Тэкст пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС гатовы да падпісання. Аб гэтым заявіў 9 снежня на брыфінгу ў прадстаўніцтве ЕС у Мінску намеснік кіраўніка дырэктара па пытаннях Еўропы і Сярэдняй Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд.
«Перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму праведзены добра. Фактычна магу сказаць, што тэкст гэтага дакумента гатовы да далейшага падпісання, як і пагадненне па рэадмісіі», — падкрэсліў Гунар Віганд.
Ён таксама ўдакладніў: «Абодва пагадненні гатовы да падпісання, але дыпламатычныя пашпарты павінны адпавядаць патрабаванням у сферы бяспекі. І гэта адзінае пытанне, якое абмяркоўваецца. Спадзяёмся, што яно хутка будзе вырашана».
Дэлегацыя Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS), генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні (DG NEAR) і генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па гандлі (DG Trade) наведвае Мінск з рабочым візітам 9-10 снежня. Дэлегацыю ўзначальваюць Гунар Віганд і Катарына Мацернава — намеснік генеральнага дырэктара Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні (DG NEAR). Дэлегацыя сустракаецца з прадстаўнікамі ўлады, кіраўнікамі місій краін ЕС і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, каб ацаніць стан адносін ЕС і Беларусі і абмеркаваць далейшыя крокі.
Праз зварот у МЗС Беларусі валанцёры грамадскай кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» таксама даведаліся: «У першай палове 2015 года Рэспубліка Беларусь і ЕС узгаднілі пакет дамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Аднак з-за ўзнікнення дадатковых тэхнічных патрабаванняў з боку некаторых краін ЕС на сённяшні дзень перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС працягваюцца. Падпісанне і ратыфікацыя дамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС адбудзецца пасля такого, калі бакі вырашаць усе спрэчныя пытанні, якія паўсталі ў працэсе перамоў. Канкрэтны тэрмін падпісання пакуль што немагчыма назваць», — адзначыў у сваім адказе Начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення І.В.Фісенка 7 снежня.
Аднак пры гэтым І.В.Фісенка падкрэсліў: «Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на пастаяннай аснове вядзе працу па спрашчэнні візавага рэжыму з рознымі краінамі свету. Рэспублікай Беларусь заключаны пагадненні аб адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў з больш чым 20 дзяржавамі. У блізкай будучыні плануецца унясенне зменаў у Візавыя правілы Рэспублікі Беларусь, якія будуць датычыцца некаторых аспектаў спрашчэння візавага рэжыму пры ўездзе замежнікаў у Рэспубліку Беларусь».
Па матэрыялах Novisa.by