У пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай з 1 кастрычніка часова спыняецца пешаходны рух. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі.
«Гэта рашэнне абумоўленае адсутнасцю ў беларускіх пунктах пропуску неабходнай інфраструктуры для пешаходнага руху: асобных пешаходных калідораў, асобных тэрміналаў мытнага і памежнага афармлення», — растлумачылі ў пагранічным ведамстве. Сённяшні стан пунктаў пропуску не можа забяспечыць неабходны ўзровень бяспекі пешаходаў, што пастаянна стварае складаныя ўмовы дарожнай абстаноўкі ў тых месцах, якія раней праектаваліся выключна як аўтадарожныя.
У камітэце дадалі, што гэтыя абставіны станавіліся шматлікімі падставамі для абгрунтаваных зваротаў і скаргаў грамадзян, у тым ліку замежных, а таксама крытычных публікацый у СМІ. Акрамя таго, неабсталяванасць пунктаў кантролю пры ўсё большай папулярнасці такога спосабу перасячэння граніцы рэгулярна правакавала стварэнне чэргаў нават з пешаходаў.
«Прымаючы пад увагу існуючыя праблемы бяспекі грамадзян, якія перасякаюць мяжу пешым парадкам, і аб’ектыўную немагчымасць абслугоўваць аб’ёмы пешаходнага руху, беларускі бок вымушаны часова спыніць пачаты ў 2013 годзе эксперымент да завяршэння Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі мерапрыемстваў па ўдасканаленні інфраструктуры пунктаў пропуску з улікам інтарэсаў пешаходнага руху», — адзначылі ў пагранслужбе.
У Дзяржпагранкамітэце просяць грамадзян з разуменнем паставіцца да часовых нязручнасцей і ўлічваць гэту інфармацыю пры выбары спосабу перасячэння дзяржаўнай граніцы.
Для даведкі
Пешаходны рух на мяжы Беларусі і ЕС ў аўтадарожных пунктах пропуску быў уведзены ў якасці эксперыменту ў 2013 году на папулярных для беларусаў кірунках — на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Такім чынам людзі маглі зэканоміць час і не стаяць у шматкіламятровых чэргах у пунктах аўтапропуску.
Па матэрыялах БЕЛТА