У межах міжнароднай кампаніі «Без Візы!» больш за дваццаць грамадскіх арганізацый і ініцыятыў з Беларусі і ЕС заклікалі кіраўніцтва краіны ў аднабаковым парадку спрасціць візавы рэжым для замежных грамадзян, альбо зусім адмовіцца ад яго, а таксама адмяніць працэдуру рэгістрацыі замежных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, парадак набыцця візы, які існуе зараз, як для беларускіх грамадзян для падарожжа за мяжу, так і для замежных грамадзян для ўезду ў Беларусь, звязаны з істотнымі фінансавымі, часовымі і маральнымі выдаткамі і «не адпавядае інтарэсам ні воднага з бакоў». Падпісанты звароту перакананы ў тым, што «спрашчэнне і поўнае скасаванне візавага рэжыму ў адносінах да грамадзян замежных дзяржаў будзе мець пазітыўны эфект і на развіццё міждзяржаўных адносін, а больш за тое – дасць штуршок да спрашчэння і поўнай адмены візавага рэжыму, у прыватнасці, паміж Беларуссю і зонай Шэнгенскага пагаднення».
Адначасова ўдзельнікі кааліцыі заклікалі ўлады Беларусі прыкласці ўсе намаганні дзеля пачатку перамоў з Еўрапейскай камісіяй аб падпісанні Дамовы аб рэадмісіі і Дамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, і запэўнілі, што са свайго боку “будуць імкнуцца да распаўсюджвання ідэі бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі з дапамогай кантактаў з партнёрамі і ўрадавымі структурамі ў краінах Еўрапейскага Саюза”.