Віталь Цыганкоў
Чаму так складана прасоўваецца пытанне спрошчанага атрымання шэнгенскіх візаў для беларусаў? Хто вінаваты ў тым, што дагэтуль не пачаўся перамоўны працэс на гэтую тэму — Мінск альбо Брусель? Чаму ў некаторых еўрапейскіх краінах лепш нават не ставіць пытанне абспрашэнні візавага рэжыму? На гэта з Бруселю адказвае дырэктарка няўрадавай арганізацыі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская.
Цыганкоў: Чаму нягледзячы на яркія заявы і намеры еўрапейскіх палітыкаў надаваць больш увагі адносінам з беларускім грамадствам, візавае пытаньне ня вельмі рухаецца з месца? Ці абмяжуюцца еўрапейцы скасаваннем платы за нацыянальныя візы (што ўжо зрабілі некаторыя дзяржавы)? Чаму не пачынаецца перамоўны працэс аб спрашчэнні выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў?
Стужынская: Сапраўды, еўрапейскія інстытуцыі і некаторыя краіны выказаліся за спрашчэнне візавага рэжыму для Беларусі. Але, па-першае, не ўсе 27 краінаў, а для такога рашэння патрэбны кансэнсус.
Па-другое, прысутнічаюць чыста тэхнічныя моманты. Дзеля пачатку перамоваў з Беларуссю пра візавую фасілітацыю (аблягчэнне) і дамову аб рэадмісіі Рада Еўрасаюзу павінна выдаць мандат на пачатак такіх перамоваў. Еўракамісія падала свае прапановы яшчэ некалькі месяцаў таму і чакае рашэння ад Рады Еўрасаюзу.
Вядома, пасля 19 снежня сітуацыя змянілася. На жаль, я павінна сказаць, што не на карысць Беларусі. Я мяркую, што на сёння самым лепшым выйсцем будзе звяртацца да асобных краінаў і прасіць іх знізіць альбо зняць кошт нацыянальных візаў. Бо на ўзроўні цэлага Еўрасаюзу на сёння вырашыць гэтае пытанне цяжка.
На ўзроўні цэлага Еўрасаюзу на сёння вырашыць гэтае пытанне цяжка.
Цыганкоў: Афіцыйны Мінск увесь час заяўляе, што ён гатовы ісці на такія перамовы. На вашую думку, гэта толькі дыпламатычныя заявы, а на самой справе такога моцнага жадання ў Мінску няма? Ці проста еўрапейцы не хочуць сёння весці размовы з беларускім кіраўніцтвам?
Стужынская: Па-першае, я сапраўды не ўпэўненая на сто працэнтаў, што беларускі бок шчыра зацікаўлены весьці такія перамовы. Я не ўпэўненая, што беларуская дзяржава хоча, каб грамадзяне больш ездзілі, бачылі, атрымлівалі больш інфармацыі, замежнай адукацыі і гэтак далей.
Па-другое, для Еўрасаюзу прычына нумар адзін — гэта ўнутраная палітычная сітуацыя ў многіх краінах ЕС. Напрыклад, у Галандыі падняць сёння пытанне спрашчэння візавага рэжыму для каго-небудзь (не толькі для беларусаў) — азначае палітычную смерць. З-за праблем з міграцыяй, эканамічным крызісам і гэтак далей.