Skip to main content
Польшча ўводзіць біяметрычныя візы. Што зменіцца для беларусаў?
снеж 10

Польшча ўводзіць біяметрычныя візы. Што зменіцца для беларусаў?

Журналіст «Еўрарадыё» паразмаўляў з экспертам рынка турыстычных паслуг і даведаўся, што для турфірм надыходзяць складаныя часы  яны ўжо пераглядаюць маршруты.

«Калі мы вас да 29 студзеня зарэгіструем, то будзе без адбіткаў пальцаў. Калі пазней, то падыдзеце, здадзіце. У вас жа ўсё адно будзе асабістая падача дакументаў. Палякі для шматразовай візы просяць асабістую падачу, так што, нічога не зменіцца»,  расказваюць ў фірме «Стэлла віа», праз якую «спрабую»зрабіць сабе гадавы польскі шэнген «на закупы».

У канторы мяне запэўніваюць, што можна не спяшацца з падачай  для тых, хто робіць сабе гадавыя візы на паездкі ў беластоцкі «Ашан» і варшаўскую «Ікею», перамены будуць мінімальнымі.

Іншая справа  аднаразавыя турыстычныя візы на паездкі ў Кракаў, Вялічку і Закапанэ. Пакуль для іх атрымання асабістая прысутнасць не патрэбная. Дастаткова купіць тур у аператара, пакінуць яму пашпарт з фатаздымкам і ўсё  запаўненне анкеты і паход у консульства застаецца на плячах супрацоўнікаў турфірмы. Але пасля 29 студзеня лавачка зачыняецца.

Павінна зачыніцца. Але ў турфірме «Бліс», дзе я спрабую замовіць тыднёвую паездку ў Закапанэ, мяне абнадзейваюць: стаяць у чэргах ля консульства мне не давядзецца. Для паездак у Польшчу гэтая турфірма робіць беларусам літоўскія візы.

«Візу мы самі адкрываем. У нас ёсць візавая падтрымка  70 еўра з чалавека. Глядзіце, мы першапачаткова спрабуем зарэгістраваць людзей у польскай амбасадзе, але гэта вельмі складана зрабіць. Шмат праблем. Таму рэгіструем у літоўскай і нашым турыстам адкрываем літоўскія візы»,  расказвае супрацоўніца.

На мяжы праблем таксама не ўзнікае, бо вязуць турыстаў на аўтобусе праз беларуска-літоўскую мяжу ў Друскеніках. На радзіму вяртаюць такім жа чынам. Усёціп-топ. Адно, што замест Польшчы прыбыткі ад выдачы візаў атрымлівае Літва, але што да гэтага беларусам.

Рэдактар выдання «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік кажа, што ўвядзенне шэрагам краін ЕС біяметрычных віз будзе праблемай для беларускіх тураператараў. У першую чаргу, тым, што значна запаволіцца працэс выдачы віз.

«Безумоўна, гэта паўплывае на працу тураператараў. І не толькі на польскім накірунку, але і на іншых, хто таксама ўводзіць біяметрычныя візы. Мы ведаем, што турагенты, так бы мовіць, псіхалагічна рыхтуюцца да перамен. Ужо відавочна, што запаволіцца працэс атрымання віз»,  гаворыць Лілія Кобзік.

На яе думку, праблему не дапамогуць вырашыць нават візавыя цэнтры, якія збіраецца ствараць у Беларусі польская амбасада. Эксперт прыводзіць прыклад іспанскага візавага цэнтра, з якім беларускія турфірмы так і не змаглі наладзіць працу  працягваюць вазіць беларускія пашпарты ў Маскву.

Акрамя гэтага, увядзенне біяметрычных віз ужо змяняе накірункі працы тураператараў з Беларусі, расказвае Кобзік.

«Напрыклад, фірмы, якія займаюцца Грэцыяй, таксама баяцца гэтай біяметрыі. Яны цяпер гатовыя перагледзець свае праграмы, нешта падцягнуць, ад нечага адмовіцца. Пераводзяць турыстаў з Грэцыі на Балгарыю, дзе пакуль біяметрыя не прадбачыцца».

Рэдактар «Турызму і адпачынку» таксама распавядае, што супрацоўніцтва турфірм з польскімі консульствамі не складваецца ўжо даўно. Таму атрыманне літоўскіх віз для паездак у Кракаў  звычайная справа. Увод Польшчай біяметрычных віз для беларусаў толькі замацуе гэтую з’яву.

Калі Польшча ўводзіць біяметрычныя візы для беларусаў і як гэта будзе выглядаць.

Калі: З 29 студзеня падача дакументаў абсалютна на ўсе польскія візы будзе адбывацца толькі асабіста. Але толькі раз на 5 гадоў.

Як: Уводзіцца працэдура здачы адбіткаў пальцаў. Яна будзе праходзіць у памяшканні консульства з выкарыстаннем электроннага сканера. Пэцкаць пальцы ў атраманце і пакідаць адбіткі на паперы не спатрэбіцца.

Для каго: Для ўсіх, старэйшых за 12 гадоў. У дзяцей адбіткі браць не будуць.

Аўтар: Алесь Пілецкі