збору пры падачы дакументаў на якую складае 60 еўра.
Адзіная шэнгенская віза C выдаецца польскім пасольствам для знаходжання на тэрыторыі Польшчы або ўсіх дзяржаў Шэнгена да 90 дзён на працягу шасці месяцаў. Можна атрымаць таксама шэнгенскую візу C абмежаванага тэрытарыяльнага дзеянні, якая дазваляе знаходзіцца толькі ў Польшчы і ва ўказаных візай шэнгенскіх краінах. У якіх выпадках выдаюць адзіную візу, а якіх – абмежаванага дзеянні, у амбасадзе не растлумачылі.
“Я не магу адказаць на Ваша пытанне. Гэта трэба пытаць паслоў, а яны не вельмі любяць мець зносіны з прэсай. Лепш за ўсё дачакацца правядзення якой-небудзь прэс-канферэнцыі на гэтую тэму”, – адзначыў супрацоўнік амбасады.
Як адзначылі ў пасольстве, дадатковых паніжэнняў або адмены консульскіх збораў, напрыклад, для афармлення аднаразовых шэнгенскіх візаў на дадзены момант не прадбачыцца.
“Пакуль што іншых палёгак не будзе. Мы ўвогуле спрабуем пераканаць Еўрасаюз адмяніць візы для беларусаў, але самастойна Польшча зрабіць гэтага не можа. Бо ўезд у Польшчу дае права ўязджаць і ў іншыя краіны ЕС, а таму для такой адмены патрэбная згода абсалютна ўсіх членаў Еўрапейскага саюза. Можа быць, у бліжэйшы час мы гэтага даможамся”, – адзначыў супрацоўнік польскай амбасады.
На пытанне карэспандэнта Тэлеграфа, чаму яго калега, які зняў трубку, не разумее па-беларуску, хаця працуе ў Беларусі, працаўнік амбасады заявіў, што “беларуская мова не самая папулярная”.
“У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – раскійсая і беларуская. Беларуская не належыць да міжнародных, як, напрыклад расійская. Таму звычайна супрацоўнікі амбасады гавораць па-расійску і па-ангельску. Акрамя таго, беларуская мова, на жаль, не самая папулярная. Я два гады жыву ў Мінску, і людзі тут у асноўным гавораць па-расійску, так што беларусам неабходна самім вырашыць гэтае пытанне. З іншага боку, я магу назваць цэлы шэраг амбасадаў, у якіх наогул не гавораць ні па-беларуску, ні па-расійску”, – сказаў супрацоўнік пасольства.
Аўтаадказчык тэлефонаў амбасады паведамляе інфармацыю на польскай і расійсскай мове, на сайце прадстаўніцтва Польшчы ёсць некаторая інфармацыя на беларускай мове.

3.Ізраіль
“Любая ізраільская віза каштуе для беларускіх грамадзян каля 24 даляраў. Пасля ўвядзення Еўрасаюзам санкцый супраць беларускіх уладаў у нас адносна кошту візаў нічога не змянілася – бо Ізраіль санкцый не ўводзіў”, – паведамілі ў ізраільскім пасольстве.
Ніякіх праблемаў з разуменнем беларускай мовы ў супрацоўнікаў прадстаўніцтва Ізраіля не паўстала.

4.Вялікабрытанія
Па словах супрацоўнікаў амбасады Вялікабрытаніі, увядзенне ЕС абмежаванняў у дачыненні да афіцыйнага Мінску на паўплывала на памер консульскага збору для выдачы беларускім грамадзянам візаў.
Аднаразовая, двухразовая або шматразовая брытанская віза на тэрмін да шасці месяцаў з мэтай візіту каштуе 112 даляраў. Доўгатэрміновая на 1-2 гады – 392 даляры, тэрмінам дзеяння да пяці гадоў – 720 даляраў, а да дзесяці гадоў – 1,04 тыс. даляраў. Студэнцкая віза на паўгады каштуе 112 даляраў, столькі ж – студэнцкая віза на 11 месяцаў з мэтай вывучэння ангельскай мовы. Што тычыцца транзітнай брытанскай візы, то консульскі збор за яе афармленне складае 75 даляраў.
Сайт прадстаўніцтва Злучанага Каралеўства мае ангельскую і беларускую версіі, аднак інфармацыя на аўтаадказчыку запісаная па-ангельску і па-расійску.

5.Францыя
Кароткатэрміновая французская віза каштуе 60 еўра, для дзяцей ад шасці да дванаццаці гадоў – 35 еўра, дзецям меншым за шэсць гадоў выдаецца бясплатна. Консульскі збор пры афармленні нацыянальнай доўгатэрміновай візы складае 99 еўра.
“У шэрагу выпадкаў – напрыклад, на нейкія культурныя праграмы, візы выдаюцца бясплатна. Што тычыцца ўезду ў Шэнгенскую прастору з нацыянальнай французскай візай ці шэнгенскай, выдадзенай Францыяй праз іншыя краіны, то звычайна на мяжы гэтых дзяржаў прапускаюць асобаў з такімі візамі, для транзіту французскай візы дастаткова – гэта дазволена візавым кодэксам. Бо не ўсе, скажам, студэнты могуць дазволіць сабе купіць квіток на самалёт, а часта дабіраюцца аўтобусам – з Беларусі ў Францыю ім у любым выпадку прыйдзецца ехаць праз Польшчу. Але ўсё-ткі мы рэкамендуем уязджаць праз краіны, якія выдалі візу, каб пазбегнуць магчымых цяжкасцяў на мяжы”, – патлумачыла памочніца консула Францыі.
Аднак яна не змагла патлумачыць, ці плануецца зніжэнне альбо адмена консульскага збору пры адкрыцці якіх-небудзь французскіх візаў для беларускіх грамадзян у сувязі з увядзеннем Еўрасаюзам санкцыяў супраць Беларусі. “На жаль, я не ўпаўнаважаная адказваць на падобныя пытанні. Гэта можа сказаць толькі прэс-аташэ, якая цяпер у адпачынку”, – дадала памочніца консула.
Сайт амбасады складаецца з французскай і расіскай версіяў, прычым спасылкай на апошнюю служыць малюнак афіцыйнага беларускага сцяга. Што тычыцца саміх супрацоўнікаў прадстаўніцтва Францыі, то яны не толькі разумеюць па-беларуску, але і гавораць.

6.Чэхія
Як заявілі ў чэшскай амбасадзе, консульскі збор для выдачы любога тыпу візы складае 60 еўра. Ці плануецца яго зніжэнне або адмена для якіх-небудзь візаў па прыкладзе Польшчы, консул удакладніць адмовіўся. Аднак ён выдатна разумее па-беларуску. Сайт прадстаўніцтва ўключае ў сябе чэшскую, расійскую і беларускую версіі.

7.ААЭ
Кароткатэрміновая віза ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты тэрмінам дзеяння на адзін месяц каштуе 500 тыс. рублёў (166 даляраў), доўгатэрміновая на тры месяцы – 1 млн. рублёў, віза шматразовага ўезду максімальным тэрмінам дзеяння ў шэсць месяцаў – 2 млн. рублёў. Консульскі збор для беларускіх грамадзян аплочваецца толькі ў рублях. Пры транзіце праз ААЭ выдаецца 96-гадзінная транзітная віза, якая афармляецца па прыбыцці ў краіну.
Дакладны памер збору за яе афармленне ў консульскім аддзеле прадстаўніцтва ААЭ не назвалі, патлумачыўшы, што ён можа быць розным і залежыць ад білета на самалёт. Акрамя таго, гэтыя сродкі паступаюць не ў амбасаду.
Магчымасць зніжэння альбо адмены збору пры афармленні віз для беларускіх грамадзян па прыкладзе некаторых краін ЕС у консульскім аддзеле не каментуюць.
Сайт прадстаўніцтва Арабскіх Эміратаў мае расійскую, ангельскую і арабскую версіі. Супрацоўнікі амбасады разумеюць па-беларуску, нягледзячы на тое, што прадстаўнік консульскага аддзелу гаварыў на ламанай расійскай.

8.Швецыя
Швецыя, як і іншыя краіны-ўдзельніцы шэнгенскай дамовы, выдае шэнгенскія візы тэрмінам дзеяння да 90 дзён на працягу паўгода і нацыянальныя візы катэгорыі D. Візавы збор складае 60 еўра, для дзяцей ад 6 да 12 гадоў – 35 еўра, дзеці да шасці гадоў ад аплаты збору вызваляюцца. Сайт шведскага пасольства ўключае ў сябе паўнавартасную беларускую і шведскую версіі. Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан з’яўляецца адзіным кіраўніком замежнага дыпведамства ў Беларусі, які свабодна валодае беларускай мовай.

9.Італія
Консульскі збор пры афармленні ўсіх шэнгенскіх візаў у пасольстве Італіі складае 60 еўра, групавых віз тыпаў A, B і C – 60 + 1 еўра з персоны. Што тычыцца збору за нацыянальныя візы для доўгатэрміновага знаходжання D, то ён роўны 75 еўра. Ад выплаты збору вызваляюцца студэнты (у мэтах каротка- і доўгатэрміновага знаходжання), дзеці ва ўзросце да шасці гадоў (для кароткачасовага знаходжання), даследчыкі і некаторыя іншыя грамадзяне.
Сайт пасольства ўключае ў сябе італьянскую і расійскую версіі, прычым у апошняй інфармацыя часта ўказваецца на ангельскай мове (напрыклад, аб візах).

10.США
Консульскі збор, або плата за зварот па аднаразовую гасцявую або турыстычную візу роўны 140 далярам, у выпадку звароту па рабочую візу – 150 далярам. Да гэтай сумы неабходна даплаціць яшчэ 100 даляраў, калі запыт на шматразовую візу для беларускіх грамадзян. Згодна амерыканскаму візавым заканадаўству, урад ЗША выстаўляе такую ж цану за візу для грамадзян Беларусі, якую амерыканскі грамадзянін выплаціў бы беларускім уладам за аналагічную візу.
Максімальны тэрмін дзеяння візы для беларускіх грамадзян складае адзін год. “Адрозненне амерыканскай візы, напрыклад, ад шэнгенскай ў тым, што тэрмін яе дзеяння не роўны тэрміну дазволенага знаходжання ў дзяржаве. Амерыканская віза з’яўляецца не дазволам на ўезд, а дазволам на зварот па дазвол на ўезд. У тэрмін дзеяння візы чалавек, які атрымаў яе, можа прыбыць у ЗША, і ўжо па прыбыцці супрацоўнікі дэпартаменту ўнутранай бяспекі вызначаюць, які час той, хто прыехаў, можа знаходзіцца ў краіне. Максімальны тэрмін – гэта паўгады”, – растлумачылі ў прадстаўніцтве ЗША.
Магчымае зніжэнне або адмену консульскага збору за афармленне віз грамадзянам Беларусі па прыкладу краін Еўрасаюза ў консульскім аддзеле амбасады не каментуюць. “Такой інфармацыі сярод прэс-рэлізаў ў нас на сайце няма”, – сказалі там.
У студзені ЗША ўзмацнілі жорсткасць умовы выдачы віз для грамадзян Беларусі, якія маюць намер адправіцца на працу і вучобу па праграме “Праца і адпачынак у ЗША”. Жадаючым паўдзельнічаць у праграме, перш, чым звяртацца па візу, неабходна будзе знайсці канкрэтнае месца будучай працы на тэрыторыі ЗША, а не па прыбыцці ў краіну, як раней. Аднак, па словах супрацоўніцы амбасады, “умовы выдачы віз не змяніліся”.
“Мы і раней прасілі удзельнікаў праграмы падаваць дакументы, якія пацвярджаюць тое, што ў іх ёсць канкрэтнае месца працы ў ЗША, проста гэта не было абавязковым. Зараз, напэўна, вырашылі, што гэта добра – і зрабілі такую ўмову абавязковай”, – сказала яна.
Сайт амерыканскага прадстаўніцтва прадстаўлены беларускай і ангельскай версіямі, на беларускай часта інфармацыя падаецца па-расійску. Аўтаадказчык можна пачуць па-ангельску і па-беларуску, супрацоўнікі амбасады разумеюць беларускую мову, некаторыя з іх на ёй гавораць.

11.Латвія
Латвія адмяніла консульскі збор за афармленне нацыянальнай доўгатэрміновай візы для беларускіх грамадзян з 24 студзеня. Такая віза афармляецца для ўезду ў Латвію з мэтай атрымання віду на жыхарства, для працы, навучання, уз’яднання з сям’ёй і г. д. Разам з тым механізм выдачы і кошт шэнгенскай візы, аднаразовай і шматразовай, засталіся ранейшымі.
“Консульскі збор пры афармленні гэтых візаў складае 60 еўра. Ёсць нейкія палёгкі, але я не змагу пракансультаваць Вас па гэтым і іншых пытаннях, гэта скажуць толькі ў консульскім аддзеле”, – сказала супрацоўніца амбасады. Яна не разумее па-беларуску, нават слова “дзякуй”. Сайт прадстаўніцтва Латвіі мае латвійскую, ангельскую і беларускую версіі, на апошняй інфармацыя часта прыводзіцца на расійскай мове. Аўтаадказчык амбасады гаворыць па-латвійскі і па-расійску.
У консульскі аддзел пасольства карэспандэнту Тэлеграфа датэлефанавацца за два дні не ўдалося.

12.Эстонія
Эстонія выдае беларускім грамадзянам шэнгенскія транзітныя візы А (праз аэрапорт) і В (іншыя), а таксама шэнгенскія кароткатэрміновыя візы С. Дзяржпошліна пры хадайніцтве аб іх складае 60 еўра, ад яе выплаты вызваляюцца непаўналетнія да шасці гадоў. Дзяржпошліна ж за доўгатэрміновую нацыянальную візу D складае 80 еўра (акрамя дзяцей да шасці гадоў), аднак з 1 сакавіка эстонскі ўрад пастанавіла адмяніць яе для беларусаў.
Сайт прадстаўніцтва ўключае ў сябе эстонскую, ангельскую і расійскую версіі. У самім пасольстве па-беларуску не разумеюць, а аўтаадказчык паведамляе інфармацыю па-эстонску і па-ўкраінску. Апошняга ў амбасадзе растлумачыць не змаглі. “Гэтага не можа быць”, – сказалі там.

13.Літва
Літоўскае пасольства выдае аднаразовыя, двухразовыя і шматразовыя кароткатэрміновыя шэнгенскія візы, апошняя дае права знаходзіцца на тэрыторыі Шэнгенскай прасторы не больш за 90 дзён на працягу шасці месяцаў. Таксама можна атрымаць шматразовую доўгатэрміновую нацыянальную візу D Літоўскай Рэспублікі.
Аднаразовая кароткатэрміновая транзітная віза прадугледжвае аднабаковае перасячэнне тэрыторыі Літвы, двухразовая кароткатэрміновая – туды і назад. Шматразовая кароткатэрміновая шэнгенская віза для транзіту выдаецца пры наяўнасці ў пашпарце заяўніка шматразовай візы трэцяй краіны, у якую ён едзе праз Літоўскую рэспубліку.
Консульскі збор пры афармленні ў літоўскай амбасадзе любой візы складае 60 еўра. Ён не спаганяецца з дзяцей да 12 гадоў; школьнікаў, студэнтаў і суправаджаючых іх выкладчыкаў для паездак у адукацыйных мэтах; асобаў, мэтай паездкі якіх з’яўляецца наведванне цяжкахворага блізкага сваяка або ўдзел у яго пахаванні.
Улады Літвы заяўлялі аб тым, што маюць намер дамагацца для беларускіх грамадзян бясплатных літоўскіх нацыянальных віз або зніжэння коштаў на іх. Аднак у прыёмнай амбасадара адмовіліся паведаміць аб тым, як развіваецца сітуацыя ў дадзены момант. “Па гэтым пытанні звяртайцеся ў консульскі аддзел”, – сказалі там. Датэлефанавацца ж у консульскі аддзел не ўдалося на працягу трох дзён.
Вядома, што Літва не можа ў аднабаковым парадку прыняць такое рашэнне, паколькі, згодна з дзейным законам аб спагнанні консульскіх збораў, для гэтага неабходна двухбаковае пагадненне.
Сайт літоўскага прадстаўніцтва складаецца з літоўскай, расійскай і беларускай версій. Аўтаадказчык дае інфармацыю на літоўскай і расійскай мовах. У амбасадзе разумеюць па-беларуску.

14.Балгарыя
Балгарскае пасольства выдае транзітныя візы А (праз аэрапорт) і В (іншыя), а таксама кароткатэрміновыя С. Консульскі збор пры іх афармленні складае 60 еўра, візы можна атрымаць на працягу сямі дзён. Пры тэрміновым афармленні візы (за тры дні) збор складае 120 еўра.
Пры афармленні доўгатэрміновай візы D тэрмінам дзеяння ў шэсць месяцаў, якая дае права на знаходжанне ў краіне да 180 дзён, консульскі збор роўны 100 еўра. Пры афармленні доўгатэрміновай візы тэрмінам на адзін год, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы да 360 дзён, – 200 еўра. Апошняя выдаецца даследчыкам, студэнтам, стажорам, а таксама асобам, якія збіраюцца працаваць у Балгарыі. Ад выплаты збору вызваляюцца дзеці да шасці гадоў (якія, напрыклад, едуць разам з бацькамі), віза афармляецца на працягу 30 дзён.
Сайт і аўтаадказчык прадстаўніцтва Балгарыі мае балгарскую і расійскую версіі.

15.Турцыя
Як растлумачылі ў турэцкім прадстаўніцтве, для грамадзян Беларусі існуюць два віды віз: шматразовая двухмесяцовая, якая афармляецца па прылёце ў краіну, і аднаразовая на адзін месяц, якую выдаюць у амбасадзе.
“Для афармлення візы на мяжы неабходна прадставіць квіткі туды і назад, а таксама па 50 даляраў на кожны дзень знаходжання. Сама віза каштуе 20 даляраў. У амбасадзе мы выдаем візы, якія каштуюць 90 даляраў, па прылёце таксама спатрэбіцца прад’яўляць квіткі і грошы на пражыванне”, – сказалі ў консульскім аддзеле.
На пытанне, каму выгадна звяртацца па візу ў амбасаду, калі за яе давядзецца заплаціць у 4,5 разоў больш, супрацоўнік консульскага аддзелу адказаў так: “Вось таму беларускія грамадзяне да нас і не звяртаюцца – яны афармляюць візы на месцы, і з гэтым няма ніякіх праблем!” Прадстаўнік амбасады добра гаворыць па-расійску, але па-беларуску разумее не ўсё.

16.Румынія
Па дадзеных сайта 017.by, памер консульскага збору пры афармленні румынскай аднаразовай турыстычнай візы складае 15 даляраў (групавой – 10 даляраў), транзітнай турыстычнай візы – 40 даляраў (групавой – 35 даляраў).
Акрамя таго, у шэраг краін беларускія грамадзяне могуць уязджаць без візаў. Гэта:
1.Азербайджан 2.Арменія 3.Венесуэла 4.Казахстан 5.Кыргызстан 6.Таджыкістан 7.Расія 8.Кітай 9.Куба 10.Сербія 11.Чарнагорыя 12.Грузія 13.Малдова 14.Узбекістан 15.Украіна 16.Гандурас 17.Македонія 18.Малайзія 19.Манголія 20.Нікарагуа 21.Перу 23.Эквадор
І некаторыя іншыя дзяржавы.

Тэлеграф