Skip to main content
Перамовы па візах затрымліваюцца
Май 21

Перамовы па візах затрымліваюцца

Экспэртныя кансультацыі аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, якія плянавалася правесьці ў Менску ў другой палове траўня, пройдуць пазьней.

Тым часам віцэ-спікер Сейму Літвы Пятрас Аўштрявічус падтрымаў ідэю бязвізавага руху паміж Беларуссю і ЕС, узяўшы ўдзел у фотаакцыі кампаніі Без візы

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык:

«Цяпер мы знаходзімся ў працэсе ўдакладненьня з Эўракамісіяй гэтага дакладнага часу. Эўрапейская камісія не пасьпела сфармаваць сваю экспэртную дэлегацыю, якая магла б пачаць перамовы ў сярэдзіне траўня. Таму не выключаю, што гэтыя кансультацыі пачнуцца крышачку пазьней. Беларускі бок гатовы для працэдураў. У магчымым спазьненьні няма ніякіх палітычных матываў. Гэта чыста тэхнічныя моманты. І мы спадзяемся, што іх хутка ня стане».

Дамоўленасьць пра ўзаемныя кансультацыі была дасягнутая напрыканцы красавіка падчас паездкі ў Будапэшт намесьніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной. Там яна ўдзельнічала ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградзкай групы і «Ўсходняга партнэрства». Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць наведаць эўрапейскія краіны, знаходзяцца ў горшых умовах, чым суседзі з Расеі і Ўкраіны. Тыя за шэнгенскую візу плацяць 35 эўра, беларусы — 60.

Дарэчы, спрашчэньне візавых працэдур і транспамежная мабільнасьць — галоўныя тэмы круглага стала, які ладзіць 15–16 траўня ў Вене Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Афіцыйная беларуская дэлегацыя на ім выступіць «за неабходнасьць максымальнага спрашчэньня візавага рэжыму на прасторах арганізацыі, зыходзячы з таго, што краіны-чальцы ўжо заклалі ў базавых дакумэнтах АБСЭ аснову для дасягненьня гэтай мэты».

Радыё Свабода