Skip to main content
Пачынаем вандраваць аўтаспынам
ліп 27

Пачынаем вандраваць аўтаспынам

Вырашылі вандраваць аўтаспынам, але нічога пра гэта не ведаеце? Не бяда! Вось некалькі карысных парадаў ад дасведчаных аўтаспыншчыкаў.

 Чаму гэта крута?

  • Гэта абсалютна бескаштоўна.
  • Вы развіваеце і ўдасканальваеце свае камунікатыўныя навыкі на практыцы.
  • Новыя месцы, людзі, падзеі. Рамантыка, карацей!

І гэта далёка не ўсе пазітыўныя моманты. Вы самі зможаце працягнуць гэты спіс.

Куды паехаць?

Калі ў вас ужо ёсць віза, то першае сваё аўтаспын-падарожжа можна ажыццявіць у суседнія Польшчу, Літву ці Латвію. Гэта даволі блізка, але адчуць усе радасці і цяжкасці аўтаспыну паспееце дакладна. Пракладзіце сабе маршрут, знайдзіце праз Інтэрнэт месцы, якія хацелі б наведаць у той ці іншай краіне, і — наперад. Але найперш дачытайце да канца гэтыя парады.

Таксама ў сацсеткае хапае суполак, праз якія можна знайсці тых, хто шукае сабе спадарожнікаў. Гэта таксама варыянт, калі не ведаеце, з кім і куды паехаць.

Што ўзяць з сабой?

  • Падключыце роумінг на сваім тэлефоне. Пра роўмінг-паслугі можна даведацца ад вашага аператара. Гэта важна для сувязі са сваякамі і сябрамі.
  • Тэлефон з навігатарам. Калі такой раскошы няма, то трэба проста набуць мапы аўтадарог тых краін, якія збіраецеся наведаць. Мапу Беларусі набыць таксама варта.
  • Цёплыя рэчы і абутак. Спадзявацца трэба на лепшае, але ёсць магчымасць гадзінамі стаяць на дарозе і не злавіць аніводнай машыны.
  • Сонечныя акуляры і капялюш. Бяз іх у спёку стаяць небяспечна.
  • Светаадбітныя элементы, калі давядзецца спыняць уначы. Таксама, каб вас лепш было бачна, можна апрануць белую кашулю.
  • Таблічкі. Таблічкі — гэта такія картонныя штукі, на якіх надрукаваныя/напісаныя назвы гарадоў ці месцаў, куды вы хацелі б патрапіць. Можна выкарыстоўваць таксама сімвалы, зразумелыя кіроўцам (аўтазапраўка, кемпінг). Можна таблічкі надрукаваць, калі вы дакладна ведаеце, праз якія пункты будзеце ехаць. Можна таблічкі напісаць. Для гэтага патрэбны чорны маркер (лепш некалькі) і картон. Картон можна ўзяць з сабой, калі ёсць месца ў заплечніку, а можна спытаць у якой-небудзь краме (там заўсёды шмат картонных скрыняў), ці пашукаць на сметніку. Пісаць, зразумела, трэба вялікімі тлустымі літарамі, каб кіроўцу было бачна здалёк.
  • Пазітыўны настрой. Гэта самы галоўны атрыбут аўтаспыншчыка. Калі ў вас дрэнны настрой, то лепш адкласці падарожжа. Бо можна папсаваць яго яшчэ больш сабе і астатнім.

Колькі чалавек?

Аптымальны варыянт — ехаць удвух. Месца ў машынах для дваіх звычайна ёсць, а вось на траіх не заўсёды. Калі вы хочаце вандраваць вялікай кампаніяй, то можна разбіцца на пары і дамаўляцца наконт месцаў сустрэчы загадзя, ці па тэлефоне. Аднаму ехаць таксама добра, але часам сумна і страшна.

Дзе стаяць?

Па-першае, шукайце месца, дзе кіроўцу будзе зручна спыніцца. І не перашкаджайце руху, памятайце пра бяспеку. Калі вы станеце ў месцы, дзе няма ўзбочыны, то хутчэй за ўсё будзе менш ахвотных падабраць стомленага падарожніка (то бок вас).

Па-другое, стойце там, дзе вас будзе бачна здалёк, у канцы спуску ці пад’ёму. Не хавайцеся за пагоркам, бо калі вас і захочуць узяць, то могуць проста не паспець спыніцца.

Аптымальнае месца — на выездзе з аўтазапраўкі ці пляцоўкі адпачынку.

Не мяняйце колькасць на якасць. Лепш выйсці троху раней, але ў больш зручным месцы.

Часам выехаць з гораду бывае складана (дарогі без узбочын з інтэнсіўным рухам, масты), таму не грэбуйце прапановамі падвезці вас на некалькі кіламетраў на больш зручнае месца, ці перавезці праз мост.

Як пераехаць мяжу?

Даведайцеся дакладна, ці можна мяжу з краінай, куды вы збіраецеся, перайсці пешкі. Калі так, то не прыйдзецца выстойваць часам вялізную аўтамабільную чаргу. Проста пераходзіце мяжу, а пасля становіцеся галасаваць далей.

Як размаўляць з кіроўцамі?

Ну тут вы ўжо можаце даць волю фантазіі. Нават калі кіроўца зусім хмуры, усё роўна можна паспрабаваць яго разгаварыць. Не ўсе людзі заводзяцца з паўпаварота. Ёсць толькі адна прычына не размаўляць: калі вам кажуць пра гэта прамым тэкстам, ці даволі празрыста намякаюць (напрыклад, робяць радыё гучней). То бок не назаляйце кіроўцу, але й не сядзіце хмурна — часта кіроўцы падбіраць аўтаспыншчыкаў, каб ім самім весялей ехалася.

Цяжкасці

  • Аўтаспын можа быць небяспечным. Для таго, каб супакоіцца, можна набыць газавы балончык. Не факт, што вы ім скарыстаецеся, але адчуваць сябе будзеце больш упэўнена.
  • Няведанне мовы можа таксама напружваць, але на дапамогу заўсёды прыйдзе базавая ангельская, мова жэстаў і ваша кемлівасць.
  • Дакладны час падарожжа вы разлічыць не зможаце. Заўсёды майце запас часу на ўсялякі выпадак.
  • Калі доўга не атрымліваецца злавіць машыну, перайдзіце на іншае месца, усміхніцеся, падумайце пра што-небудзь добрае і паспрабуйце ізноў. З уласнага досведу 90 адсоткаў гарантыі, што гэта спрацуе.

Аўтаспын — цудоўная прыгода, якая дазваляе раскрыць схаваныя таленты. Таму, з добрымі думкамі і пазітыўным настроем, можна накіроўвацца насустрач нечаканаму і загадкаваму. Шурпатай шашы ўсім!

Вольга Шылейка