Skip to main content
“Белавія” абяцае знізіць кошт квіткоў пасля спрашчэння візавага рэжыму
лют 13

“Белавія” абяцае знізіць кошт квіткоў пасля спрашчэння візавага рэжыму

 

Кіраўніцтва кампаніі “Белавія” спадзяецца запоўніць свае паўпустыя самалёты турыстамі, якія любяць падарожнічаць, у сувязі з чым плануе знізіць кошт авіябілетаў пасля спрашчэння візавага рэжыму краін ЕС з Мінскам. Пра гэта распавёў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Ігар Чаргінец. “Са спрашчэннем візавага рэжыму паток пасажыраў павялічыцца ў некалькі разоў”, – лічыць ён.
“Чаму ў Літве патаннелі авіяпералёты? Таму што пасля ўступлення ў Еўрасаюз колькасць турыстаў павялічылася ўтрая. А ў нас праблема ў тым, што насельніцтва не так шмат, як, скажам, ва Украіне, а яшчэ і візы дарагія, каб дазволіць сабе часта падарожнічаць, таму самалёты паўпустыя, а страты трэба аплочваць”, – цытуе Ігара Чаргінца тэлеканал Белсат.
Сёння беларускія турфірмы часцей за ўсё прапаноўваюць сваім кліентам пералёты з Масквы ці Кіева. Як паведамілі ў кампаніі “Авестарс”, эканомія ў такім выпадку часам складае нават каля 200 даляраў. “Таксама добры варыянт – Коўна (Каўнас). Калі замовіць білет загадзя (за два месяцы), то да Берліну, напрыклад, ён можа каштаваць усяго 15 еўра”.
У той жа час кошт авіябілетаў з Мінску – мінімум 150 еўра. Але пералёты з Літвы могуць дазволіць толькі людзі, якія маюць візу. Зараз, калі літоўскі бок спрасціў працэдуру яе атрымання, кіраўніцтва “Белавіі” спадзяецца больш актыўна супрацоўнічаць з еўрапейскімі авіякампаніямі.